Валянцін Стэфановіч: “З трыбуны ААН гучалі імёны беларускіх палітвязьняў”

4 чэрвеня на 23-й Сесіі Рады па правах чалавека ААН у Жэневе абмяркоўваўся даклад спецыяльнага дакладчыка ААН па сітуацыі ў Беларусі Мілаша Харашці. Мы папрасілі падзяліцца ўражаннямі намесьніка старшыні Праваабарончага цэнтру “Вясна” Валянціна Стэфановіча, які браў непасрэдны ўдзел у гэтым абмеркаванні.
– Я прысутнічаў на паседжаннях структураў ААН ужо не першы раз. Звычайна, калі пачынаецца абмеркаванне справаздачаў па беларускай сітуацыі, усе ўдзельнікі падзяляюцца на дзьве часткі. “Сябры Беларусі” кажуць, што даклад заснаваны на непраўдзівых зьвестках, што сітуацыя з правамі чалавека нармальная, што Еўразьвяз спрабуе навязаць іншым сваю ўласную мадэль разьвіцця дэмакратыі. Краіны ж Еўрасаюзу, а таксама ЗША, выказваюць іншае меркаванне: што даклад утрымлівае праўдзівую інфармацыю, што правы чалавека ў Беларусі парушаюцца. Прадстаўнікі гэтых краінаў патрабавалі вызваліць палітвязьняў, у часе выступаў называліся прозьвішчы і Бяляцкага, і Статкевіча, і іншых зьняволеных. Вельмі важная пазіцыя Расіі, але Расія мае на нашу сітуацыю своеасаблівы погляд: што ў Беларусі не адбываецца нічога крытычнага і ніякіх спецдакладчыкаў па нашай сітуацыі не трэба.

Некаторыя дэлегацыі не падтрымалі спецдакладчыка таму, што не ўсе краіны любяць спецыяльныя механізмы ААН. Хоць і прызнаюць, што з правамі чалавека ў Беларусі не ўсё добра. Напрыклад, Бразілія, якая зараз не выказала падтрымкі, галасавала супраць, але ў той жа час падтрымала сакавіцкую рэзалюцыю ААН, у якой гаворыцца пра фінансаванне няўрадавых арганізацый з-за мяжы. Бразілія лічыць, што найперш праваабарончыя арганізацыі маюць права на атрыманне дапамогі, але пры гэтым не падтрымлівае мандату сьпецдакладчыка. У той жа час іншыя краіны таго самага рэгіёну ставяцца да праблемы парушэнняў правоў чалавека ў нашай краіне з большым разуменнем. Прыкладам, Аргентына і Уругвай, якія сыходзяць з уласнага гістарычнага досьведу. Гэты досьвед вель сумны. Скажам, у Аргентыне адбываліся страшныя падзеі. Зараз там праходзяць судовыя працэсы супраць кіраўнікоў хунты, якая кіравала краінай з 1976 па 1983 гады. У той час тысячы людзей зьніклі бяз вестак, у сем’яў апазіцыянераў забралі сотні дзяцей… Праз шмат гадоў людзі запатрабавалі пакараць вінаватых. Адзін з дыктатараў атрымаў 25 гадоў турмы, іншы нядаўна памёр у турме, дзе адбываў пажыццёвае зьняволенне.

З афіцыйнай дэлегацыяй Беларусі мы не перасякаліся, хоць і бачыліся. Калі, канечне, не лічыць таго, што гэта дэлегацыя спрабавала пазбавіць мяне права голасу, права выступаць. У іх гэта не атрымалася, паколькі я быў зарэгістраваны і выступаў ад Міжнароднай арганізацыі за правы чалавека, а таксама ад “Вясны”, якая ў гэтую арганізацыю ўваходзіць. На жаль, калі даклад рыхтаваўся, беларускія ўлады не запрасілі спецдакладчыка ААН спадара Харашці ў нашу краіну, нягледзячы на яго просьбы. Афіцыйныя структуры Менску занялі прынцыповую, як ім падаецца, пазіцыю: не прызнаваць мандату сьпецдакладчыка ўвогуле.

Спадар Хвастоў (пастаянны прадстаўнік Беларуси пры аддзяленні ААН і іншых міжнародных арганізацыях у Жэневе – palitviazni.info) тлумачыў падчас свайго выступу гэтую пазіцыю ўладаў, прамаўляючы ад імя ўсяго беларускага народу, якому “спецыяльныя дакладчыкі непатрэбны”. Прадстаўнік уладаў казаў аб “правах беларусаў”, што мяне вельмі развесяліла як праваабаронцу. Бо не існуе ніякіх адмысловых правоў для беларусаў — ёсьць агульначалавечыя правы, гэта паняцце ўніверсальнае. Яно азначае, што роўныя правы мае кожны чалавек, незалежна ад яго нацыянальнасьці, грамадзянства, веравызнання альбо палітычных перакананняў. Але разумеюць гэтыя прынцыпы не ўсе.

Увогуле, на месцы афіцыйных асобаў я б папрасіў некаторыя краіны проста не выступаць. Бо тыя, што выступілі як “сябры Беларусі”, утварылі гэткі адыёзны пантэон. Адразу было бачна, што гэта за сябры, якое ў іх стаўленне да правоў чалавека. Выступілі Куба, Венесуэла… Не хапала толькі, каб узяла слова Паўночная Карэя. Красамоўней немагчыма.

Сам я ацэньваю даклад спадара Харашці як збалансаваны. Я не лічу, што ён мае выключна абвінаваўчы ўхіл – насамрэч у дакладзе былі адзначаны і станоўчыя моманты. Спецдакладчык не меў магчымасьці ўдакладніць дэталі непасрэдна ў беларускіх уладаў, якія яго цалкам праігнаравалі. Частка інфармацыі для даклада спадара Харашці была прадастаўленая “Вясной”. “Вясна” даўно і даволі актыўна супрацоўнічае з міжнароднымі праваабарончымі структурамі, у тым ліку і на ўзроўні ААН. Мы некалькі разоў сустракаліся з прадстаўнікамі розных краін, даносячы да іх наша бачанне сітуацыі. Многія краіны нас падтрымалі.

palitviazni.info

 

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Дзяніс Дзянісаў
  • Іван Крук
  • Арцём Дубскі
  • Аляксандар Зьдзьвіжкоў
  • Арцём Грыбкоў