Францкевіча пазбавілі спаткання з маці

Аляксандр Францкевіч пазбаўлены кароткатэрміновага спаткання з маці, якое было запланаванае на сярэдзіну студзеня.

Прычына, са слоў адміністрацыі калоніі, – знаходжанне палітвязня ў чужым атрадзе, што з’яўляецца парушэннем рэжыму адбыцця пакарання. Пра гэта паведаміла маці зняволенага актывіста Таццяна Францкевіч. Учора яна разам з адвакатам наведала сына ў Івацэвіцкай калоніі «Ваўчыныя норы», паведамляе «Радыё Рацыя».

Палітвязень толькі што выйшаў са штрафнога ізалятара, дзе другі раз за год прабыў 10 сутак за адмову выконваць зневажальныя загады адміністрацыі калоніі. Акрамя таго, са слоў Таццяны Францкевіч, у яе сына значна пагоршыўся стан здароўя. Бліжэйшым час яна збіраецца даслаць яму медыцынскую бандэроль.

У траўні мінулага года Аляксандр Францкевіч быў прысуджаны да трох гадоў пазбаўлення волі паводле «справы анархістаў». Яго абвінавацілі ў нападзе на шэраг дзяржаўных устаноў, а таксама ва ўзломе сайта Наваполацкага гарвыканкама. На судзе сваёй віны ён не прызнаў. Праваабаронцы прызналі Францкевіча палітычным зняволеным і патрабуюць яго неадкладнага вызвалення.

Іншыя палітычныя вязьні