Парфянкоў аспрэчвае адмову ва УДВ

Ад імя палітвязня пададзенае хадайніцтва аб змене рашэння, прынятага Камісіяй па прадстаўленні матэрыялаў па ўмоўна-датэрміновым вызваленні.

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, камісія, якая збіралася пры арыштным доме СІЗА № 6 г. Баранавічы, разгледзела гэтае пытанне 13 снежня. Камісія прыняла рашэнне адмовіць Парфянкову ва УДВ на падставе таго, што ён «не стаў на шлях выпраўлення», піша ПЦ «Вясна».

Вядома, што палітвязень атрымліваў спагнанні за нязначныя парушэнні. Васіль Парфянкоў не пагадзіўся з рашэннем Камісіі і вырашыў яго аспрэчваць.

Васіль Парфянкоў быў затрыманы ў Менску 4 студзеня 2011 года па падазрэнні ў дачыненні да «масавых беспарадкаў» 19 снежня 2010 года. 17 лютага 2011 года Фрунзенскі суд Менска прысудзіў яго да 4 гадоў калоніі строгага рэжыму. Адбываў пакаранне ў калоніі горада Орша. 11 жніўня 2011 года вызвалены.

29 траўня Васіль Парфянкоў быў асуджаны па артыкуле 421 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь суддзёй Першамайскага раёна Менска Сяргеем Бандарэнкай. Прэвентыўны нагляд тэрмінам на адзін год, у парушэнні якога прызнаны вінаватым былы палітвязень, быў устаноўлены за ім з 5 студзеня 2012 года. Падставай для паўторнага арышту стаў удзел Парфянкова ў грамадска-палітычным жыцці пасля таго, як ён у ліку іншых вязняў Плошчы быў вызвалены ў жніўні 2011 года.

24 ліпеня Менскі гарадскі суд не задаволіў касацыйную скаргу Парфянкова на прысуд аб арышце на 6 месяцаў за невыкананне ўмоў прэвентыўнага нагляду, устаноўленага судом.

9 жніўня 2012 г. Васіль Парфянкоў быў узяты пад варту зноў. Адбывае пакаранне ў баранавіцкім СІЗА.

Іншыя палітычныя вязьні