Палітвязню Васілю Парфянкову вынесена спагнанне

Палітзняволенаму Васілю Парфянкову ў следчым ізалятары ў Баранавічах адмоўлена ў сустрэчы з урачом і вынесена спагнанне,

паведамляе праваабарончы сайт spring96.org.

Парфянкоў даслаў ліст сваёй знаёмай, датаваны 16 кастрычніка, у якім паведаміў, што ў следчым ізалятары ён захварэў.

Ён тры разы пісаў заявы на сустрэчу з урачом, аднак сустрэцца з ім не дазволілі. На днях Парфянкоў настолькі дрэнна сябе адчуваў, што не здолеў падняцца з ложка на ранішнюю паверку. За гэта яму вынесена спагнанне. Парфянкоў асцерагаецца, што з-за гэтага спагнання ён можа быць змешчаны ў штрафны ізалятар.

Таксама Парфянкоў піша, што ў сувязі з пахаладаннем на вуліцы ў камеры стала вельмі холадна.

Раней ён сядзеў у памяшканні падвальнага тыпу, затым перавялі ў іншую камеру, з лепшымі ўмовамі, але тэмпература там усё роўна нізкая. Ён вымушаны спаць у адзенні.

27-гадовы Парфянкоў быў першым асуджаным па справе аб масавых беспарадках 19 снежня 2010 года. У лютым 2011 года суд Фрунзенскага раёна сталіцы прызнаў яго вінаватым ва ўдзеле ў масавых беспарадках і прыгаварыў да чатырох гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі строгага рэжыму. Акрамя таго, Парфянкоў павінен быў выплаціць больш як 14 млн. рублёў за разбітае шкло дзвярэй у Доме ўрада падчас несанкцыянаванай акцыі апазіцыі.

Асуджаны адбываў пакаранне ў аршанскай папраўчай калоніі, але ў жніўні 2011 года быў памілаваны ўказам прэзідэнта. У студзені гэтага года ў дачыненні да Парфянкова ўстанавілі прафілактычны нагляд, а ў красавіку Следчы камітэт Першамайскага раёна Мінска распачаў супраць былога палітзняволенага новую крымінальную справу — за парушэнні ўмоў прафілактычнага нагляду. Згодна з версіяй праваахоўных органаў, Парфянкоў парушыў парадак выканання ўмоў прэвентыўнага нагляду — у прыватнасці, адсутнічаў па месцы жыхарства без уважлівай прычыны, за што двойчы на працягу года быў пакараны на падставе КоАП.

Парфянкоў растлумачыў, што выходзіў з дома ў магазін на некалькі хвілін, каб купіць прадукты. “Сам прэвентыўны нагляд, лічу, быў устаноўлены, каб абмежаваць мой удзел у грамадскай дзейнасці. Не лічу, што паходам у магазін я ўчыніў злачынства”, — заявіў ён.

29 мая суд Першамайскага раёна Мінска прызнаў Парфянкова вінаватым у парушэнні ўмоў прафілактычнага нагляду і прыгаварыў да шасці месяцаў арышту. 24 ліпеня Мінскі гарадскі суд пакінуў прыгавор у сіле.Васілю Парфянкову вынесена спагнанне.

Іншыя палітычныя вязьні