Лукашэнка схлусіў: Халіп вызваляць не збіраюцца (відэа)

Прэс-служба Лукашэнкі заяўляе, што кіраўнік не даваў ніякага інтэрв’ю пра Ірыну Халіп.

З сайта брытанскай газеты Evening Standard знікла публікацыя з вытрымкамі з інтэрв’ю Аляксандра Лукашэнкі, дзе ён выказваўся пра журналістку Ірыну Халіп. А ў прэс-службе кіраўніка запэўніваюць, што ніякаму Оліверу Пулу беларускі дыктатар інтэрв’ю не даваў.

Пры звароце да старонкі з тэкстам матэрыялу з’яўляецца паведамленне: «Выбачайце! Мы не змаглі падаць доступ да старонкі, якую вы шукайце. Гэтая старонка была выдаленая », піша TUT.by.

Нагадаем, у сённяшняй публікацыі пад загалоўкам «Апошні дыктатар Еўропы пагадзіўся адпусціць журналістку пасля просьбы Evening Standard» былі апублікаваныя сенсацыйныя прызнанні Аляксандра Лукашэнкі, якія датычацца уласнага карэспандэнта «Новай газеты» і жонкі экс-кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Андрэя Саннікава – Ірыны Халіп. У інтэрв’ю журналісту выдання Оліверу Пулу Лукашэнка заявіў, што гатовы адпусціць Халіп: «А што, яна тут? Я думаў, яна ў Маскве. Адпраўце сёння ж з вячэрнім канём. Забірайце і больш сюды не прывозьце. Я пра гэтага чалавека наогул не магу гаварыць . Ніколі не вымаўляеце гэтае слова. Вы хочаце яе ў Маскву – вязіце», – прыводзіць словы Лукашэнкі «Новая газета» са спасылкай на брытанскае выданне.

Затым ён звярнуўся да аднаго з памочнікаў: «Удакладніце, хто наогул гэтым займаецца – з міліцыі ці хто там, і мне скажыце.Бачыце, дыктатура таксама добрая. Ні адзін прэзідэнт б адразу не прыняў рашэнне, а я вось прыняў. < …> Халіп вы сёння везяце замест жонкі дадому».

Цытаты суправаджаліся відэазапісам.

Між тым, у прэс-службе Лукашэнкі заявілі, што ніякага інтэрв’ю журналісту, якога завуць Олівер Пул з газеты Evening Standard Аляксандр Лукашэнка не даваў.

– Ніякага Олівера Пула і ніякага Evening Standard не было, – заявіў кіраўнік прэс-службы Павел Лёгкі.

Размова адбылася яшчэ 9 кастрычніка. А 15 кастрычніка Ірына, як заўсёды, прыйшла адзначацца ў ГУУС і спытала, ці сапраўды можа ехаць у Маскву.

– У міліцыі пасмяяліся і сказалі, што, калі я паспрабую з’ехаць за мяжу, мяне адразу абвесцяць у вышук і вернуць у Менск у кайданках, – кажа Ірына.

– Калі Халіп не растлумачылі ўмовы яе ўтрымання, хай звернецца яшчэ раз, і ёй растлумачаць. Ніякіх змяненняў у змесце быць не можа, – пацвердзіў «Новай» Аляксандр Купчэня, начальнік падраздзялення аддзела наглядна-выканаўчай дзейнасці менскага УУС (менавіта ён сочыць за тым, як Ірына выконвае ўмовы адтэрміноўкі).

Юрыдычна гэта чыстая праўда. Адзінае, што можа змяніць сітуацыю, – асабісты ўказ Лукашэнкі аб памілаванні. Але Ірына яго не чакае.

– Лукашэнка не зацікаўлены ў маім вызваленні. Гэтым летам мяне павінны былі амніставаць. Мае інспектары з ГУУС ужо падрыхтавалі дакументы для маёй амністыі, мы з імі жартавалі, што хутка расстанемся. Амністыю падпісала верхняя палата парламента, ніжняя, і калі для вызвалення заставалася атрымаць толькі подпіс Лукашэнкі, мне абвясцілі, што юрыдычна я не маю праў на амністыю.

Гэта ўжо не першы выпадак, калі Аляксандр Лукашэнка не стрымаў слова. У ліпені мінулага года ў адказ на заяву кіраўніка МЗС Польшчы Радаслава Сікорскага, што Еўразвяз прапануе Беларусі падтрымку ў абмен на вызваленне палітвязняў, ён заявіў, што гатовы хоць зараз адправіць іх усіх у Еўропу: «Заўтра білет выпішам і адправім, не пытанне. Хай забіраюць, калі яны такія заступнікі па палітвязням». Натуральна, усе палітвязні засталіся сядзець.

– Калі я яшчэ была ў турме КДБ, Лукашэнка даваў інтэрв’ю The Washington Post, – успамінае Ірына. – Журналіст спытаў яго, чаму маці разлучылі з маленькім дзіцем і трымаюць пад арыштам. Кіраўнік заявіў, што не ведае пра гэта і абавязкова разбярэцца. А за некалькі дзён да гэтага ў эфіры Беларускага тэлебачання ён назваў мяне ці ледзь не галоўным арганізатарам беспарадкаў 19 снежня, які павінен заставацца ў турме.

Дарэчы, відэазапіс інтэрв’ю The Evening Standard ужо быў паказана па Беларускім тэлебачанні. Словы Аляксандра Лукашэнкі аб Ірыне з запісу выразалі.

Адзначым, што выданні Evening Standard і Independent належаць расейскаму прадпрымальніку Аляксандру Лебедзеву. У 2009 годзе ён набыў кантрольны пакет акцый Evening Standard за сімвалічную суму 1 фунт стэрлінгаў, у 2010-м за тую ж суму ён купіў і Independent. 39% акцый «Новай газеты» таксама належаць Аляксандру Лебедзеву.

Іншыя палітычныя вязьні