Зміцер Дрозд: Без ціску ЕЗ і ЗША палітвязням не выйсці

Былы палітвязень упэўнены, што выйшаў на свабоду толькі дзякуючы ціску Захаду на дыктатара.

Беларусь называюць апошняй дыктатурай у Еўропе. Аляксандр Лукашэнка лічыць, што, калі ён адправіць сваіх апанентаў за краты, ён іх перавыхавае. Але часам усё атрымліваецца наадварот. Малады гісторык Зміцер Дрозд да нядаўняга часу быў палітычным зняволеным. Але ў турме ён не змяніўся, а яго сям’я дзякуючы несправядлівасці знайшла новых сяброў, паведамляе Cesky rozhlas (пераклад — inosmi.ru).

Прайшло больш года, і ён зноў уваходзіць у кватэру Зоі Дрозд на ўскраіне Менска. Яшчэ ў мінулым годзе гэтая далікатная жанчына была поўная адчаю. Яе сын тады апынуўся за кратамі.

«Я думала, яго затрымалі на гадзіну – дзве. Мне ніколі не прыходзіла ў галаву, што ён апынецца ў турме. І з чаго раптам, ён жа нічога не рабіў», – казала год назад Зоя Дрозд.

38-гадовага Зміцера асудзілі на тры гады. Падчас дэманстрацыі ён ударыў гучнагаварыцелем паліцыянтаў аб дрэва. Больш нічога. З маці ў турме ён толькі перапісваўся.

«Ён піша шмат, амаль кожны дзень. У мяне ўжо цэлая скрынка яго лістоў. Ён гісторык. Ён напісаў ужо некалькі кніг, так што ён піша з задавальненнем. Бачыліся мы пакуль толькі адзін раз», – казала падчас апошняй сустрэчы Зоя Дрозд.

Праз год на волі

Гэтыя словы ўжо ў мінулым. Зміцера праз год нечакана выпусцілі. «Ведаеце, гэта незабыўнае пачуццё. Калі нам паведамілі, што ён вольны і едзе дадому, я радавалася, як любая маці, вяртанню свайго сына», – распавядае яна.

Зміцер Дрозд сёння вучыцца ў Варшаўскім універсітэце, дзе ён атрымаў стыпендыю. Але ён усё роўна асцярожны. Таму мы спускаемся ў падвальны паверх аднаго з дамоў.

«Я ведаў, што рана ці позна мяне адпусцяць і што я не застануся ў турме на ўсе тры гады. Калі я чытаў у газетах, як Амерыка і Еўропа ціснуць на Лукашэнку, у мяне з’яўлялася надзея. Калі б не было Злучаных Шатаў і Еўропы, мы б сядзелі да гэтага часу. Стоадсоткава», – упэўнены Зміцер.

Новыя сябры

Зоя Дрозд верыла, што турма сына перавыхавае. «Я сказала яму, што гэтага дастаткова, каб ён больш не лез у палітыку. Але ён сказаў, што так не атрымаецца», – паціскае яна плячыма.

«Турма павінна быць папраўчай установай, яна павінна была мяне змяніць. Я павінен быў адмовіцца ад крытычнага апазіцыйнага мыслення. Але знаходжанне ў турме падзейнічала на мяне супрацьлегла», – прызнаецца Зміцер. Яго гісторыя паўплывала на ўсю яго сям’ю.

«Да таго часу, пакуль яго не арыштавалі, у нас дома наогул не цікавіліся палітыкай. Яго справа ўсім нам раскрыла вочы, і мы зразумелі, што адбываецца ў нашай краіне», – кажа малодшая сястра Зміцера Наташа. Зняволенне маладога гісторыка, як ні парадаксальна, мела і станоўчы эфект.

«У мяне мноства новых сяброў. Агульныя пакуты нас зблізілі. Мы ператэлефаноўваемся і ходзім адзін да аднаго ў госці, хоць сыны ўжо не за кратамі», – кажа маці Зміцера. А яго сястра дадае: «Нас здзівіла, што нам прапаноўвалі сваю дапамогу зусім незнаёмыя людзі. Нам тэлефанавалі, пісалі лісты. Гэта было сапраўды кранальна».

За кратамі ў адно імгненне

Яшчэ Зміцер сцвярджае, што ўсё дрэннае ў выніку нешта дае. «Гэта, адназначна, быў вельмі каштоўны вопыт. Мяне як гісторыка заўсёды цікавіла, як гэта быць у турме. У кожнай трэцяй сям’і ў Беларусі нехта быў у зняволенні. Пры бальшавіках, пры Сталіне або сёння», – падлічвае Зміцер.

На падлозе ў кватэры Зоі Дрозд ляжаць дзесяткі канвертаў і лістоў. Адчувальны ўспамін пра страшны час. Зміцер сёння заканчвае вучобу ў Варшаве, а яго мама, нарэшце, спіць спакойна.

«Спадзяюся, гэта было ў першы і ў апошні раз, калі сын патрапіў у турму. Але тут, у Беларусі, за кратамі можна лёгка апынуцца ў адно імгненне», – папярэджвае Зоя Дрозд.

charter97.org

Іншыя палітычныя вязьні