Пра палітвязьняў Беларусі кажа ўвесь сьвет

4 жніўня ў розных гарадах сьвету ўпершыню прайшоў Міжнародным дзень  салідарнасьці з Беларуссю. Ідэю яго абвяшчэння выказалі некалькі тыдняў таму правабаронцы з краін-суседзяў Беларусі. Дата сталася сімвалічнай і невыпадковай: 4 жніўня — гадавіна арышту Алеся Бяляцкага, старшыні Правабарончага цэнтру “Вясна” і віцэ-старшыні найстарэйшай міжнароднай арганізацыі правабаронцаў FIDH. Такім чынам, у лёсе Алеся, як у кроплі вады, адлюстраваліся і лёсы ўсіх беларускіх палітвязьняў, і праблемы правабаронцаў, якім нярэдка даводзіцца абараняць правы людзей у несвабодных краінах.

Цэлы  шэраг вядомых у сьвеце, аўтарытэтных праваабарончых арганізацый падхапіў ініцыятыву, стварыўшы аргкамітэт. Падрыхтоўку акцыяў салідарнасьці з палітвязьнямі і беларускай грамадзянскай супольнасьцю рыхтавалі Камітэт Міжнароднага кантролю за сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі, Цэнтр грамадзянскіх свабодаў (Украіна), Хельсінкскі Фонд па правах чалавека (Польшча), Маскоўская Хельсінкская група (Расія), Міжнародны моладзевы праваабарончы рух. Да першых неабыякавых людзей пастаянна далучаліся наступныя. Салідарнасць з Беларуссю і спачуванне яе людзям хваляю пайшлі па дзесятках краін…

Ніколі дагэтуль акцыі салідарнасці не былі настолькі масавымі і сінхроннымі, ніколі не праходзілі ў геаграфічна аддаленых месцах як на адным дыханні! Расьцягнуўшыся на некалькі дзён, яны пакінулі адчуванне братэрскага пляча, якое ўвесь сьвет падставіў людзям Беларусі, узяўшы на сябе частку іхняга болю. Не толькі правабаронцы і палітыкі, але і дзеячы культуры, і звычайныя грамадзяне бралі ўдзел у пікетах, і падпісвалі паштоўкі палітвязьням і петыцыі беларускім уладам.

Акцыі ў падтрымку Алеся Бяляцкага і ўсіх палітвязьняў Беларусі прайшлі 4 жніўня      ў Францыі, Германіі, Польшчы, Украіне, Расіі, Літве, Грузіі, Арменіі, Швецыі, Швейцарыі, Нарвегіі, Чэхіі, ЗША – усяго ў поўным пераліку фігуруе каля 20 краінаў свету, якія можна знайсці на сайце Дня салідарнасьці.

Арганізатары Дня салідарнасці патлумачылі сваю ініцыятыву ў адмысловым маніфесце:

” Мы ствараем гэты Дзень не для падтрымкі якіх-небудзь апазіцыйных палітычных сіл. У гэты Дзень павінны гучаць не заклікі да зьвяржэння існуючага рэжыму ў Беларусі, а заклікі да выканання ўзятых на сябе краінай міжнародных абавязацельстваў у сферы абароны правоў чалавека”.

4 жніўня ў Маскве ў Грамадскім цэнтры імя Сахарава прайшоў Марафон салідарнасці SoliDay. Правабаронцы правялі круглы стол “Паралелі: чаму Расію можа навучыць вопыт Беларусі?”. У Санкт-Пецярбургу актывісты Моладзевага праваабарончага руху і “Нямецка-Рускага абмену” арганізавалі дыскусію і паказ дакументальных фільмаў пра падзеі ў Беларусі: “Так, волі!” Андрэя Куцілы і Вячаслава Ракіцкага ды “Змрочная зіма ў Беларусі”, зьнятага Міжнароднай Федэрацыяй за Правы Чалавека. Кінапаказы і фотавыставы адбыліся ў Мурманску, Варонежы, Томску.
Згадвалі ў той дзень пра Беларусь і ў Краснадарскім краі: на фестывалі “Кубана” да акцыі салідарнасьці далучыўся Сяргей Міхалок – лідэр забароненага на Радзіме беларускага гурта “Ляпіс Трубяцкой”, ужо амаль год вымушаны жыць за межамі роднай краіны.

Фотаздымак з уласным афарызмам “Праўду можна сказаць толькі пра тое грамадстве, якое яе хавае” даслаў са Злучаных Штатаў пісьменнік Аляксандр Геніс. У Нью-Ёрку, Стакгольме, Берліне, Варшаве, Ерэване, Тбілісі, іншых гарадах сьвету проста на іх вуліцах неабыякавыя людзі падпісвалі лісты і паштоўкі са словамі падтрымкі Алесю Бяляцкаму, і петыцыі за вызваленне праваабаронцы, якія перадавалі ў беларускія амбасады. Паштоўку з прывітаннем беларускаму правабаронцы падпісала нават міністр Швецыі па еўрапейскіх справах Біргіта Олсан. Заяву з патрабаваннем вызвалення Бяляцкага зрабіла Суэр Белхасен, кіраўнік найстарэйшай праваабарончай арганізацыі свету — Міжнароднай Федэрацыі за Правы Чалавека (FIDH).

У Берліне ля Брадэнбургскіх Варотаў і Рэйхстагу праваабарончае аб’яднанне iDecembrists і Amnesty International арганізавала фотаакцыю і збор подпісаў за вызваленне Алеся Бяляцкага. Сваю падтрымку Алесю Бяляцкаму і ўсім тым, хто знаходзіцца ў зняволенні і падвяргаецца рэпрэсіям па палітычных матывах у Беларусі, выказалі ўдзельнікі руху Libereco і Amnesty International у швейцарскім Цюрыху. У Варшаве ў пікеце за свабоду палітвязьняў ўзялі ўдзел нядаўнія палітвязьні  Зьміцер Бандарэнка, які пасьля вызвалення знаходзіцца ў замежжы на лячэнні, і Наталля Радзіна.

6 жніўня літоўскія і беларускія грамадскія актывісты сабраліся ў Вільні каля беларускай амбасады з патрабаваннем неадкладна вызваліць Бяляцкага і іншых палітвязьняў. Было сабрана больш за 200 подпісаў пад адпаведнай петыцыяй. Акрамя грамадзян Беларусі і Літвы, свае подпісы пад петыцыяй паставілі прадстаўнікі Бельгіі, Паўднёвай Карэі, Швецыі, Партугаліі, ЗША, Велікабрытаніі, Пакістана, Італіі, Люксембурга — усяго 21 краіны.

Застаецца дадаць, што самы першы Міжнародны дзень салідарнасьці з беларускай грамадзянскай супольнасьцю, відаць, стане пачаткам добрай традыцыі, сумнай памятнай датай, але, відавочна, не стане апошнім. Пакуль грамадзяне краіны не могуць быць упэўненыя ў заўтрашнім дні на свабодзе, а палітвязьні фактычна не маюць шанцаў быць рэабілітаванымі і апраўданымі, пакуль ніхто ў Беларусі не застрахаваны ад фальсіфікацый судовых спраў і нагляду спецслужбаў – краіна ў сапраўднай бядзе. Дзякуй жа ўсім людзям, якія ўзялі на сябе яе частку, нагадаўшы пра Беларусь усяму сьвету!

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Зьміцер Касьпяровіч
  • Мікіта Сасім
  • Міхаіл Марыніч
  • Мікола Статкевіч