
Вярхоўны суд адмовіў палітвязню Аляксандру Францкевічу ў задавальненні нагляднай скаргі на прысуд, а адміністрацыя івацэвіцкай калоніі “Воўчыя норы” – ва ўмоўна-датэрміновым вызваленні.
Пра гэта Радыё Рацыя паведміла маці зняволенага анархіста Таццяна Францкевіч. Напачатку траўня яна збіраецца на доўгатэрміновае спатканне з сынам.
– Паеду на працяглае спатканне. Там пагляджу, як ён выглядае, як і што там. Нам абмежавалі вагу перадачы. Не дазволілі 30 кілаграмаў, як я раней магла прывезці, а толькі 5 кілаграмаў. Але перад тым, як я туды паеду, буду тэлефанаваць і прасіць, каб дазволілі больш. З чым гэта звязана – я не ведаю. Можа з тым, што паднімаецца базавая велічыня і з красавіка ім можна будзе дасылаць не 175 тысяч рублёў, а ўжо 500.
У траўні мінулага года Аляксандр Францкевіч быў асуджаны да трох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Праваабаронцы прызналі Францкевіча і ягоных паплечнікаў – Мікалая Дзядка і Ігара Аліневіча – палітычнымі зняволенымі і патрабуюць іх неадкладнага вызвалення.
racyja.com