Палітвязень Максім Знак, які быў адвакатам і даверанай асобай Віктара Бабарыка і Марыі Калеснікавай, застаецца пад вартай да 9 сакавіка.
“Дзякуй усім за падтрымку, – перадае Максім на волю. – Не падайце духам!”
Палітвязень Максім Знак падзяліўся некаторымі сваімі назіраннямі з-за кратаў.
“Кожны спадзяецца, што вызваленне адбудзецца крыху раней – умоўна, з заменай рэжыму, ды як заўгодна, – піша Максім. – Таму кожны дзень – важны…”
Максім Знак нарадзіўся 4 верасня 1981 года. У 2004 годзе скончыў юрфак БДУ, затым там жа – аспірантуру. Пачаў займацца юрыдычным кансультаваннем яшчэ ў гады вучобы ў Белдзяжуніверсітэце.
Максім практыкуе ў сферы юрыдычнага кансалтынгу з 2001 года. У 2007 годзе заснаваў юрыдычную фірму “ЮрЗнак», пазней аб’ядналі з Borovtsov & Salei.
Максім Знак з’яўляецца арбітрам Міжнароднай палаты арбітраў пры Саюзе юрыстаў Рэспублікі Беларусь, а таксама надае значную частку свайго часу навуковай і выкладчыцкай дзейнасці, з’яўляючыся старшым выкладчыкам кафедры грамадзянскага права БДУ.
Грамадская дзейнасць уключала сяброўства ў грамадска-кансультацыйнай радзе пры Менгарвыканкаме, а таксама ў камісіі па падтрымцы прадпрымальніцтва Міністэрства эканомікі Рэспублікі Беларусь.
Максім з’яўляецца экспертам даследавання Сусветнага банка Doing Business з 2011 года, выступае ў якасці нацыянальнага кансультанта па прывядзенню нормаў беларускага заканадаўства ў адпаведнасць з базавымі пагадненнямі Сусветнай гандлёвай арганізацыі. Мае больш за 150 публікацый, з’яўляецца калумністам выдання “Белгазета”, а таксама аўтарам “Эканамічнай газеты”.
Да выбараў 2020 года Максім Знак не быў заўважаны ў палітыцы. Падчас выбарчай кампаніі быў адвакатам і даверанай асобай Віктара Бабарыка і Марыі Калеснікавай.
Быў затрыманы раніцай 9 верасня. У той жа дзень Следчы камітэт афіцыйна паведаміў, што “Галоўным следчым упраўленнем Следчага камітэта працягваецца расследаванне крымінальнай справы, узбуджанай Генеральнай пракуратурай Рэспублікі Беларусь па ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэкса (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь).
У адносінах да падазраваных Марыі Калеснікавай і Максіма Знака с санкцыі пракурора была абраная мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту. Таксама па падазрэнні ў здзяйсненні злачынства (ч. 3 арт. 361 КК) затрыманы Ілля Салей.
Праваабарончай супольнасцю Максім Знак прызнаны палітвязнем.