Сяргей Гумінскі

Сяргей Гумінскі — актывіст “Маладога Фронту” з г. Ворша (Віцебская вобласьць).

Храналёгія перасьледу

22 студзеня 2007 г. моладзеваму актывісту Сяргею Гумінскаму сьледчыя Аршанскага ГАУС уручылі пастанову аб прызнаньні яго падазраваным па крымінальнай справе, узбуджанай па факце нанясеньня графіці палітычнага зьместу па арт. 341 Крымінальнага кодэксу (апаганьваньне будынкаў і псаваньне маёмасьці). Некалькі разоў да гэтага Сяргей Гумінскі быў ужо дапытаны па гэтай справе, у ягонай кватэры было праведзена некалькі вобшукаў.

Аднак праз тры дні, 25 студзеня, Сяргей Гуміснкі быў выкліканы ў аддзяленьне міліцыі і азнаёмлены з дакумэнтам аб спыненьні супраць яго крымінальнага перасьледу “ў сувязі з недаказанасьцю датычнасьці да ўчыненага злачынства”.

У першыя дні студзеня 2007 г. актывіст апазыцыі быў затрыманы і зьбіты міліцыяй у Воршы, пасьля чаго асуджаны на трое сутак. Адной з прычын стала тое, што міліцыянтам не спадабалася тое, што ён прынцыпова карыстаўся беларускай мовай.  Пасьля гэтага выпадку мелі месца і іншыя факты затрыманьня і адміністратыўнага пакараньня аршанскага маладафронтаўца.

Напачатку ліпеня 2011 г. на хатні адрас Сяргея Гумінскага прыйшло паведамленьне зь мясцовага ваенкамату, што яму забаронена выяжджаць зь Беларусі. С. Гумінскі вучыўся ў адной з ВНУ Польшчы і ў той час якраз здаваў экзамэнацыйную сэсію.

Паводле афіцыйнай вэрсіі, прычынай забароны на выезд за межы краіны стала адсутнасьць усіх патрэбных дакумэнтаў, якія студэнт мусіў падаць у ваенкамат. Сяргей Гумінскі гэтыя заявы зьняпраўджвае.

Іншыя палітычныя вязьні

  • Фёдар Мірзаянаў
  • Алег Волчак
  • Аляксандар Атрошчанкаў
  • Яўген Васьковіч