Наталля Хершэ

Апошнія 12 год Наталля Хершэ жыла ў Швейцарыі, хаця сама яна родам з Оршы.

“Дзяцінства прайшло даволі бедна, — распавядаў nn.by Генадзь – старэйшы брат Наталлі. — Калі мы былі малыя, бацькі разышліся. Але тата нас не кідаў. Выязджаў ва Узбекістан, зарабляў грошы, наведваў нас. Кожнае лета мы праводзілі ў Пружанах у бабулі з дзядулем. Пасля ў бацькі з’явілася другая сям’я».

У Аршанскім тэхналагічным тэхнікуме Наталля атрымала спецыяльнасць бухгалтара. Пасля паехала ў Мінск. Вучылася ў БДЭУ, а яе брат пасля арміі — у медінстытуце. З дыпломам эканаміста Наталля вярнулася ў родны горад і ўладкавалася ва ўпраўленне сацыяльнай абароны райвыканкама.

Ад першага шлюба ў жанчыны двое дзяцей. Яны ўжо дарослыя: сыну Фёдару 25, дачцэ Віялеце – 20. Цяпер яны жывуць у Швейцарыі.

З другім мужам Наталля пазнаёмілася на сайце знаёмстваў. Гэта быў швейцарац Бруна Хершэ. Беларуска з дзецьмі пераехала да яго ў горад Санкт-Гален.

У Швейцарыі Наталля змагла ўладкавацца ў бровар, на самую ніжэйшую пасаду — прыбіральшчыцай. Але праз некалькі месяцаў дырэктар пацікавіўся яе адукацыяй і запрасіў у лабараторыю кантролю якасці. Пазней Наталля стала працаваць у кампаніі па выпуску посуду, таксама ў лабараторыі праверкі якасці.

У Швейцарыі Наталля пачала маляваць — алоўкам рабіла партрэты па фота. Была нават выстава і зараз партрэты, зробленыя ёй, убачаць і ў Беларусі — яе карціны плануюць паказаць разам з іншымі працамі палітзняволеных.

Паўтара года таму муж Бруна памёр. Амаль год Наталля працавала толькі на тое, каб разлічыцца з усімі даўгамі.

Пазней у Швейцарыі яна пазнаёмілася з Робертам. Пачынаўся новы этап яе жыцця. Дзеці дарослыя, можна больш часу прысвячаць сабе. З Робертам яны падарожнічалі — былі ў Перу, Егіпце. На мінулыя Каляды прыязджалі ў Мінск. У верасні 2020-га збіраліся правесці 10 дзён у Італіі, але паездка адклалася. Тады Наталля вырашыла прыляцець у Беларусь — на свае вочы ўбачыць маршы і адчуць народны ўздым. Сама Наталля галасавала ў Швейцарыі. Там Ціханоўская набрала ў сем разоў больш галасоў за Лукашэнку.

Храналогія пераследу

Наталлю Хершэ затрымалі на жаночым маршы 19 верасня. Два з паловай месяцы яна правяла за кратамі.

На маршы 19 верасня Наталля Хершэ сарвала балаклаву з амапаўца, пасля чаго на яе завялі крымінальную справу, піша Радыё Свабода.

Пры затрыманні, паводле службовага рапарта, жанчына не падпарадкавалася патрабаванню супрацоўнікаў прайсці ў спецтранспарт і «аказала супраціў з гвалтам» у дачыненні да байца АМАПа Сяргея Кончыка: вырывалася і ўпіралася, падрапала 22-гадоваму міліцыянту твар, сцягнула з яго балаклаву, тым самым сапсаваўшы форменнае абмундзіраванне, і нанесла «цялесныя траўмы».

Жанчына сваю віну не прызнала ў тым, што ўдзельнічала ў несанкцыянаваным мітынгу і нібыта нанесла амапаўцу цялесныя пашкоджанні. Заявіла, што ўдзельнічала ў мірнай акцыі пратэсту і спрабавала зняць балаклаву.

Першае судовае пасяджэнне прайшло 4 снежня. Пракурор прасіла прысудзіць Наталлі Хершэ 2 гады 6 месяцаў пазбаўлення волі, а таксама сплаціць пацярпеламу амапаўцу 1000 рублёў кампенсацыі маральнай шкоды.

Памер драпіны каля вока быў даўжынёй 1 сантыметр, кошт балаклавы — 1 рубель, прагучала на першым судовым пасяджэнні з матэрыялаў справы.

Першапачаткова пацярпелы Сяргей Кончык запатрабаваў ад Наталлі Хершэ 100 рублёў у якасці кампенсацыі маральнай шкоды, аднак ужо падчас пасяджэння павысіў суму да 1000 рублёў.

7 снежня 2020 г. суд Савецкага р-на г. Мінска, прызнаўшы вінаватай у здзяйсненнні злачынства па ч.2 арт. 363 КК Рэспублікі Беларусь (супраціў супрацоўнікі міліцыі),  прыгаварыў Наталлю Хершэ да 2 гадоў і 6 месяцаў пазбаўлення волі з адбыццём пакарання ў калоніі агульнага рэжыму.

Праваабарончай супольнасцю Наталля Хершэ прызнана палітвязнем.

Справы, якія датычацца гэтага чалавека:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Тацяна Цішкевіч
  • Павал Мажэйка
  • Мікола Маркевіч
  • Віктар Івашкевіч
  • Зьміцер Касьпяровіч