Вітольд Ашурак: Пяць год, што мне прысудзілі, – гэта проста лічба

Палітвязень Вітольд Ашурак, які зараз знаходзіцца ў Гродзенскай турме, пракаментаў свой прысуд і з аптымізмам глядзіць у будучыню.

“Я ўпэўнены, што 2021 год прынясе Беларусі перамены, якіх мы так моцна праглі ў 2020-м”, – кажа Вітольд.

Вітольд Ашурак – актывіст з Бярозаўкі, сябра Партыі БНФ. Каардынатар руху «За свабоду».

Вітольда абвінавацілі па артыкулах 342 ч.1 (Удзел у групавых дзеяннях, груба парушаючых грамадскі парадак) і 364 (Гвалт у дачыненні да супрацоўніка міліцыі) Крымінальнага кодэкса.

Суд прысудзіў Ашурку 5 гадоў калоніі агульнага рэжыму.

“Дзякуй Богу, здароўе пакуль што маю і спадзяюся, што турма не адніме мне яго канчаткова, – напісаў Вітольд Ашурак ў лісце да Касі Панкевіч. – Важны настрой, бо чалавек, які саслабеў духам і не мае цвёрдых маральных перакананняў, нават, калі і мае добрае здароўе, то ў турме часцяком ламаецца і губляе там здароўе, што было. Але, спадзяюся, гэта не пра мяне.

Што тычыцца добрых людзей, то я перакананы – што чалавек шукае, тое ён і знаходзіць. Прынамсі, мне трапляюцца ў сваёй большасці людзі прыстойныя”.

Палітвязень называе сябе чалавекам, які “глядзіць у будучыню з аптымізмам”.

“Таму лічу, што пяць год, якія мне прысудзілі, – гэта проста лічба, – дадае Вітольд Ашурак. – “Я ўпэўнены, што 2021 год прынясе Беларусі перамены, якіх мы так моцна праглі ў 2020-м! Такім чынам, лічбы 5, 50, 500 у маім выпадку – проста лічбы”.

palitviazni.info

Іншыя палітычныя вязьні

  • Зьміцер Дрозд
  • Сяргей Казакоў
  • Сяргей Башарымаў
  • Алег Волчак
  • Міхаіл Марыніч