“Зараз я ведаю, як выглядае пекла”. Гісторыя былога беларускага вайскоўца, які пабываў на Акрэсціна

31-гадовы Аляксандр Шэшка распавёў сайту palitviazni.info пра  тое, як патрапіў у Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў і пра катаванні ў ЦІПе .

“Карціна была, як у жахлівым кіно”, – кажа суразмоўца.

“Армія – з народам”

– Я на свае вочы бачыў тое, што адбывалася 9 і 10 жніўня, калі ў людзей, якія выйшлі на вуліцу з мірным пратэстам, кідалі светашумавыя гранаты, стралялі, іх жорстка затрымлівалі і збівалі, – кажа суразмоўца. – Таму неяк само па сабе і саспела рашэнне зрабіць плакат “Армія – з народам” і выйсці з ім да Міністэрства абароны.

Я працую ў адной фірме, 11 жніўня патрэбна было ісці на працу. Цудоўна разумеў, што ў такой сітуацыі любы чалавек мог стаць на вуліцы ахвярай сілавікоў, таму адразу апрануўся ў цёплае адзенне, і гэта мне ў будучым вельмі дапамагло.

Зрэшты, зранку нічога не нагадвала, што напярэдадні былі пратэсты, хаця ўсе людзі разумелі, што насамрэч адбываецца ў краіне.

Інтэрнэт быў заблакаваны, а паколькі ў мяне праца звязана менавіта з гэтым, то і яна спынілася. Тады і ўзнікла жаданне зрабіць плакат “Армія – з народам” і выйсці з ім на вуліцу.

Чаму менавіта такі плакат? Я сам – былы вайсковец, звольніўся ў званні капітана менавіта з-за таго, што ўбачыў у нашай арміі замест афіцэрскага гонару факты труслівасці і подласці. Бачыў, як камандзір пры ўсіх прыніжаў малодшых па званні, а затым старэйшыя прыніжалі яго. Гэта тэма для асобнай размовы, але мяне такая сітуацыя не задавальняла, а таму і напісаў рапарт.

У той жа час я разумею, што большасць маладых афіцэраў – гэта разумныя і прагрэсіўныя людзі. А вось старэйшыя ў званні (пачынаючы з маёра) – прыхільнікі рэжыма, бо ім ёсць што губляць. За заробкі трасуцца, пенсію…

Таму, калі я выйшаў з плакатам да Міністэрства абароны, такім чынам найперш звяртаўся да вайскоўцаў, якія могуць спыніць сёняшнюю ўладу. Гэта быў зварот да сумлення афіцэраў.

У выніку з плакатам я прастаяў ля Міністэрства абароны больш за гадзіну. Людзі, якія праходзілі і праязджалі, выказвалі сваю салідарнасць, падтрымлівалі, жадалі поспехаў, разумеючы, што ў хуткім часе мяне забяруць у аддзяленне.

Шчыра кажучы, да таго моманту я яшчэ не зусім разабраўся, што адбываецца ў краіне, бо разумеў, што прапаганда можа ісці з абодвух бакоў. Хацелася пабачыць сітуацыю знутры. І ў хуткім часе я яе пабачыў, калі за мной прыехала міліцэйская машына…

“Чаго табе дома не сядзелася?..”

– Спачатку мяне хацелі ў машыне пакласці на падлогу, але машына была маленькая, а я – фактурны. Нейкі прапаршчык паглядзеў на мяне, ацаніў і кажа: “Гэты, як быццам, адэкватны, няхай на сядзенні застаецца”.

Прывезлі ў Ленінскі РУУС і там на мяне глядзелі, як на нейкага дзіўнага пратэстоўца, які не мае сваіх мазгоў і не ведае тое, што ён робіць.

Праз нейкі час прыйшоў следчы, адвёў мяне ў месца, дзе былі гаражы. На той момант яны былі пустымі. Там мяне чакалі дзве дзяўчыны – адна ў званні маёра, другая ў цывільным. Папрасілі зняць шнуркі, а маёр пачала праводзіць псіхалагічную апрацоўку: “Чаго табе не сядзелася дома, навошта творыш такія глупствы? Большасць пратэстоўцаў – дурная моладзь альбо беспрацоўныя”.

Я ёй спакойна патлумачыў, што асабіста мяне абурае, што прэзідэнт сканцэнтраваў у сваіх руках усе галіны ўлады. Хаця і суды, і заканадаўчая ўлада павінны быць самастойнымі, не залежыць ад уладнай вертыкалі. Толькі тады будзе развіццё краіны. І дадаў, што не трэба ваяваць са сваім народам, а трэба да яго прыслухоўвацца.

У маёра былі свае аргументы: “У нашай краіне нельга нічога змяніць, а Лукашэнка – адзіны чалавек, у якога ёсць вопыт кіравання, і без яго будзе нашмат горш”.

Паставіць мне на месца мазгі ім не ўдалося, таму пачалі афармляць, а затым адвялі ў РУУС у ізалятар часовага ўтрымання. Пазней прыехалі два АМАПаўцы, якія павінны былі адвезці ў суд мяне і хлопца, які ў знак пратэсту супраць гвалту ў дачыненні да людзей заблакаваў рух цягнікоў у метро.

Дарэчы, падчас суда сустрэў праваабаронцаў з “Вясны”, праз іх і перадаў сваёй дзяўчыне, у якой сітуацыі я апынуўся.

Суды працавалі, як канвеер. Хлопцу, які быў са мной, далі 10 сутак адміністрацыйнага арышту, мне – 7 сутак.

У той жа дзень нас пакінулі ў ізалятары РУУС, і гэта быў самы лёгкі для мяне дзень за час адсідкі. Збіцця не было, хаця ў той жа час і не кармілі.

Я бачыў сярод затрыманых нават 13-14 гадовых падлеткаў. А на наступны дзень павезлі на Акрэсціна.

Запрашаем у пекла!

– Перад адпраўкай у ЦІП усіх сабралі ля гаража РУУС, назбіралася каля 40 чалавек. Многія былі моцна збітыя, АМАПаўцы называлі затрыманых “сукамі”. Лаянка гучала праз слова.

Накіравалі ў аўтазакі, трэба было бегчы з сагнутай спіной. У кабінкі на аднаго чалавека закідвалі па чатыры чалавекі, а тыя, каму не было месца, стаялі на каленях у позе арла – рукі за спіной альбо на затылку..

Выхад з аўтазака таксама суправаджаўся лаянкай і крыкамі АМАПаўцаў, якія пабудавалі для вязняў калідор і з двух бакоў білі ўсіх, хто па ім праходзіў.

Чым хутчэй чалавек бег, тым больш было шанцаў менш атрымаць удараў. Каля сцяны паставілі ўсіх на калені, і пакуль ўсе аўтазакі не выгрузілі, мы ў такім стане і знаходзіліся. Была спякота, вытрымліваць такое было неверагодна складана.

Праз нейкі час нас паднялі і ізноў пагналі праз шэрагі АМАПаўцаў. Калі нехта чапляўся нагамі і валіўся на зямлю, яго пачыналі біць яшчэ мацней. Уся гэтая карціна была як у жахлівым кіно.

Многія, калі беглі, гублялі абутак, але не спыняліся, каб не трапляць пад дадатковае збіццё і заставаліся толькі ў шкарпэтках.

Мяне разам з іншымі затрыманамі трымалі ў адкрытым дворыку, налічылі 119 чалавек. Мы маглі толькі стаяць. Думалі, што гэта на кароткі час, але нашы мары так і засталіся марамі. Стаялі вельмі доўга і ўвесь гэты час на Акрэсціна прыязджалі машыны з новымі вязнямі.

Падчас прыезду новай партыі чулі крыкі, стогны, людзей бязлітасна збівалі. Магчыма, таксама праганялі праз шэрагі АМАПаўцаў. Многія атрымалі траўмы, калі стаялі на каленях.

У прыбіральню не пускалі. У дворыку стаяла сметніца для цыгарэт, таму спраўлялі патрэбу акурат туды. Адным словам, да людзей ставіліся як да нейкіх жывёл.

Ніхто не ведаў, колькі гэта будзе працягвацца, думалі, што ноччу нас некуды развязуць, але гэта не адбывалася. Нават ваду не давалі. Мы казалі, што гэта здзек над чалавекам, самы сапраўдны фашызм. Сярод адміністрацыі ЦІПа быў толькі адзін чалавек, які даваў ваду і мог адвесці ў прыбіральню. Далі папіць толькі бліжэй да ночы – аднекуль перадалі 12 літраў вады. Не еў таксама амаль двое сутак.

Ногі ў гэты час ужо не вытрымлівалі, а былі не толькі маладыя людзі, але і сталыя. І ўсе – моцна збітыя. Адзін мужчына казаў, што наогул нічога не бачыць, а медыцынскай дапамогі практычна не было.

Увогуле, супрацоўнікі ЦІПа глядзелі на ўсе гэтыя здзекі абсалютна спакойна, напэўна, быў такі загад на жорсткае збіццё. Але тое, што рабіў АМАП – гэта быў проста жах. Хлопца збівалі і крычалі на яго: “Ну што, каму ганьба? Вось табе – ганьба!”

У суседяй камеры мужчыну збівалі некалькі чалавек, прымушалі яго крычаць: “Я люблю АМАП”. І білі да таго часу, пакуль той ужо наогул не мог размаўляць. Пасля пацягнулі ў камеру.

Затрыманыя дзяўчаты спрабавалі сарамаціць АМАПаўцаў, тыя адказвалі так: “Ты што тут выступаеш, сука?! Зараз таксама сваё атрымаеш!”.

Рэакцыя сілавікоў была абсалютна неадэкватная, хаця многія затрыманыя былі выпадковымі людзьмі, якія нават не ўдзельнічалі ў акцыі пратэсту.  Але ў той жа час я зразумеў, што нешта змяняецца. Я не ведаў, што адбываецца ў горадзе, але некаторых вязняў пачыналі вызваляць.

“Пасля Акрэсціна як быццам у санаторый патрапілі…”

– Вызвалялі па 20-30 чалавек. Былі пераблытаны спісы, прозвішчы людзей, была самая сапраўдная вакханалія. Калі адпусцілі 50 чалавк, наша камера 6 на 6 метраў апусцела настолькі, што можна было сесці на зямлю і крыху паспаць. А пад раніцу са 119 чалавек засталося толькі 40. Куды іх накіравалі – мы не ведалі. Пры гэтым чулі моцныя крыкі людзей, якія падчас “выпіскі” таксама білі, як кажуць, “на пасашок”. Многія казалі, што лепш ужо няхай так, толькі б у гэтым пекле не знаходзіцца.

…Праз нейкі час прагучала і маё прзвішча: “На выхад”. выхад”. Многія пачалі казаць, што гэта такія палітычныя гульні. Маўляў, Лукашэнка вырашыў паказаць, што цар – добры, а баяры – дрэнныя. Але ў любым выпадку гэта было лепш, чым заставацца на Акрэсціна.

Дарэчы, далі падпісаць паперу, што я пастаўлены ў вядомасць: калі трапляюся на акцыі другі раз, то буду несці крымінальную адказнасць.

Пасля гэтага АМАП ізноў загнаў нас у аўтазакі і невядома куды павезлі. Як высвятлілася, прыехалі пад Слуцк у нейкае месца кшталту вайсковай часці. На вуліцах хадзілі салдаты ўнутраных войскаў з сабакамі. Здаецца, гэта было ЛТП.

Як быццам у санаторый патрапілі! Медыкі ўсіх аглядзелі, далі памыцца пад гарачай вадой, у казарме змаглі легчы на ложак і гэта быў верх асалоды, калі можна выцягнуць ногі. Дазволілі нават кнігі і тэлевізар.

Раніцай паднялі ў 6 гадзін, далі паесці аўсянку, і гэта была мая першая ежа за трое сутак.

Многія думалі, што ўлады маглі жорстка пажартаваць – з пекла адправіць на добрыя ўмовы, а затым ізноў вярнуць у пекла. Але ўсё абышлося. Відаць, улада была настолькі запалохана пратэстамі людзей, што пайшла на саступкі і спыніла жорсткі пераслед.

У хуткім часе мяне вызвалілі, і на волі ўжо чакалі родныя. Ім я таксама рассказаў, што зараз ведаю, як выглядае пекла…

palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Яўген Сувораў
  • Сяргей Вазьняк
  • Уладзімер Лыско
  • Зьміцер Дрозд
  • Алег Федаркевіч