Алесь Круткін: Я патрапіў на паўтара месяца ў варожы палон

 На волю выйшаў полацкі актывіст Алесь Круткін, які за расклейку ўлётак адсядзеў у ізалятарах часовага ўтрымання 45 сутак запар.

“Я цудоўна ведаю, што гэтае пакаранне – помста за маю інфармацыйную дзейнасць, – распавёў Алесь сайту сайту palitviazni.info.

Нагадаем, што 28 студзеня Алесь Круткін быў пакараны 15-суткавым арыштам за ўдзел у снежаньскай акцыі пратэсту супраць інтэграцыі

12 лютага суд Кастрычніцкага раёна Віцебска пакараў актывіста на 15 сутак арышту за расклейку ўлётак “Калгаснай дыктатуры — баста” на адміністрацыйных будынках горада.

26 лютага полацкі актывіст мусіў выйсці на волю пасля 30-суткавага арышту, але ў той жа дзень Алесю Круткіну прысудзілі яшчэ 15 сутак арышту.

“Я лічу, што такі вялікі тэрмін – гэта не за налепкі, а адмысловая помства за блогерства, – кажа Алесь Круткін. – У сваіх выпусках я адкрыта крытыкаваў і беларускага кіраўніка, і былога міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча. Гэта помства за выбарчую кампанію, у якой прымаў удзел у мінулым годзе. Кампанія праходзіла пад лозунгам “Калгаснай дыктатуры – баста.

Таму сёняшнія справы, за якія мяне судзілі, гэта насамрэч справы за мінулы год. Гэта можна было чакаць, але здзіўляе толькі, што вырашылі, каб я адразу адсядзеў усе 45 сутак. Пра запас зусім нічога не пакінулі. Зрэшты, у нашай сістэме скласці новыя пратаколы і даць новыя тэрміны зняволення – не праблема”.

Актывіст дадае, што тэмы яго блогаў застануцца ранейшымі – супрацьстаянне беларускай уладзе.

“У гэтым годзе пройдуць чарговыя прэзідэнцкія выбары, таму далучаюся да тых, хто спрабуе паказаць народу, якая гэтая ўлада, і што яна насамрэч робіць для людзей, – працягвае Алесь Круткін. – На вайне таксама бяруць у палон, а інфармацыйнае змаганне – гэта тая ж вайна. Таму я сваё зняволенне якраз і успрымаў, як варожы палон”.

Са слоў Алеся Круткіна, пасля вызвалення ён будзе займацца абсалютна тым жа самым, што і раней.

“Паўтара месяца за кратамі абсалютна не змянілі ні мой харктар, ні жаданне працаваць, – адзначае ён. – Зараз буду дзейнічаць нават больш актыўна. Гэтыя 45 сутак надалі мне яшчэ большага жадання і імкнення рабіць усё, каб змяніць у краіне гэты тэатр абсурда”.

palitviazni.info

 

Іншыя палітычныя вязьні

  • Яна Палякова
  • Васіль Старавойтаў