Гары Паганяйла: Трэба аднавіць раследванне па справе аб знікненні Ганчара і Захаранкі…

Юрыст-праваабаронца Гары Паганяйла пракаментаваў сайту palitviazni.info гучнныя заявы былога беларускага спецназаўца, які прызнаўся ў забойстве вядомых палітычных асобаў Беларусі.

Зараз мы пабачым, як павядуць сябе ўлады пасля прызання Гараўскага, – кажа юрыст. – Гэта будзе своеасаблівая лакмусавая паперка…”

Нагадаем, на ютуб-канале нямецкага СМІ «Дойчэ Веле» з’явілася відэаінтэрв’ю з былым байцом спецыяльнага атрада хуткага рэагавання Юрыем Гараўскім, у якім ён прызнаецца, што ўдзельнічаў у забойстве экс-міністра ўнутраных спраў Беларусі Юрыя Захаранкі, былога кіраўніка Цэнтрвыбаркама Віктара Ганчара і бізнесмена Анатоля Красоўскага.

Гараўскі падрабязна распавёў, як ён удзельнічаў у выкраданні і забойстве праціўнікаў Аляксандра Лукашэнкі 20 гадоў таму.

– Калі кажуць, што ў прызнанні Гараўскага бачная “рука Масквы”, то, як мне падаецца, гэта не так, – кажа Гары Паганяйла. – Не трэба тут шукаць ніякай канспіралогіі.

Юрый Гараўскі – не адзін спецназавец, хто меў дачынення да забойстваў Ганчара і Захарэнкі, а затым з’ехаў на Захад. З адным з іх, дарэчы, я асабіста размаўляў у Бельгіі.

– Чаму гэтыя людзі пачынаюць расказваць падрабязнасці, хаця раней маўчалі? Можа быць, таму, што хочуць атрымаць палітычны прытулак у іншай краіне?

– Гэта таксама не выключаецца, але, магчыма, і таму, што людзі хочуць зняць грэх з душы. Яны хочуць выказацца, тым больш, знаходзячыся за мяжой у бяспецы. На іх цяжка беларускім уладам паўздзейнічаць, але дапытаць па крымінальнай працэдуры можна, калі да гэтага з боку Беларусі будзе праяўлены інтарэс. Таму пры жаданні сведчанні таго ж Гараўскага можна замацаваць, як доказы, каб затым гэты чалавек мог супрацоўнічаць з судом.

Сёння можна дапытаць па відэаканферэнцыі альбо даручыць тым дзяржавам, з якімі ў нас ёсць дамова аба аказанні юрыдычнай дапамогі па крымінальных справах. У рэшце рэшт, беларускія следчыя могуць выехаць і дапытаць Гараўскага і іншых сведкаў. Можна даведацца, дзе знаходзіцца чалавек, ён жа там на легальным становішчы, не хаваецца. Калі чалавек даў інтэрв’ю, адкрыў свой твар, то яго можна ідэнтыфікаваць. Усё гэта магчыма.

Тым больш, што павінна быць у суадносных структурах і асабістая справа Гараўскага, усё можна праверыць, наколькі ў рэальнасці факты суадносяцца з заявамі, якія затым дапамогуць у раследванні справы аб знікненні палітыкаў. Гэта рэальны сведка, няхай пакуль і з нявызначыным працэсуальна-прававым статусам.

– Беларускія ўлады, на ваш погляд, адрэагуюць на гэтыя прызнанні былога спецназаўца?

– Як ужо казаў, адгукнуцца на такія факты дзяржава павінна абавязкова. Калі ж пачнуць казаць, што гэта лухта і прыдумкі чалавека, які такім чынам хоча зарабіць грошай і атрымаць палітычны прытулак, а афіцыйныя ўлады не зробяць ніводнага крока, каб высвятліць праўдзівасць слоў былога спецназаўца, то гэта будзе азначаць, што Гараўскі сказаў праўду, і ад грамадскасці хочуць схаваць гэтую праўду.

І грамадскасць, і міжнародныя структуры ўжо дваццаць гадоў кажуць, што ў краіне павінна быць праведзена масштабнае і аб’ектыўнае раследванне справы знікнення апанентаў Лукашэнкі, каб вінаватыя былі ўстаноўлены і прадстаўлены перад судом.

Таму зараз мы пабачым, як павядуць сябе ўлады пасля прызання Гараўскага. Гэта будзе своеасаблівая лакмусавая паперка для таго, каб пабачыць, ці датычныя ўлады да гэтай гучнай справы. Каб даказаць адваротнае, улады зараз павінны правесці паўнавартаснае раследванне па факце інтэрв’ю спецназаўца і яго заявам.

Зараз справа аб знікненні Захаранкі, Ганчара і Красоўскага прыпынена, але толькі па адной заяве Гараўскага трэба адмяняць пастанову аб прыпыненні крымінальнай справы і аднавіць раследванне.

palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні