Дзяніс Урбановіч: Білі рукамі, нагамі і рацыямі…

Адзін з абаронцаў Курапатаў Дзяніс Урбановіч распавёў сайту palitviazni.info, што збіраецца абскарджваць судовы вырак, які яму вынеслі 4 лістапада.

“Самае цікавае, што ўсе медычныя даведкі з нагоды маёй траўмы забралі нейкія два чалавекі ў цывільным, якія прыехалі ў лякарню. Забралі не толькі даведку з дыягназам, але і рэнтгенаўскі здымак”, – кажа суразмоўца.

Як вядома, 4 лістапада суд Мінскага раёна аштрафаваў аднаго з абаронцаў Курапат Дзяніса Урбановіча на 65 базавых велічынь (1657,5 рубля).

Яго прызналі вінаватым у дробным хуліганстве (25 базавых) і непадпарадкаванні законнаму патрабаванню службовай асобы (40 базавых).

У суд Урбановіча прывезлі з накладзенай на шыю шынай: пасля затрымання яго жорстка збілі міліцыянеры.

Вечарам 3 лістапада каля рэстарана “Поедем поедим” паміж актывістамі і аховай узнікла бойка, калі першыя спрабавалі патрапіць у рэстаран.

– Я не чакаў, што будзе такі вялякі штраф, улічваючы, што мяне яшчэ і моцна збілі, – кажа Дзяніс Урбановіч. – Да таго ж, ёсць відэа, на якім добра бачна, што ахоўнікі рэстарана першымі пачалі штурхацца, валіць на зямлю кандыдата ў дэпутаты Зміцера Казакевіча, актывіста Валерыя Рабцава. Мы вымушаны былі абараняць хлопцаў і адбылася сутычка.

Але суд не надаў увагі відэа, а апіраўсся на паказанні супрацоўнікаў рэстарана і міліцыі. Былі заслуханы ў якасці сведкаў амапаўцы, якія нас затрымлівалі і моцна збівалі, пакуль везлі ў райаддзел.

– Што адбывалася ў машыне?

– Амапаўцы ўсіх пачалі адразу біць – нагамі, рукамі, нават рацыямі па пальцах, калі закрываў ад удараў галаву. Казакевічу станавіліся нагамі на твар, ціснулі на шыю…

Усё гэта працягвалася каля 15 хвілін, па дарозе у аддзел міліцыі. А мне так націснулі на шыю, што там нешта аж трэснула. У аддзеле выклікалі “хуткую”, тая забрала мяне ў лякарню.

Але самае цікавае, што ўсе медычныя даведкі з нагоды маёй траўмы забралі нейкія два чалавекі ў цывільным, якія прыехалі ў лякарню. Забралі не толькі даведку з дыягназам, але і рэнтгенаўскі здымак. Мне на рукі далі толькі кардыяграму. А куды тыя дакументы адправілі, нават і не ведаю.

– Увогуле, навошта вы прарываліся на тэрыторыю рэстарана?

– Зміцер Казакевіч, як кандыдат у дэпутаты, хацеў пагутарыць з выбарцамі, якія знаходзіліся ў тым рэстаране. Я не лічу, што патрэбны былі такія празмерна жорсткія меры, каб спыняць яго.

– Будзеце абскарджваць рашэнне суда?

– Безумоўна. Таксама звярнуся са скаргай у пракуратуру і Следчы камітэт.

palitviazni.info

Фота: Уладзь Грыдзін/svaboda.org

 

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Аляксандар Казакоў
  • Сяргей Марцалеў