Украінскія палітвязні. Канстанцін Давыдзенка. Брокер, які стаў шпіёнам

6 чэрвеня гэтага году Вярхоўны суд Крыма прызнаў вінаватым у шпіянажы грамадзяніна Украіны Канстанціна Давыдзенку і прысудзіў яго да 10 гадоў і шасці месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму.

Як паведамляе «Інтэрфакс», Давыдзенку затрымалі супрацоўнікі ФСБ у Сімферопалі ў лютым 2018 года. Па дадзеных спецслужбы, яго завербавалі ў Службе бяспекі Украіны для разведкі ў Крыме, дзе ён нібыта збіраў «звесткі аб найноўшых узорах ваеннай тэхнікі, электронікі, сродкаў сувязі трэцяга пакалення і прыбораў начнога бачання, ўцечка якіх магла нанесці шкоду бяспекі РФ».

31-гадовы Канстанцін Давыдзенка – уражэнец горада Шахцёрск Данецкай вобласці Украіны. Пасля заканчэння Данецкай акадэміі кіравання па спецыяльнасці “эканоміка” пайшоў працаваць у прыватнае прадпрыемства “Данецка-ўсходні брокерскі гандлёвы дом”. Гэтая фірма была заснавана ў 2004 годзе і належыць яго бацьку, паведамляе krymr.com.

Бацькі Давыдзенкі зараз жывуць на тэрыторыі Данецкай вобласці, якая не падкантрольная Украіне, а Канстанцін разам з сям’ёй пераехаў у Харкаў. Там, па словах яго бацькі, ён займаў пасаду кіраўніка гарадскога філіяла брокерскага дома. Гэтае прадпрыемства выконвае заказы як на тэрыторыі, што знаходзіцца пад кантролем Украіны, так і ў падкантрлольных сепаратыстамі рэгіёнах. Нярэдка бываў Канстанцін Давыдзенка і ў Крыме.

Яго бацька Аляксандр Давыдзенка сцвярджае, што ў Крыме сын займаўся ацэнкай маёмасці. Апошні раз выехаў туды 10 лютага і праз чатыры дні павінен быў вярнуцца з камандзіроўкі.

Блізкія Канстанціна Давыдзенкі абвяргаюць інфармацыю, што той быў супрацоўнікам украінскіх спецслужб і лічаць гэтую справу цалкам сфальсіфікаванай. Такім чынам, спіс палітычных вязняў у Расіі папоўніўся.

palitviazni.info

Фота: vesti.ru

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні