Ігар Комлік: Ужо два месяцы чакаю адказ з Цэнтральнага РУУС

Фігурант “справы прафсаюзаў” Ігар Комлік не пакідае намер прыцягнуць да адказнасці тых, хто напісаў пра яго на адным з сайтаў інфармацыю, якая не адпавядае рэчаіснасці.

“Калі вышэйзгаданы артыкул – не паклёп, то няхай знойдуць і аддадуць мне маёмасць, якую мне прыпісалі ў СМІ”, – распавёў сайту palitviazni.info адзін з лідараў прафсаюза РЭП.

Нагадаем, што ў маі мінулага года, калі прысуд фігурантам палітычна матываванай “справы прафсаюза” яшчэ не быў вынесены, на сайце belnovosti.by з’явілася публікацыя пад назвай “Фіктыўны РЭП Фядыніча”, у якой, па словах Комліка, быў паклёп на прафсаюзных лідараў.

18 красавіка Мінскі гарадскі суд разглядаў апеляцыю лідараў прафсаюза РЭП Ігара Комліка і Генадзя Фядыніча і пакінуў у сіле рашэнне суда Цэнтральнага раёна Мінска. 14 лютага ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска лідарам прафсаюза РЭП Генадзю Фядынічу і Ігару Комліку было адмоўлена ў іх іскавых патрабаваннях да сайта belnovosti.by.

“Я хацеў, каб за паклёп была ўзбуджана крымінальная справа, але ў гэтым было адмоўлена, – кажа Ігар Комлік. – Напісаў ліст начальніку Цэнтральнага РУУС Мінска, каб мяне азнаёмілі з матэрыяламі справы. І ўжо зыходзячы з гэтага, буду прымаць рашэнне, у якія інстанцыі далей звяртацца. Я нават у міліцыі зрабіў запіс у Кнігу скаргаў і прапаноў, што мне ўжо два месяцы не могуць даць з гэтай нагоды адказ. Калі не адкажуць, то буду звяртацца ў Пракуратуру”.

Ігар Комлік адзначае, што, калі не ўдасца даказаць, што на яго паклёпнічалі, то няхай шукаюць маёмасць, якую яму прыпісалі ў артыкуле.

“Акрамя таго, будзем рашэнне Мінскага гарадскога суда абскарджваць у Вярхоўным судзе”, – дадае прафсаюзны лідар.

palitviazni.info

Фота: palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Арцём Дубскі
  • Зьміцер Хведарук
  • Ігар Аліневіч
  • Зьміцер Касьпяровіч