Палітолаг Валерый Карбалевіч пра “справу БЕЛТА”: Ім трэба было запужаць і стварыць атмасферу страху

Палітолаг Валерый Карбалевіч распавёў сайту palitviazni.info пра тое, чаму ўлады вырашылі давесці “справу БЕЛТА” да суда.

“Калі ўлады распачыналі справу супраць TUT.BY, ім трэба было знайсці нейкія кручкі, на якіх можна трымаць галоўны інфармацыйны партал краіны”. – мяркуе палітолаг.

Нагадаем, Марына Золатава засталася адзінай абвінавачванай па «справе БелТА», астатнія фігуранты — 14 супрацоўнікаў розных СМІ — былі вызваленыя ад крымінальнай адказнасці з прыцягненнем да адміністрацыйнай. Акрамя штрафаў журналісты былі абавязаны кампенсаваць прад’яўленую шкоду. Сумы розныя — ад 3 да 17 тысяч рублёў, інфармуе TUT.BY.

Галоўнага рэдактара партала абвінавачваюць па ч. 2 арт. 425 Крымінальнага кодэкса (Бяздзейнасць службовай асобы), санкцыя артыкула — ад штрафу і да 5 гадоў пазбаўлення волі.

Суд над Марынай Золатавай працягнецца 25 лютага.

– Калі ўлады вырашылі давесці гэтую справу да рэальнага суда, значыцца ім гэта патрэбна і шкадавання ў іх няма, – кажа Валерый Карбалевіч. – Хаця абсалютна відавочна, што справа магла быць спынена на любым этапе, як спынілі яе адносна іншых фігурантаў. Але маем тое, што маем: сёння галоўны рэдактар TUT.BY Марына Золатава – на лаве падсудных.

– У такім выпадку, ці дасягнулі ўлады тых мэтаў, якія ставілі перад сабой, калі распачыналі гэты гучны палітычны працэс?

– Праблема ў тым, як тая ці іншая палітычная сіла ўспрымае сітуацыю суб’ектыўнасці. Ёсць аб’ектыўная рэальнасць, а ёсць уяўленне пра гэтую рэальнасць. І яны часам не супадаюць. І ў дадзеным выпадку мы якраз маем такую сітуацыю.

Улады бачаць, што ёсць праблема, якая заключаецца ў страце манаполіі над інфармацыяй і інфармацыйнымі плынямі ў грамадстве. А такая дзяржаўная манаполія існавала доўгі час, і пры такім раскладзе ўлада адчувала сябе досыць камфортна. Цяпер, у век Інтэрнэту, такая манаполія страчана, бо тут дзяржаўныя СМІ значна прайграюць незалежным.

Таму перад уладамі стаіць пытанне: што рабіць у такой сітуацыі? І ўвесь мінулы год прайшоў пад уплывам гэтай сітуацыі, улады ліхаманкава спрабавалі нешта змяніць. Былі зменены кіраўнікі некаторых вядучых дзяржаўных медыя, праводзіліся розныя нарады, прынялі змены ў Закон аб СМІ. Потым быў пераслед цяпер ужо былога кіраўніка БелаПАН Алеся Ліпая, да гэтага часу працягваецца ціск на тых журналістаў, якія не маюць акрэдэтацыю…

Такім чынам улады дзейнічалі ўвесь час, як толькі стварыўся аўтарытарны рэжым. Па гэтай жа логіцы яны дзейнічаюць і сёння, бо іншай у іх проста няма. Яны не ведаюць, як яшчэ канкурыраваць з незалежнымі СМІ, і не хочуць пра гэта ведаць. Ва ўлады іншая тактыка: трэба запужаць, стварыць атмасферу страху, трэба, каб апаненты пастаянна баяліся і ўключылі самацэнзуру. Да таго ж, калі распачыналі справу супраць TUT.BY, ім трэба было знайсці нейкія кручкі, на якіх можна трымаць галоўны інфармацыйны партал краіны. Мяркую, што падчас ператрусаў былі знойдзены нейкія рэчы, з дапамогай якіх улады спадзяюцца трымаць партал у страху і пад кантролем. Улада думае, што сваёй мэты яна дасягнула.

– Захад “праглыне” гэтую палітычную справу і такі ціск на незалежныя СМІ ў Беларусі?

– Па-першае, Захаду зараз не да такіх “дробязей”, як суд над галоўным рэдактарам TUT.BY. За краты нікога не кінулыі партал не закрылі – ужо добра. Для Захада на гэты момант куды важней геапалітыка, чым дэмакратычныя каштоўнасці. Еўропа змяніліся арыенціры і ў дачыненні да падтрымкі грамадзянскай супольнасці Беларусі, і зараз асноўная плынь еўрапейскіх грошай ідзе менавіта дзяржаўным структурам і рознага кшталту фондам.

Ёсць, безумоўна, пэўныя заявы міжднародных праваабарончых арганізацый, Еўрапарламента, але гэта абсалютна дзяжурныя рэчы, якія робяцца больш для самаапраўдання. І беларускія ўлады гэтую сітуацыю цудоўна разумеюць. І асабліва не перасцярагаюцца, калі распачынаюць палітычныя справы.

Акрамя таго, улады ў апошні час дзейнічаюць досыць асцярожна і звычайна не пераходзяць чырвоную рысу. Таму і “справа патрыётаў” не дайшла да суда, і лідарам прафсаюза не далі рэальныя тэрміны, і Марына Золатава, мяркую, не апынецца за кратамі.

– Ці могуць у бліжэйшы час у краіне з’явіцца новя крымінальныя справы з палітычным адценнем?

– Не магу зрабіць такі прагноз, але відавочна адно: палітычны пераслед апанентаў будзе працягвацца, пакуль існуе гэты рэжым. Хаця цяжка сказаць, у якім выглядзе будуць рэпрэсіі. Усё будзе залежыць ад канкрэтнай сітуацыі і ад таго, якую ў гэтым улада будзе бачыць для сябе пагрозу. Дамоклаў меч будзе пастаянна вісець над апазіцыяй і прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці.

palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Андрэй Саньнікаў
  • Васіль Лявонаў
  • Аляксандар Казулін
  • Іван Крук
  • Сяргей Скрабец