Алесь Бяляцкі прэзентаваў сваю новую кнігу “Турэмныя сшыткі”

12 лютага на пляцоўцы “Тэрыторыя правоў” адбылося адкрыццё выставы «Лісты палітвязняў: ад 1996 года да нашых дзён”, а таксама прайшла прэзентацыя новай кнігі кіраўніка Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алеся Бяляцкага “Турэмныя сшыткі”.

Перад тымі, хто прыйшоў на імпрэзу, выступілі былыя палітвязні Алесь Бяляцкі, палітык і паэт Уладзімір Някляеў, гісторык Зміцер Дрозд, якія пасля зняволення выдалі кнігі пра свой турэмны досвед.

“У 1996 годзе ў краіне з’явіліся першыя палітычныя зняволеныя, і гэта было шокам для грамадства, – пачала мерапрыемства літаратарка і праваабаронца Паліна Сцепаненка. – Людзей пачалі кідаць за краты за свае погляды і грамадзянскую пазіцыю., і гэта быў толькі пачатак рэпрэсій у Беларусі. Пасля гэтага ў краіне з’явілася больш за 200 палітвязняў.

Натуральна, увесь час, пакуль людзі знаходзіліся за кратамі, ішла перапіска з блізкімі і знаёмымі, і мы хацелі на выставе паказаць лісты палітвязняў, як знак салідарнасці беларусаў. Гэтая салідарнасць можа і не была асабліва прыкметнай для грамадства, але, тым не менш, яна была вельмі значная.”.

Алесь Бяляцкі, Уладзімір Някляеў і Зміцер Дрозд распавялі прысутным пра тое, як ім даводзілася ў няволі: пра першыя дні за кратамі, пра стасункі з адміністрацыяй папраўчых устаноў і іншымі асуджанымі, пра свой турэмны літаратурны досвед.

А Алесь Бяляцкі прэзентаваў сваю новую кнігу “Турэмныя сшыткі” і распавёў, як яна стваралася.

“Гэта, можна сказаць, незапланаваная кніга, – кажа Алесь. – Своеасаблівы турэмны дзённік. Калі быў у калоніі, нешта запісваў для сябе, спадзяючыся, што на аснове гэтага дзённіка напішу нейкія нармальныя ўспаміны. Рабіў пункцірныя запісы таго, што бачыў, каб не забыць.

Спачатку запісы былі вельмі раскіданыя. Я пісаў у розных сшытках неразборлівым почаркам, зашыфроўваў прозвішчы, хаваў допісы ў розных паперах, якіх у мяне ў выніку назбіралася каля двух пудоў. Відаць, таму адміністрацыя гэтымі запісамі і не зацікавілася, хаця пэўна што мае паперы яны перабіралі. І калі я ўжо выдаў тыя тэксты, якія раней задумваў, засталіся толькі гэтыя турэмныя нататкі з дзённіка. Вырашыў, што гэта, напэўна, таксама многім будзе цікава”.

“Калі б Алесь Бяляцкі не трапіў у турму, мяркую, не былі б ім напісаны і многія цудоўныя літаратурныя творы, – з гумарам дадаў паэт і бард Эдуард Акулін. – І я вельмі рады, што пры напісанні “Турэмных сшыткаў” у аўтары Мальер перамог Шэкспіра. У кнізе вельмі шмат гумару, іроніі і нават самаіроніі, і я прачытаў яе з задавальненнем”.

palitviazni.info

Фота: Андрэй Крэчка

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Алесь Пушкін
  • Уладзімер Лыско
  • Аляксандар Казакоў
  • Мікіта Ліхавід
  • Уладзімір Кондрусь