Гары Паганяйла: Рашэнне аб высылцы Ганны Красулінай павінны адмяніць

Сёння, 18 снежня, суд Маскоўскага раёну Мінска разглядзіць скаргу прэс-сакратара Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ганны Красулінай на рашэнне міліцыі аб яе высылцы з Беларусі. Пачатак працэса – а 16-й гадзіне.

“Вялікага аптымізму няма з нагоды вынясення справядлівага рашэння няма”, – шчыра прызналася сайту palitviazni.info Ганна Красуліна.

Нагадаем, што Ганна Красуліна нарадзілася ў Расіі і мае расійскае грамадзянства. У Беларусь яна пераехала ў 2002 годзе. Муж і дзеці Красулінай маюць беларускае грамадзянства.

13 лістапада яна даведалася ў аддзеле па грамадзянстве і міграцыі Маскоўскага раёну Мінска пра высылку ў Расію. Прычынай для дэпартацыі сталі быццам бы тры адміністрацыйныя правапарушэнні: за дзве несанкцыянаваныя акцыі і неаплочаны праезд у грамадскім транспарце. Гэта з’явілася падставай для прыняцця ў адносінах да Красулінай рашэння пра высылку «у інтарэсах грамадскага парадку».

28 лістапада Красуліна абскардзіла вынесенае УУС адміністрацыі Маскоўскага р-на рашэнне аб высылцы ў ГУУС Мінгарвыканкама, аднак ужо 30 лістапада ёй паведамілі, што скарга не была задаволеная і рашэнне аб высылцы было пакінутае без зменаў. Вынесенае рашэнне было абскарджанае ў судзе Маскоўскага раёна.

– Калі ацэньваць усю гэтую сітуацыю, то відавочна, што дзяржава паступае незаконна, – каментуе сітуацыю юрыст Беларускага Хельсінкскага Камітэта Гары Паганяйла. – У такіх выпадках, калі гутарка ідзе пра абмежаванне істотных правоў і свабод грамадзяніна, неабходна разглядаць, наколькі гэтыя абмежаванні на самай справе суадносяцца з канстытуцыйнымі мэтамі, і ці грунтуюцца яны на законе.

Адным словам, патрэбен пошук баланса, бо акрамя сур’ёзнага абмежавання ў правах Красулінай, мы разумеем, што будзе пакарана і яе сям’я. Яна прывезла ў Беларусь сваіх састарэлых бацькоў, даглядае за імі, таму ў гэтай сітуацыі пацерпіць не адзін чалавек. Але гэтыя абставіны зусім не разглядаюцца дзяржаўнымі чыноўнікамі.

– Ці цягнуць тыя тры адміністрацыйныя правапарушэнні, якія атрымала Ганна Красуліна, на высылку з краіны?

– Яны абсалютна малазначныя і, упэўнены, не павінны былі прывесці да высылкі. Аргументы ўладаў вельмі сумніўныя. Два правапарушэнні быццам бы за ўдзел у несанкцыянаваных акцыях – гэта звычайныя пікеты падчас выбарчай кампаніі, у якой удзельнічала і Красуліна. І нават штраф за бясплатны праезд у транспарце сюды “прышпілілі”, хаця гэтае правапарушэнне не адносіцца да парушэння грамадскага парадку. Адным словам, абсалютна відавочна, што справу прыцягнулі за вушы з усіх бакоў.

Таму правабарончая супольнасць адназначна выказала сваю пазіцыю: дзяржава паступае няправільна. Калі суд будзе дзейнічаць з пазіцыі закона і тых стандартаў, якія агаворваюцца ў міжнародна-прававых актах (а Беларусь узяла на сябе абавязальніцтвы выконваць дамовы ў вобласці правоў чалавека), то рашэнне аб высылцы Ганны Красулінай павінны адмяніць. Але з іншага боку і спадзявацца на гэта, відаць, не даводзіцца.

– Вы лічыце, што справа тут знаходзіцца толькі ў палітычнай плоскасці?

– Гэта для ўсіх відавочна. Красуліна з’яляецца прэс-сакратаром апазіцыйнай партыі, актыўна ўдзельнічае ў многіх партыйных мерапрыемствах і выказвае сваю грамадзянскую пазіцыю.

Чалавека судзяць за палітычную дзейнасць, і ў такім выпадку, дзяржава наогул павінна тысячу разоў падумаць, каб прымаць такія палітычна матываваныя рашэнні, бо рэакцыя і ўнутры краіны, і за мяжой будзе неадназначная.

– На ваш погляд, рашэнне аб высылцы Красулінай – гэта прыватная ініцыятыва міліцыі ці рашэнне прымалася на больш высокім узроўні?

– У нас ніколі шэраговы міліцэйскі чыноўнік не стане прымаць рашэнне, якое выкліча вялікі палітычны рэзананс. Мяркую, што каманда ішла зверху, хаця не магу прагназаваць, адкуль менавіта.

Адно зразумела – гэтае рашэнне ніякім чынам не сумяшчальнае з заявай беларускіх уладаў, што ў краіне пачаліся нейкія дэмакратычныя пераўтварэнні. Таму, на мой погляд, тыя, хто сочыць за сітуацыяй, ведаюць пра гэта. І калі няма каманды, каб вырашыць гэтае пытанне цывілізаваным шляхам, значыцца дадзена каманда аб высылцы Красулінай на высокім узроўні.

— Навошта гэта ўладам, калі затым МЗС павінна будзе апрўдвацца перад заходнімі калегамі і адказваць на нязручныя пытанні?

– Ні для каго не сакрэт, што ва ўладзе таксама дзейнічаюць розныя плыні. Адны выступаюць за збліжэнне з Захадам, іншыя цягнуць краіну ў “светлае ўчора”. Відаць, тыя, хто не хоча весці Беларусь за цывілізаваным светам раз-пораз і прымаюць неадназначныя рашэнні, якія, можа быць, не ўсім ва ўладзе і падабаюцца.

Не выключаю, што будзе хапаць рознага кшталту рэпрэсій і падчас выбарчай кампаніі, якая ўжо не за гарамі. Улада, нягледзячы на тое, што ўсе інструменты правядзення выбараў у іх руках, па-ранейшаму баіцца любой актыўнасці ў грамадстве. Вось і працуюць на прафілактыку.

palitviazni.info

Фота: tut.by

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Аляксандар Зьдзьвіжкоў
  • Зьміцер Касьпяровіч