Валянцін Стэфановіч: Беларуская дэлегацыя фактычна адмовілася абмяркоўваць праблему палітвязняў у Беларусі

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч распавёў сайту palitviazni.info пра тое, як тэма палітвязняў узнімалася на пасяджэнні Камітэта па правах чалавека ААН у Жэневе.

“Камічнасць сітуацыі заключалася ў тым, што прадстаўніца Следчага каітэта назвала “банальнымі хакерамі” фігурантаў “справы БЕЛТА” ў сценах Камітэта па правах чалавека ААН, дзе перад гэтым ішла размова пра прэзумцыю невінаватасці”, – кажа суразмоўца.

Нагадаем, што афіцыйны Мінск упершыню за 21 год прадставіў сваю справаздачу аб выкананні Міжнароднага пакта грамадзянскіх і палітычных правоў на пасяджэнні Камітэта па правах чалавека ААН у Жэневе.

Акрамя таго, была прэзентаваная і альтэрнатыўная справаздача, падрыхтаваная праваабарончай супольнасцю. У тым ліку, праваабаронцы распавядалі і пра сітуацыю з палітвязнямі ў краіне.

– У нашым дакладзе мы ўзгадвалі пра палітычных зняволеных у Беларусі, – кажа Валянцін Стэфановіч. – Распавядалі пра Зміцера Паліенку і Міхаіла Жамчужнага, успаміналі пра “справу прафсаюзаў” і “справу БЕЛТА”. Дарэчы, у сябраў камітэта былі да прадстаўнікоў беларускай дэлегацыі пытанні па абедзвух справах і ўвогуле па сітуацыі з правамі прафсаюзаў…

Але беларускія чыноўнікі ўхіляліся ад адказаў, казалі, што ўсе астатнія меркаванні – суб’ектыўныя і не трэба, маўляў, пра такія “прыватнасці” наогул узгадваць. Адным словам, беларуская дэлегацыя фактычна адмовілася абмяркоўваць праблему палітычных зняволеных у Беларусі.

– А ці застаецца на Захадзе гэтая тэма актуальнай?

– Гледзячы пра што мы кажам. Напрыклад, ААН – гэта не палітычны інструмент, там усё абмяркоўваецца праз прызму правоў чалавека, ажыццяўлення іх і пераслед у сувязі з гэтым.

А калі мы кажам пра такія заходнія структуры, як Еўрасаюз, то тут сітуацыя выглядае досыць дваістай. Напрыклад, у апошняй рэзалюцыі Еўрапарламента ўзгадваліся беларускія палітвязні Міхаіл Жамчужны і Зміцер Паліенка. Але, скажам, калі я чытаў інтэрв’ю кіраўніцы прадстаўніцтва Еўрасаюза ў Мінску Андрэй Віктарын, то яна заявіла што Еўрасаюз сёння не лічыць Жамчужнага і Паліенку палітвязнямі. Па іх версіі, палітычных зняволеных у Беларусі ўжо няма. А Еўрапарламент лічыць, што яны ёсць.

– Розныя палітычныя падыходы?

– Так. Раней на Захадзе лічылі, што ў Беларусі ёсць палітвязні, а зараз кажуць, што гэтае пытанне ўжо закрытае, “палітычных” няма.

– 9 лістапада Мінскі гарадскі суд будзе разглядаць апеляцыю лідараў прафсаюза РЭП Ігара Комліка і Генадзя Фядыніча на рашэнне раённага суда, які асудзіў прафсаюзных дзеячаў на чатыры гады «хатняй хіміі» з забаронай займаць кіруючыя пасады тэрмінам на пяць гадоў. Яны не будуць прызнаны праваабаронцамі палітычнымі зняволенымі?

– Не будуць, бо асуджаны без накіравання ва ўстановы закрытага тыпу. Але, безумоўна, мы іх лічым ахвярамі палітычнага пераследу. Настойвалі і настойваем на тым, каб гэтая справа была перагледжана, а абвінавачванне знялі.

Па-першае, мы не бачна, што вінаватасць Комліка і Фядыніча была належным чынам даказана ў судзе ў сувязі з тымі акалічнасцямі, якія сталі вядомыя. Гэта і ціск на сведкаў, і гісторыя з сакратаркай прафсаюза, якая была завербавана Камітэтам дзяржаўнай бяспекі. Апошняе ўвогуле дэманструе палітычны характар “справы прафсаюзаў”, бо навошта ў такім разе ўкараняць у арганізацыю агента спецслужбаў?

Акрамя таго, пра быццам бы замежны рахунак прафсаюза ніхто ніякага афіцыйнага пацвярджэння не перадаваў. Знайшлі альбо самі намалявалі нейкую паперу, дасталі яе з нейкай невядомай паштовай скрыні (экспертыза не ўстанавіла прыналежнасць дакумента), і гэта было прадстаўлена ў якасці доказнай базы. Што гэта за доказы?

– І гэта вельмі небяспечны прэцэдэнт…

– Безумоўна, бо мы бачым, што сілавікі ўжо нават не абцяжарваюць сябе пошукамі доказаў. Уся гэтая сітуацыя з праблемай доступа да замежнага фінансавання робіць усе арганізацыі грамадзянскай супольнасці безабароннымі. Могуць узяць любую такую арганізацыю і распачаць крымінальную справу. Пры гэтым спаслацца на невядомую паштовую скрыню і гэтага будзе дастаткова для суда, каб асудзіць людзей. Вельмі небяспечна так абыходзіцца з такой доказнай базай.

– У “справе БЕЛТА”, відаць, таксама праблема з доказнай базай. Як мяркуеце?

– У Жэневе, калі прадстаўніцы Следчага камітэта пачалі задаваць пытанні з гэтай нагоды, яна назвала фігурантаў справы “банальнымі хакерамі”. Пры гэтым яна сказала ў такой форме, што, маўляў, факт ужо устаноўлены. Хаця людзям яшчэ нават абвінавачванне не прад’явілі.

А затым гэтая самая прадстаўніца пачала супярэчыць сама сабой, бо сказала, што абвінавачванне яшчэ не прад’явілі. Але пры гэтым фактычна абвінаваціла людзей у хакерстве. Камічнасць сітуацыі заключаецца ў тым, што ўсё гэта прагучала ў сценах Камітэта па правах чалавека ААН, дзе перад гэтым ішла размова пра прэзумцыю невінаватасці. Але нашым “прафесійным юрыстам”, відаць не зразумела, што гэта такое.

palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Валеры Шчукін