Дзяніс Урбановіч: Cтаяць буду да апошняга…

Адзін з абаронца Курапатаў Дзяніс Урбановіч распавёў сайту palitviazni.info пра сябе, сваю прынцыповую грамадзянскую пазіцыю і знаходжанне на “сутках”.

“Падчас знаходжання ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў прыходзілі міліцыянеры ды палохалі, што магу адправіцца ў турму, калі буду працягваць абараняць Курапаты”, – кажа Дзяніс.

Дзяніс Урбановіч жыве ў Лагойскім раёне. Ён браў удзел у пікетаванні рэстарана «Поедем поедим» каля Курапатаў з пачатку чэрвеня.

1 ліпеня яго затрымалі ў Мінску разам з актывісткай Вольгай Мікалайчык, абодвум далі 10 сутак адміністрацыйнага арышту за ўдзел у пікетаванні рэстарана.

— У свой час я вучыўся ў ПТУ на майстра мантажна-будаўнічых работ, – кажа Дзяніс Урбановіч. – Але апошнім часам, на жаль, не працую. Вельмі складана ў нашай краіне знайсці працу, калі раней цябе судзілі па палітычным артыкуле. Пасля прэзідэнцкіх выбараў зняў сцяг над будынкам ў вёсцы Кораньшчына ў Лагойскім раёне, дзе праходзіла галасаванне, а на шыльдзе «выбары» напісаў «За празрыстыя выбары».

У выніку быў суд, за абразу дзяржаўнага сцяга атрымаў 2 гады. Яшчэ і брата разам са мной пасадзілі. Хаця напачатку наогул ледзь не тэрарыста хацелі з мяне зрабіць, казалі, што выбухоўку рыхтаваў на выбары ў 2015 годзе, удзельнічаў у ставарэнні нейкіх бандыцкіх фарміраванняў. Праўда, затым гэтыя артыкулы змяніліся.

Хацелі, дарэчы, на 4 гады пасадзіць, але далі толькі два гады зняволення. Следчыя казалі нам так: маўляў, калі ў СМІ справа не трапіць да таго, як прэзідэнт прыме прысягу, то атрымаеце па мінімуму. У адваротным выпадку “выпішуць” па максімуму. Я і напісаў сястры і бацьку, каб тыя гвалт у прэсе не падымалі. За брата ж таксама перажываў, які затым атрымаў паўтары гады, хаця практычна нічога не рабіў.

Таму зараз з працай, як ужо казаў складана, нават міліцыя не можа ўладкаваць. Як пачуюць прозвішча, то адразу адмаўляюць мне ў працы.

– Чаму вы вырашылі далучыцца да абаронцаў Курапатаў?

– Калі была абарона мемарыяла ад забудоўлі ў 2017 годзе, то яшчэ сядзеў у калоніі. Натуральна, перажываў, нават міліцыянеры ў мяне пыталіся: “Нешта, Урбановіч, ты сумны ходзіш. Што з табой здарылася?” — “Курапаты трэба абараняць, — адказваў, — які тут можа быць настрой?”

Таму, калі ўжо быў на волі і даведаўся пра варту ля Курапатаў, то 1 чэрвеня быў ужо там. Патэлефанаваў усім сябрам і знаёмым, запрасіў далучацца да абароны мемарыяла. Мой сярэдні брат таксама прыязджаў і далучаўся да абароны.

І я хачу сказаць, што зараз абаронцам даводзіцца даволі складана. Шмат правакацый, людзей адпраўляюць на “суткі”.

– Як мне падаецца, у мінулым годзе падчас абароны Курапат усё было больш арганізавана…

– Тады была крыху іншая сітуацыя. Людзі не давалі забудоўшчыку нешта будаваць ля мемарыяла, а зараз жа рэстаран ужо пабудаваны. І падчас абароны элементарана не хапае чалавечага рэсурса. Мы ж дамаўляліся, чыя арганізацыя і ў які дзень павінна несці варту ля Курапат. І вось, напрыклад, чарга Партыі БНФ дзяжурыць, а нікога з яе прадстаўнікоў няма. А аднаму там таксама складана знаходзіцца. У мяне міліцыянеры і бел-чырвона-белы сцяг адбіралі і спрабавалі затрымаць.

– Як можа вырашыцца гэтая сітуацыя?

– Перамовы ж з уладальнікамі рэстарана так і не адбыліся. Думаю, трэба прыцягнуць да працы прафесійных юрыстаў і дамагацца таго, каб вярнулі старыя ахоўныя зоны Курапат. Але асабіста я буду там стаяць да канца.

– За абарону Курапат не так даўны вы ўжо атрымалі 10 сутак адміністрацыйнага арышта…

– Прыходзілі міліцыянеры, усё палохалі, што магу адправіцца ў турму, калі буду працягваць абараняць Курапаты. Казалі так: “Паколькі раней ты меў судзімасці, то адправіць цябе за краты значна лягчэй, чым астатніх абаронцаў”. Але я думаю, што гэта яны проста палохаюць турмой. А вось на “суткі” адпраўляць могуць. І асабіста мяне яны не запалохаюць. Я не магу паступіцца сваімі прынцыпамі і сваёй грамадзянскай пазіцыяй. Мае сваякі ляжаць у Курапатах, я стаяць буду да апошняга.

palitviazni.info

Фота: belsat.eu

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Юры Казак
  • Міхаіл Чыгір
  • Яна Палякова
  • Павал Шарамет