Хто такая суддзя Марына Фёдарава?

30 ліпеня пачнецца суд працэс над лідарамі прафсаюза РЭП Генадзем Фядынічам і Ігарам Комлікам.

Як паведаміў сайту palitviazni.info Генадзь Фядыніч, весці працэс будзе суддзя Савецкага суда г.Мінска Марына Фёдарава.

Як высвятлілася, гэтая суддзя ўжо не ў першы раз прымае ўдзел у палітычных працэсах. Мы ўзгадалі толькі некаторыя з іх.

2013 год

6 жніўня суд Савецкага раёна прысудзіў праваабаронцам Уладзіміру Лабковічу і Таццяне Равяка штрафы – па 30 базавых велічынь кожнаму. Праваабаронцы праводзілі інфармацыйную акцыю ў межах Міжнароднага дня салідарнасці з грамадзянскай супольнасцю Беларусі.

Ён быў прымеркаваны да даты арышту віцэ-прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека, кіраўніка Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алеся Бяляцкага, арыштаванага 4 жніўні 2011 году. Прысуд Таццяны Равяка выносіла суддзя Марына Фёдарава.

2014 год

17 сакавіка суддзя Савецкага раёна Мінска Марына Фёдарава прызнала старшыню Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзьку вінаватым па артыкуле 17.1 (дробнае хуліганства) і частцы 1 арт. 23.34 (парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў) Кодэкса аб адміністрацыйных парушэннях. За першае парушэнне ён атрымаў 5 сутак арышту, за другое — 10.

Лябедзька і яшчэ восем удзельнікаў перадвыбарчага пікета АГП былі затрыманы 16 сакавіка ля Камароўскага рынка.

Згодна з адміністрацыйнымі пратаколамі, Лябедзька нібыта спрабаваў наладзіць бойку і нецэнзурна выказваўся ў дачыненні да другога сакратара БРСМ Аляксея Марозіка, які і заявіў на Лябедзьку ў міліцыю.

У сваю чаргу Лябедзька падкрэсліў, што ўдзельнічаў у афіцыйна дазволеным перадвыбарным пікеце кандыдата ў дэпутаты мясцовых саветаў ад АГП Антона Жалко. Таксама ўдзельнікі пікета нагадалі пра беларускіх палітзняволеных і бясследна зніклых палітыках, што не супярэчыць праграме кандыдата ў дэпутаты.

2016 год

Суд Савецкага раёна Мінска 21 ліпеня аштрафаваў намесніка старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва на 20 базавых велічынь (420 рублёў), прызнаўшы яго вінаватым ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мітынгу 25 сакавіка з нагоды Дня Волі.

Кастусёў адзначыў, што быў адным з арганізатараў акцыі. «На мне вісеў бэджык з надпісам «арганізатар». Падчас акцыі ў мой адрас не паступіла ніводнай заўвагі», — сказаў палітык.

Паўторны разгляд адміністрацыйнай справы вяла суддзя Марына Фёдарава, якая падтрымала паказанні супрацоўнікаў міліцыі.

***
28 ліпеня старшыня РГА «Перспектыва» Анатоль Шумчанка быў аштрафаваны на 20 базавых велічыняў (420 дэнамінаваных рублёў) за ўдзел у акцыі на Дзень Волі 25 сакавіка. Такое рашэнне 28 ліпеня вынесла суддзя суда Савецкага раёна Мінска Марына Фёдарава.

У пастанове суда сказана, што 25 сакавіка ў 18.40 ён «узяў актыўны ўдзел у мітынгу, на правядзенне якога адсутнічае дазвол Мінгарвыканкама». Сведкай у судзе выступіў участковы міліцыянер Віталь Паўлоўскі, які заявіў, што Шумчанка «выкрыкваў лозунгі». Сам лідар «Перспектывы» гэта адмаўляў.

2017 год

27 сакавіка двух апазіцыйных актывістаў — таксіста Леаніда Кулакова і барда Дзмітрыя Захарэвіча — суд Савецкага раёна Мінска прыгаварыў да 25 і 20 сутак адміністрацыйнага арышту адпаведна.

Суддзя Марына Фёдарава прызнала іх вінаватымі на падставе арт. 23.4 (непадпарадкаванне законным патрабаванням службовай асобы) і арт. 23.34 (парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў) КоАП. Абодва былі затрыманыя 25 сакавіка падчас вулічнай акцыі ў цэнтры Мінска.

 

***

15 верасня суд Савецкага раёна Мінска асудзіў  палітыка Уладзіміра Някляева на 7 сутак арышту. Такое рашэнне прыняла суддзя Марына Фёдарава.

8 верасня Уладзімір Някляеў узяў удзел ў мітынгу на Кастрычніцкай плошчы і шэсці па праспекце Незалежнасці з нагоды Дня вайсковай славы. Удзельнікі акцыі таксама выказалі пратэст супроць уцягвання Беларусі ў канфлікт Расіі з NATO праз удзел расійскіх войскаў у вучэннях „Захад-2017“.

Вядома, што раніцай 15 верасня Някляеў меўся пайсці да лекара.

***

Адным словам, у Марыны Фёдаравай багаты вопыт удзелу ў палітычных справах, таму нічога дзіўнага ў тым, што яна будзе весці працэс па “справе прафсаюзаў” няма.

Сама суддзя ў 2006 годзе ў дзяржаўных СМІ прызнавалася, што “на суддзяў прыпадае вялізная нагрузка, але не хацелася б назваць гэта механічным канвеерам. Гэта асэнсаваная і рытмічная вытворчасць”.

Зараз пад гэтую “асэнсаваную рытмічную вытворчасць” патрапілі Генадзь Фядыніч і Ігар Комлік. Пабачым, які будзе прысуд…

palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Юлія Чыгір
  • Віталь Мацукевіч
  • Яўген Сувораў
  • Уладзімір Кондрусь
  • Васіль Парфянкоў