Алесь Бяляцкі: Беларускае заканадаўства прыводзіць да “крымінальных” казусаў

Упраўленне дэпартамента фінансавых расследаванняў (ДФР) Камітэта дзяржкантролю па Мінску і Мінскай вобласці 12 чэрвеня пачало ў дачыненні да дырэктара інфармацыйнай кампаніі БелаПАН Алеся Ліпая крымінальную справу па ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса па факце ўхілення ад выплаты падаходнага падатку ў асабліва буйным памеры.

“Жорсткае беларускае заканадаўства накіравана супраць дзейнасці незалежных няўрадавых арганізацый, у тым ліку, і мас-медыя”, – пракаментаваў сітуцыю сайту palitviazni.info праваабаронца Алеся Бяляцкі.

“Падставай для распачынання крымінальнай справы паслужылі атрыманыя з падатковых органаў матэрыялы праверкі А.І.Ліпая па фактах нявыплаты ім падаходнага падатку з даходаў, атрыманых за мяжой, – гаворыцца ў паведамленні на сайце КДК. – Так, у фінансавай міліцыі маецца дакладная інфармацыя пра тое, што А.І.Ліпай, атрымаўшы ў 2016—2017 гадах ад нерэзідэнтаў Рэспублікі Беларусь даход на агульную суму больш як 1,3 млн рублёў у эквіваленце, наўмысна не падаў ва ўстаноўленыя тэрміны ў інспекцыю Міністэрства па падатках і зборах па месцы жыхарства падатковыя дэкларацыі і не выплаціў падаходны падатак. Тым самым А.І.Ліпай ухіліўся ад выплаты падаходнага падатку на агульную суму больш як 173 тыс. рублёў”.

“Ліпай пасля выяўлення гэтага факту прызнаў парушэнне заканадаўства і 12.06.2018 зрабіў выплату падаходнага падатку і пені ў памеры больш за 191 тыс. рублёў. Тым не менш, улічваючы, што памер урону ў выглядзе нявыплачанага падаходнага падатку перавысіў 1 тыс. базавых велічынь (24,5 тыс. рублёў), незалежна ад яго наступнай кампенсацыі фінансавая міліцыя абавязаная ў адпаведнасці з Крымінальна-працэсуальным кодэксам ажыццявіць комплекс крымінальна-працэсуальных дзеянняў, накіраваных на ўсталяванне абставінаў атрымання грашовых сродкаў. Цяпер органамі фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю праводзяцца неадкладныя следчыя і іншыя працэсуальныя дзеянні”, – адзначаецца ў паведамленні.

Санкцыя па ч. 2 арт. 243 КК прадугледжвае абмежаванне волі на тэрмін да 5 гадоў або пазбаўленне волі на тэрмін ад 3 да 7 гадоў з канфіскацыяй маёмасці або без канфіскацыі і з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю або без пазбаўлення, інфармуе БелаПАН.

Нагадаем, 14 чэрвеня ў кватэры дырэктара і заснавальніка БелаПАН Алеся Ліпая прайшоў вобшук. Паводле наяўнай інфармацыі, ордэр на вобшук падпісаў пракурор горада ў межах крымінальнай справы. Прадстаўнікі ДФР прыйшлі ў кватэру Ліпая каля 7.00. Ліпай адразу ж звязаўся з праваабаронцам Алесем Бяляцкім і да яго прыходу не адчыняў дзверы.

– Можна сказаць, што гэтая крымінальная справу падобная на маю, – кажа Алесь Бяляцкі. – Паколькі ДФК даў афіцыйную інфармацыю па справе, стала вядома, у чым абвінавачваецца Алесь Ліпай. А абвінавачванні тыя ж самыя, што прад’яўляліся і мне, і фігурантам “справы прафсаюзаў” Генадзю Фядынічу і Ігару Комліку – нясплата падаткаў у асабліва буйных памерах. Зразумела, што дадзеныя беларускія ўлады атрымалі афіцыйным шляхам, хаця пакуль і не вядома, з якой краіны. Можна меркаваць, што гэта, хутчэй за ўсё, адна з краін Еўрасаюза, і пазней гэта стане вядома дакладна.

Крымінальная справа ўзбуджана, а значыцца яна ідзе ў боку суда. Адзіны, хто яе можа спыніць, дык гэта беларускі кіраўнік. Калі ж такога жадання ў яго не будзе, то адбудзецца суд.

– Адным словам, крымінальныя справы па гэтым артыкуле прайшліся ўладам даспадобы…

– Жорсткае беларускае заканадаўства накіравана супраць дзейнасці незалежных няўрадавых арганізацый, у тым ліку, і мас-медыя. У выніку гэта і прыводзіць да такіх “крымінальных” казусаў. Яны сведчаць пра ненармальнасць сітуацыі, якую стварыла дзяржава для грамадзянскай супольнасці ў Беларусі. Гэта вынік драконаўскай палітыкі ў дачыненні да той самай супольнасці.

Увогуле, законы, якія тычацца няўрадавых арганізацый, Закон аб СМІ нельга лічыць дэмакратычнымі, яны ж не праходзяць нармальных грамадскіх экспертыз ні ўнутры Беларусі, ні з боку міжнароднай супольнасці, якое ацэньвае беларускае заканадаўства.

– Яшчэ не закончылася “справа прафсаюзаў”, а ўжо распачата новая гучная крымінальная справа. Навошта гэта ўладам?

– Улада паказвае, што яна працягвае кантралояваць сродкі масавай інфармацыі, і зараз удар нанесены па буйнейшым інфармацыйным агенцтве. Зразумела, што захады па пошуках фінансавання няўрадавых арганізацый, незалежных прафсаюзаў, СМІ вядуцца пастаянна. У мінулым годзе распачалася “справа прафсаюзаў”, зараз новая справа супраць Алеся Ліпая. Усё гэта паказвае, што беларускія спецслужбы увесь час праводзяць гэтыя захады, дабываючы інфармацыю як законным так і незаконным чынам.

– Ці можна сказаць, што справа Алеся Ліпая мае палітычнае адценне?

– Для мяне гэта відавочна. Гэтая крымінальная справа найперш накіравана супраць распаўсюду незалежнай інфармацыі.

palitviazni.info

 

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні