Генадзь Фядыніч: Няўжо ўладам хочацца мець такую “ганаровую грамату”?

Старшыня прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч распавёў сайту palitviazni.info пра візіт у Мінск місіі Міжнароднай Канфедэрацыі Працы і Глабальнага саюза IndustriALL, якая ў тым ліку падымала і пытанне гучнай крымінальнай справы, якая распачата ў дачыненні да прадстаўнікоў незалежнага прафсаюза.

“Было дакладна сфармулявана, што міжнародныя прафсаюзы разглядаюць “справу прафсаюзаў”, як ціск. Таму ўладам зрабілі пасланне – няхай робяць высновы”, – кажа суразмоўца.

Як ужо паведамлялася, у Беларусь днямі наведалася місія Міжнароднай Канфедэрацыі працы і Глабальнага саюза IndustriALL. У межах місіі адбыліся сустрэчы з прадстаўнікамі МЗС і Міністэрства працы.

– Я б сказаў, што падчас сустрэч бакі вялі сябе вельмі паважліва, але ж кожны застаўся пры сваім, – кажа Генадзь Фядыніч. – Адзін аднаго выслухалі, і ў той жа час усё гэта нагадвала размову сляпога з глухім. Прадстаўнікі Міністэрства працы казалі, што яны не бачаць ніякага пагаршэння сітуацыі з правамі працоўных і незалежных прафсаюзаў, маўляў, з усімі працуюць.

Але ж міжнародных прафсаюзных дзеячаў, як кажуць, на мякіне ўжо не правядзеш. Таму тыя ў карэктнай і ў той жа час жорсткай форме выказалі сваю пазіцыю адносна таго, што зараз насамрэч ёсць у Беларусі. Хаця місія па сутнасці не пачула ніводнага адказу ад дзяржаўных чыноўнікаў на канкрэтныя пытанні. Але гэта таксама нейкі вынік. Яны пабачылі, як гэта ўсё робіцца, і ў якіх умовах нам даводзіцца працаваць.

У рэшце рэшт, будзе яшчэ сесія Міжнароднай арганізацыі працы, дзе “беларускае пытанне” ізноў падымуць. Ёсць і шэраг іншых накірункаў, якім, безумоўна, беларускія ўлады не парадуюцца. Калі апошнія так абыходзяцца з правамі працоўных і прафсаюзаў, то мы напярэдадані Еўрапемскіх гульняў-2019, якія пройдуць у Беларусі, таксама будзем інфармаваць людзей за мяжой наконт таго, што адбываецца ў краіне.

– Якія пытанні місія задавала прадстаўнікам улады з нагоды “справы прафсаюзаў”, якая не закрыта і цягнецца ўжо каля 9 месяцаў?

– Скажам так, пытанні былі не самыя прыемныя. Адзначалася, што я, як фігурант справы, пазбаўлены права выехаць з мяжу на розныя мерапрыемствы, як сябра выканкама саюза IndustriALL…

Дарэчы, намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны перавёў размову у іншую плоскасць – “справа прафсаюзаў” – гэта не палітычная, а эканамічная справа. Маўляў, калі не фігуранты справы не вінаватыя, то ім нічога не будзе. Я пры гэтым ўзгадаў пра той пераслед, які бачым у дачыненні да актывістаў нашага прафсаюза апошнім часам. Ператрусы, допыты, на мяжы людзей прымушаюць распранацца… І гэта – “эканамічная” справа? У адказ была – цішыня. Дзяржаўным прадстаўнікам нават не было чаго адказаць.

Увогуле, візіт місіі у Мінск – першы крок, які пакуль рэальных вынікаў не даў. Але ж пабачым, як будуць справы далей развівацца.

– Місія адзначыла, што за апошні год прагрэсу з боку ўладаў няма?

– Місія заявіла, што ёсць рэгрэс, а не прагрэс. Распачатая крымінальная “справа прафсаюзаў”, ганебны дэкрэт аб “дармаедах” – усё гэта міжнародныя прадстаўнікі адзначылі. А вось супрацоўнікі Мінпрацы адразу ж запярэчылі – маўляў, гэта ўсё нармальная сітуацыя.

– Улады сёння зацікаўлены падтрымліваць добрыя стасункі з той жа Міжнароднай Канфедэрацыяй працы ці з Глабальным саюзам IndustriALL?

– У чэрвені пройдзе сесія Міжнароднай арганізацыі працы, і беларускія ўлады вельмі зацікаўлены, каб там далі больш-менш нармальную ацэнку працы ўрада. Але ж МАП не падманеш – там добра ведаюць сітуацыю. Там аперуюць фактамі, а не абяцаннямі.

– “Справа прафсаюзаў” працягнута да 1 мая. Магчыма, візіт гэтых высокіх гасцей можа ўвогуле закрыць справу?

– Наша ўлада непрадказальная, таму тут сітуацыя залежыць найперш ад вярхоўнай улады. Як там вырашаць – так і будзе.

Пры жаданні справу могуць і надалей працягнуць, але ж зараз было дакладна сфармулявана, што міжнародныя прафсаюзы разглядаюць гэтую справу як ціск. Таму ўладам зрабілі пасланне: рабіце высновы. А вось якія яны будуць, нельга спрагназаваць. Я не думаю, што візіт місіі може паставіць кропку ў справе прафсаюзаў.

– У такім выпадку, якія негатыўныя наступствы для ўладаў можна чакаць на чэрвеньскай сесіі МАП?

– Беларускія ўлады могуць патрапіць пад чарговыя рэкамендацыі і санкцыі . І, думаю, зараз, калі наладжваюцца нейкія кантакты з Еўропай, мець “такую “ганаровую грамату” нікому не хочацца. Дарэчы, я прапанаваў аднавіць яшчэ і “чорныя спісы” для шэрагу беларускіх чыноўнікаў. Тыя, хто нас “прэсуе”, павінны ведаць, што і для іх можа наступіць за гэта пэўная адказнасць.

palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Вінцук Вячорка
  • Віталь Рымашэўскі