Міжнародная Канфедэрацыя прафсаюзаў нагадае ў Мінску беларускім уладам пра “справу прафсаюзаў”

“На наступным тыдні ў беларускую сталіцу завітае дэлегацыя Міжнароднай Канфедэрацыі прафсаюзаў і Глабальнага саюза IndustriALL, якая правядзе шэраг сустрэч з незалежнымі прафсаюзамі і прадстаўнікамі дзяржаўных органаў, – распавёў сайту palitviazni.info адзін з фігурантаў “справы прафсаюзаў” Ігар Комлік. – У тым ліку, уладам нагадаюць і пра нашу справу, раследванне якой працягнута да 1 мая”.

Нагадаем, што бухгалтар прафсаюза РЭП Ігар Комлік утрымліваўся пад вартай з 2 жніўня 2017 году ў межах крымінальнай справы, узбуджанай супраць яго і старшыні прафсаюза РЭП Генадзя Фядыніча па ч.2 арт.243 Крымінальнага кодэкса РБ (ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры).

Санкцыя гэтага артыкула прадугледжвае пакаранне да 7 гадоў зняволення з канфіскацыяй маёмасці. Паводле афіцыйнай інфармацыі Камітэта дзяржаўнага кантролю Беларусі, у ходзе праверкі ў межах узбуджанай крымінальнай справы ўстаноўлена, што «старшыня і галоўны бухгалтар прафсаюзнай арганізацыі з мэтай асабістага ўзбагачэння адкрылі ад імя прафсаюза рахункі ў замежных банках, на якія пастаянна паступалі буйныя сумы грашовых сродкаў».

2 кастрычніка Ігар Комлік быў вызвалены з СІЗА пад падпіску аб нявыездзе, але расследаванне ідзе да гэтага часу. Расследванне справы працягнута да 1 мая 2018 году.

“Нейкай новай інфармацыі па справе няма, але сябраў прафсаюза па ўсёй краіне працягваюць выклікаць на размовы да следчых, – распавядае Ігар Комлік. – Каля трох месяцаў таму змянілася следчая група, але з таго часу асабіста мяне ніводнага разу на допыты не выклікалі. Тым не менш, у межах крымінальнай справы я знаходжуся пад падпіскай аб нявыяздзе і нават, калі пакідаю горад, то павінен паставіць у вядомасць суадносныя органы”.

Ігар Комлік не верыць, што 1 мая справу закрыюць.

“Калі справа будзе працягнута, то і прафсаюз РЭП будзе знаходзіцца ў падвешаным стане”, – адзначае суразмоўца.

Тым часам на наступным тыдні ў Мінск наведаюцца прадстаўнікі Міжнароднай Канфедэрацыі прафсаюзаў і Глабальнага саюза IndustriALL.

“Наколькі вядома, будуць сустрэчы ў МЗС, магчыма, і ў прадстаўнікоў Следчага камітэта запытаюць перспектывамі справы прафсаюза РЭП, – кажа Ігар Комлік. Ва ўсялякім разе, гэтае пытанне абавязкова падымуць. Гэта дастаткова ўплывовыя ў свеце структуры, таму пабачым, як павядуць сябе ў гэтай сітуацыі беларускія ўлады. І пабачым, ці будзе ў гэтай ўлады жаданне не псаваць сабе імідж”.

palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Міхась Субач
  • Наста Дашкевіч
  • Аляксандар Казулін
  • Уладзімер Сяргееў