Павел Севярынец: Хлопцы правільна зрабілі, што падалі ў суд

 Былыя фігуранты “справы патрыётаў” Андрэй Дундукоў, Віктар Мароз, Сяргей Стрыбульскі і Віктар Данілаў накіравалі калектыўны грамадзянскі пазоў у суд Маскоўскага раёна Мінска.

“Не варта разлічваць на кампенсацыю, але хлопцы зрабілі правільны крок”, – распавёў сайту palitviazni.info палітык і былы палітвязень Павел Севярынец.

Пазоўнікі просяць кампенсаваць маральную шкоду, атрыманую ў выніку незаконнага затрымання, прыцягнення іх у якасці абвінавачаных, утрымання пад вартай, а таксама прымянення падпіскі аб нявыездзе і належных паводзінах. Адказнікам у справе выступае Міністэрства фінансаў.

Папярэдняе судовае слуханне прызначана на 27 сакавіка, 14.30, інфармуе spring.96.org.

Нагадаем, што затрыманні пачаліся год таму, пасля заявы Аляксандра Лукашэнкі 21 сакавіка мінулага году, што ў Беларусі “затрымалі дзясяткі баевікоў”, якія “трэніраваліся ў лагерах са зброяй”. Цягам некалькіх дзён стала вядома пра 35 затрыманых. Спачатку паведамлялася, што справа вядзецца аб “падрыхтоўцы масавых беспарадкаў” (ч.3 арт.293 КК), пазней з’явілася абвінавачанне ў “стварэнні незаконнага ўзброенага фарміравання і ўдзеле ў ім” (арт.287 КК).

Паступова фігуранты выйшлі на волю пад падпіску аб нявыездзе, а ў чэрвені справа была перададзена ў Следчы камітэт Беларусі.

Па справе аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў праходзіла 35 чалавек. З іх 20 абвінавачваліся яшчэ і па артыкуле аб незаконным узброеным фарміраванні.

30 лістапада 2017 году старшыня Следчага камітэта Іван Наскевіч заявіў, што “папярэдняе расследаванне па крымінальнай справе скончана, 27 лістапада прынята рашэнне аб спыненні крымінальнага пераследу ўсіх фігурантаў па справе і аб спыненні самога расследавання крымінальнай справы”.

“Тое, што хлопцы падалі ў суд пазовы, гэта слушны крок, лічыць Павел Севярынец. – Патрабаваць справядлівасці трэба ў любым выпадку. Пазовы неабходны больш для новай Беларусі, каб пры пераглядзе гэтых спраў панеслі адказнасць тыя, хто ініцыянаваў крымінальны пераслед. Увогуле, заведзеная год таму на людзей крымінальная справа – гэта проста беззаканонне! І вінаватыя павінны быць пакараны. Думаю, рана ці позна, але да гэтага прыйдзем”.

Са слоў палітыка, няма падставаў спадзявацца на тое, што пры сёняшняй сістэме суд вынесе справядлівае рашэнне, але паказваць беззаконне ўсё роўна неабходна.

“Думаю, хлопцы нічога акрамя адпісак не атрымаюць, – дадае Павел Севярынец. – Але яшчэ раз падкрэслю – пазовы патрэбны дзеля будучых пакаленняў і дзеля будучыні краіны. Таму ўсе дакументы і фальсіфікацыі павінны захавацца ў гісторыі”.

palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Аляксандар Францкевіч
  • Вадзім Кабанчук
  • Наста Дашкевіч