Валянцін Стэфановіч: Яшчэ раз патлумачу, чаму Святаслава Барановіча не прызналі палітвязнем…

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч распавёў сайту palitviazni.info пра крытэры вызначэння статуса палітычнага зняволенага і патлумачыў, чаму асуджаны Святаслаў Барановіч не падыходзіць пад гэтыя крытэры.

“Барановіч мог быць прызнаны палітычным зняволеным, калі б прымяняў сілу, як самаабарону ад сілавікоў”, – кажа суразмоўца.

Нагадаем, што 12 сакавіка суд Маскоўскага раёна Мінска прызнаў грамадскага актывіста Святаслава Барановіча вінаватым ва ўчыненні гвалту ў адносінах да супрацоўнікаў органаў унутраных справаў і прызначыў пакаранне ў выглядзе трох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

Пасля “Маршу недармаедаў” вясной мінулага года Барановіч абараняў анархістаў, якіх затрымлівалі міліцыянеры ў цывільным. Дарэчы, у 2011 годзе Святаслава Барановіча асудзілі на тры гады “хатняй хіміі” за ўдзел у “Плошчы-2010”.

Зараз разгарнуліся дыскусіі і спрэчкі вакол таго, чаму праваабаронцы не прызналі Барановіча палітвязнем…

– Святаслаў Барановіч мог быць прызнаны палітычным зняволеным, калі б прымяняў сілу, як самаабарону ад сілавікоў, – кажа Валянцін Стэфановіч. – Калі б у дачыненні да яго здзяйсняліся нейкія дзеянні праваахоўнікаў, якія перавышалі свае паўнамоцтвы, альбо ён памыляўся б у дачыненні да таго, да каго прымяў фізічную сілу. Адным словам, калі б не прызнаваў сваю віну і не казаў бы пра тое, што ведаў, што людзі ў цывільным – гэта супрацоўнікі міліцыі.

– А ці можна саму “справу Барановіча” назваць палітычна матываванай?

– Нельга і менавіта таму праваабаронцы не прызналі Святаслава палітвязнем. Калі ж казаць пра рэалізацыю сваіх правоў, то ён быў удзельнікам мірнага сходу, прымаў удзел у акцыі і асабіста яго ніхто не затрымліваў.

Падчас той акцыі увогуле нікога не затрымлівалі, акрамя тых, хто фармальна парушаў парадак правядзення мерапрыемства. А гэта дытыцца тых анархістаў, якія закрывалі свае твары хусткамі падчас акцыі.

– Сёння многія кажуць, што гэта адвакат “падставіў” Святаслава Барановіча, бо параіў таму прызнаць сваю віну.

– Адваката выбірала сям’я Барановіча, таму я не ведаю, што тут можна дадаць. І што значыцца “падставіў”? Адвакат у сваёй дзейнасці кіруецца пазіцыяй свайго кліента, якога абараняе.

Святаслаў падчас следства даваў паказанні, на судзе іх пацвердзіў. І адвакат кіруецца гэтымі паказаннямі. Калі ж суд перайшоў да спрэчак бакоў, то Барановіч сказаў спачатку, што з аднаго боку прызнае сваю віну, а з іншага – не ведаў, што гэта былі супрацоўнікі міліцыі. Але, калі чалавек хацеў змяніць паказанні, то ён меў такую магчымасць і раней.

– Калі б Святаслаў Барановіч звярнуўся да юрыстаў з Праваабарончага цэнтра “Вясна”, ці магло б гэта змяніць сітуацыю і паўплываць на прысуд?

– Цяжка сказаць, але тут сітуацыя найперш залежыла ад самога Барановіча. А ён сказаў следчым і суддзі тое, што сказаў. Заявіў, што ведаў, каго біў і прызнаў віну. І гэтага аказалася дастаткова для таго, каб быў вынесены прысуд з рэальным тэрмінам зняволення.

Іншая справа, што сама сітуацыя, калі супрацоўнікі міліцыі працуюць у цывільным, спрэчная. І мы на гэта ўжо даўно звярталі ўвагу.

– Гэта супрацьзаконна?

– Наколькі вядома, Закон аб міліцыі не рэгламентуе, у якім выпадку сілавікі павінны быць у форме, а ў якім не, бо праваахоўнікі спалучаюць як галосныя, так і негалосныя метады працы. Немагчыма апісаць усе выпадкі, калі яны павінны быць у форме, а калі без яе. Гэта ўсё зыходзіць з тых задач, што ставяцца.

Але, калі мы кажам пра ахову парадку падчас масавых мерапрыемстваў, то міліцыянеры, безумоўна, павінны быць абазначаны. Гэта ёсць і ў кіруючых прынцыпах АБСЕ, што тычыцца працы паліцыі падчас масавых мерапрыемстваў.

Акрамя таго, паводле Закона аб міліцыі, у выпадку любых абмежаванняў правоў грамадзян супрацоўнікі міліцыі павінны патлумачыць ім прычыны і падставы такіх абмежаванняў. З чаго вынікае, што сілавікі павінны нейкім чынам абазначыць сябе – хаця б прадставіцца.

Калі чалавека затрымліваюць, то, натуральна, ён мае права ведаць, хто гэта робіць. Калі ж затрымліваюць людзі не ў форме, то гэта стварае сітуацыю, што грамадзяне, памыляючыся і не ведаючы, хто перад імі, могуць аказваць супраціў, прымяняць самаабарону, калі да чалавека прымяняецца сіла. І гэта стварае дадатковую праблемнасць.

Таму нам падаецца, што міліцыянеры павінны абавязкова быць у форме, і тады людзі дакладна будуць ведаць, хто перад імі знаходзіцца. І мы настойваем на тым, каб гэтай нормы прытрымлівалася сілавое ведамства. Шмат у якіх еўрапейскіх краінах на практыцы выкарыстоўваюцца такія рэчы, каб пры нагодзе заўсёды можна было ідэнтыфікаваць супрацоўніка міліцыі.

– Тэарэтычна Святаслаў Барановіч не мог ведаць, хто перад знаходзіцца – міліцыянеры альбо не…

– Тэарэтычна – так, ён мог прыняць міліцыянераў за ўдзельнікаў дэманстрацыі альбо, напрыклад, апанентаў анархістаў. Але ж тыя паказанні, якія даў сам Святаслаў, ніхто іншы за яго не даваў. І праваабаронцы не могуць за яго дамысліваць і ведаць, чаму ён даў такія паказанні.

У дадатак ёсць відэа, на якім бачна, што ў спрэчны момант сілавікі не ўваходзілі ў тралейбус, іх туды не пусцілі. Але справу ўзбудзілі толькі ў дачыненні да Барановіча, таму што астатнія не ўжывалі фізічны гвалт да міліцыянераў. І той міліцыянер, якога ўдарыў Святаслаў, ніякай сілы да яго не прадпрымаў. Таму пра самабарону размова не ідзе. Менавіта гэтымі крытэрамі кіраваліся праваабаронцы, калі адмовілі Барановіча ў статусе палітвязня.

palitviazni.info

Фота: nn.by

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Міхаіл Марыніч
  • Максім Дашук
  • Міхась Крываў
  • Сяргей Скрабец