У “справе патрыётаў” кропка пакуль не пастаўлена

Грамадскі прадстаўнік сем’яў фігурантаў “справы патрыётаў” Ніна Шыдлоўская кажа, што пакуль рана ставіць кропку ў гэтай гучнай справе.

“Яшчэ пракуратура не сказала сваё слова, і, да таго ж, заведзены новыя “крыміналкі”, – распавядае яна.

Нагадаем, што затрыманні пачаліся пасля заявы Аляксандра Лукашэнкі 21 сакавіка гэтага года, што ў Беларусі “затрымалі дзясяткі баевікоў”, якія “трэніраваліся ў лагерах са зброяй”. Цягам некалькіх дзён стала вядома пра 35 затрыманых. Спачатку паведамлялася, што справа вядзецца аб “падрыхтоўцы масавых беспарадкаў” (ч.3 арт.293 КК), пазней з’явілася абвінавачанне ў “стварэнні незаконнага ўзброенага фарміравання і ўдзеле ў ім” (арт.287 КК).

Паступова фігуранты выйшлі на волю пад падпіску аб нявыездзе, а ў чэрвені справа была перададзена ў Следчы камітэт Беларусі.

Па справе аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў праходзіла 35 чалавек. З іх 20 абвінавачваліся яшчэ і па артыкуле аб незаконным узброеным фарміраванні.

У апошні дзень восені старшыня Следчага камітэта Іван Наскевіч заявіў, што “папярэдняе расследаванне па крымінальнай справе скончана, 27 лістапада прынята рашэнне аб спыненні крымінальнага пераследу ўсіх фігурантаў па справе і аб спыненні самога расследавання крымінальнай справы”.

“Зараз хлопцы знаёмяцца з пастановай аб спыненні і з матэрыяламі справы па іх хадайніцтве, – кажа Ніна Шыдлоўская. – Пасля гэтага матэрыялы накіруюць у пракуратуру, і яшчэ яна павінна сказаць сваё слова. Безумоўна, выклікаюць аптымізм словы Наскевіча пра тое, што ў справе пастаўлена кропка, але ж гэта ўсяго толькі словы. Афіцыйна кропка яшчэ не пастаўлена. Пракуратура можа адправіць справу на дапрацоўку”.

Са слоў Ніны Шыдлоўскай, выклікаюць непакой і заведзеныя новыя крымінальныя справы.

“Як вядома, у дачыненні да Андрэя Бяляўскага, у якога знайшлі адзін патрон, заведзена крымінальная справа паводле 2 часткі 295 артыкула Крымінальнага кодэксу Беларусі за незаконны выраб, набыццё, перадачу ў валоданне, збыт, захоўванне, перавозку, перасылку або нашэнне агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў, выбуховых рэчываў, – адзначае яна. – Увогуле ж, нам вядома, што крымінальныя справы па гэтым артыкуле заведзены на трох фігурантаў “справы патрыётаў”. Добра, што яна закрыта, але, каб не сталася так, што вырашаць адыграцца на новых. Каб можа стаць своеасаблівай помстай. Мы, безумоўна, будзем адсочваць сітуацыю і інфармаваць грамадскаць пра тое, як будуць разгортвацца падзеі далей”.

palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Натальля Радзіна
  • Алесь Чарнышоў
  • Аляксандар Васільеў
  • Валер Сядоў
  • Андрэй Пратасеня