“Справа прафсаюзаў”: якія перспектывы?

Адзін з фігурантаў справы, старшыня прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч распавядае пра тое, што “расследванне працягнута яшчэ на два месяцы, а перспектывы досыць нявызначаныя”.

“Мне падаецца, што справу будуць зацягваць, як мага больш”, – кажа суразмоўца.

Нагадаем, што бухгалтар прафсаюза РЭП Ігар Комлік утрымліваўся пад вартай з 2 жніўня ў межах крымінальнай справы, узбуджанай супраць яго і старшыні прафсаюза РЭП Генадзя Фядыніча па ч.2 арт.243 Крымінальнага кодэкса РБ (ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры).

Санкцыя гэтага артыкула прадугледжвае пакаранне да 7 гадоў зняволення з канфіскацыяй маёмасці. Паводле афіцыйнай інфармацыі Камітэта дзяржаўнага кантролю Беларусі, у ходзе праверкі ў межах узбуджанай крымінальнай справы ўстаноўлена, што «старшыня і галоўны бухгалтар прафсаюзнай арганізацыі з мэтай асабістага ўзбагачэння адкрылі ад імя прафсаюза рахункі ў замежных банках, на якія пастаянна паступалі буйныя сумы грашовых сродкаў».

Праваабаронцамі Ігар Комлік быў прызнаны палітычным зняволеным.

– Афіцыйна нам ніхто не паведамляў пра тое, што расследванне працягнута, але гэта робіцца і так аўтаматычна, – кажа Генадзь Фядыніч. – Хаця, як мне падаецца, усё роўна ж павінна быць нейкая пастанова ці абгрунтаванне таго, чаму яно працягнута.

– На ваш погляд, што чакае “справу прафсаюзаў”?

– Мне падаецца, што яе будуць зацягваць як мага больш. Калі б былі нейкія сур’ёзныя зачэпкі, то мы б ужо ведалі пра гэта.

– Напачатку снежня сябра дацкага прафсаюза Таркільд Хансен прыехаў у Міснк на з’езд Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў, а патрапіў на допыт да следчых па вашай справе. Ці ёсць з гэтай нагоды нейкая рэакцыя міжнародных прафсаюзаў?
– Пакуль не вядома, бо дацкі бок сам павінен рэагаваць. Што датычыцца нас, то мы ўжо заявілі пра тое, якія артыкулы закона былі пры гэтым парушаны. Калі для некаторых такі паварот падзей быў нечаканасцю, то мы ўжо да ўсяго прызвычаіліся.

– Некаторыя мяркуюць, што “справу прафсаюзаў” могуць, як і “справу патрыётаў”, з часам спусціць на тармазах…

– Думаю, улады хацелі дадаць прафсаюзу РЭП складанасцей у працы і пэўным чынам ім гэта ўдалося..Камп’ютары нам да гэтага часу не вярнулі, таму ўсё гэта адбіваецца на працы. Праўда, наша правававая служба працуе па-ранейшаму.

palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні