За месяц актывістцы Вользе Мікалайчык “выпісалі” каля 2 тысяч долараў штрафаў

Кінадакументалістка і грамадская актывістка Вольга Мікалайчык з’ехала працаваць ва Украіну, але ў Беларусі ёй працягваюць выпісваць штрафы.

“Прыехала з Кіева на некалькі дзён дадому і даведалася, што толькі за кастрычнік трэба заплаціць каля 2 тысяч долараў”, – распавяла Вольга сайту palitviazni.info.

 

 Нагадаем, што за ўдзел у шматлікіх акцыях пратэсту Вользе Мікалайчык налічылі ў апошні час каля 10 тысяч долараў штрафаў. Таксама судовыя выканаўцы Першамайскага раёну Мінска наклалі забарону на права адчужэння прыватнага дому, дзе жыве жанчына.

Напачатку Вольга прынцыпова адмаўлялася аплочваць штрафы, але затым сітуацыя вымусіла гэта зрабіць, бо актывістка магла стаць невыязной з краіны. Не так даўно актывістка з’ехала ва Украіну, дзе зараз жыве і працуе.

Раней было каля 10 тысяч долараў запазычанасці, але дапамаглі праваабаронцы, а таму часткова штрафы пагасіла, – кажа яна. – Маёмасці было арыштавана на 5 тысяч долараў, мне пагражала забарона на выезд з краіны. Такі варыянт быў непрымальны, таму яшчэ раз удзячна тым праваабарончым структурам, якія дапамаглі выйсці са складанай сітуацыі”.

Вольга Мікалайчык распавядае, што днямі яна прыехала з Кіева на некалькі дзён дадому і даведалася, што толькі за кастрычнік трэба заплаціць каля 2 тысяч долараў.

“Выпісалі чатыры штрафы, – дадае яна. – Адзін – за тое, што трымала лампадку ля КДБ у ланцугу памяці сталінскіх рэпрэсій, другі – за артыкул на сайце, у якім быццам бы заклікала людзей на акцыю, трэці – за тое, што сустракала Паўла Севярынца ля Цэнтра ізаляцыі правааарушальнікаў і чацвёрты – за плакат на мітынгу. Вось такія беларускія рэаліі. А я ў хуткім часе ізноў вяртаюся ў Кіев, дзе збіраюся стала жыць і працаваць. Хаця і не збіраюся ў эміграцыю”.

palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні