Міхаіл Пастухоў: Ідзе “чыстка” адвакацкіх шэрагаў

Працягваецца ціск на адвакатаў фігурантаў справы “аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў”.

“Адвактура ў Беларусі па сутнасці заставалася апошнім легальным дэмакратычным інстытутам па абароне правоў чалавека”, – распавядае сайту palitviazni.info былы суддзя Канстытуцыйнага суда Міхаіл Пастухоў.

Кваліфікацыйная камісія Міністэрства юстыцыі правяла атэстацыю яшчэ 13 адвакатаў. Па інфармацыі ПЦ “Вясна”, сярод тых, хто гэтым разам патрапіў у шэрагі ўмоўна атэставаных, значацца пяць абаронцаў фігурантаў рэзананснай справы “аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў” (так званай справы “Белага Легіёну”). Пры такіх абставінах праваабаронцы выключаюць магчымасць правядзення судовага разбіральніцтва па гэтай крымінальнай справе ў адпаведнасці са стандратамі спарвядлівага правасуддзя.

Нагадаем, што не так даўно была пазбаўлена ліцэнзіі Ганна Бахціна – адвакат фігуранта “справы патрыётаў” Міраслава Лазоўскага.

– Усё гэта – форма расправы над няўгоднымі адвакатамі, – кажа Міхаіл Пастухоў. – Фактычна гутарка ідзе пра новую “чыстку” адвакацкіх шэрагаў. Пад раздачу трапляюць тыя адвакаты, якія праявілі сябе смела і актыўна падчас удзелу ў палітычна матываваных справах.

Пры гэтым выкарыстоўваюцца розныя дробязныя  недапрацоўкі ў працы, звязаныя з афармленнем пэўных дакументаў альбо яшчэ нечага. Задаюцца правакацыйныя пытанні падчас правядзення пераатэстацыі. Адным словам, фактычна такім чынам дзяржава выраўыла разабрацца з тымі, хто яшчэ захоўвае актыўнасць, прынцыповасць і смеласць пры адстойванні правоў сваіх кліентаў.

– Уладам такія адвакаты не патрэбны?

– Як паказвае практыка, не патрэбны. Яны хочуць, каб адвакаты былі паслухмянымі, запалоханымі і шмат у чым садзейнічалі органам следства і суду ў вырашэнні іх абвінаваўчых задач.

– Але ж суды пры неабходнасці і без адваката могуць прыняць якое заўгодна рашэнне…

– Так, але ж яшчэ лепш, калі аркестр грае зладжана, і ніхто не выбіваецца з агульнага рытма. Таму што ў адваротным выпадку ідзе вялікі дысананс. Калі адвакат прыводзіць жалезныя аргументы і патрабуе апраўдаць кліента, а суд прызначае апошняму тэрмін пакарання, то грамадства задаецца пытаннем: што адбываецца? Чаму суды сябе вядуць такім чынам?

Адвактура ў Беларусі па сутнасці заставалася апошнім легальным дэмакратычным інстытутам па абароне правоў чалавека. Калі ж правесці “чыстку” адвакацкіх шэрагаў, прыбраць найбольш прынцыповых, то фактычна у нас будзе на судовых працэсах поўная цішыня і згода. Можна сказаць, як на могілках. І гэта вельмі дрэнна для грамадства, бо яно застанецца безабаронным перад прадстаўнікамі ўлады. Неабходна, каб у нас было наадварот як мага больш смелых адвакатаў, каб яны мелі магчымасць даводзіць сваё меркаванне да грамадскасці. І ў гэтай сувязі, лічу, нам неабходна ўвесці суд прысяжных засядацелей, які б чулі аргументы ў абарону абвінавачанага.

Неабходна таксама пашырыць права юрыстаў быць абаронцамі правоў тых, хто прыцягваецца да адказнасці. Каб не толькі адвакаты выступалі ў ролі абароны, але і дыплаваныя юрысты, блізкія. Канстытуцыя гэта дазваляе. А ў нас усё звужаецца да адвакацкай абароны. І пры гэтым яшчэ і адвакацкія шэрагі чысцяць.

– Вы лічыце, што ідзе палітычная кампанія супраць адвакатаў?

– Мяркую, што так. Такія палітычныя кампаніі перыядычна праходзяць у дачыненні да нашых адвакатаў. Можна ўспомніць падзеі 2010 году, пасля чаго каля дзесяці адвакатаў пазбавіліся ліцэнзій. Зараз пайшла новая хваля.

– У такім выпадку хто будзе абараняць “палітычных”? Не кожны пагодзіцца ўдзельнічаць у палітычных працэсах, і многія, упэўнены, будуць адмаўляцца…

– Негатыўныя наступствы, безумоўна, будуць, паколькі людзі, якія праходзяць па палітычных справах, і насамрэч могуць не знайсці адвакатаў, якія згадзяцца іх абараняць. Удзел у палітычным працэсе можа прывесці да пазбаўлення ліцэнзіі на адвакацкую працу.

Тут можа назірацца сітуацыя, як і ў эканоміцы. Ніхто не хоча быць дырэктарам прадпрыемства, бо людзі ведаюць, што праз некалькі гадоў яны могуць апынуцца за кратамі альбо за злоўжыванне службовым становішчам, альбо яшчэ за нешта.

– Праваабаронцы з нагоды ціску на адвакатаў ужо б’юць ва ўсе званы…

– Я таксама падтрымліваю іх зварот, бо сітуацыя складваецца катастрафічная. Акрамя гэтага, хачу выказаць словы падтрымкі тым прынцыповым адвакатам, якія гонар і прафесійны абавязак ставяць вышэй за ўсё. Сапраўдным адвакатам можна быць толькі тады, калі ставіш гэтыя якасці на першае месца. Складана, безумоўна, працаваць у беларускіх умовах, але прафесіянал павінен выкарыстоўваць усе магчымасці, каб прафесійна рабіць сваю справу па абароне свайго кліента.

palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Алесь Міхалевіч
  • Алесь Пушкін
  • Уладзімір Кондрусь