Чаму пачалі прэсаваць Міхаіла Жамчужнага?

На палітвязня Міхаіла Жамчужнага пасля пераводу ў папраўчую калонію №9 г. Горкі пачаўся ціск – ён ужо другі раз змешчаны ў ШІЗА.

“Мы ведалі пра тое, што ў Міхаіла пачаліся праблемы яшчэ ў Ваўкавыску, але спадзяваліся, што з часам сітуацыя нармалізуецца, – распавядае сайту  palitviazni.info былы калега Жамчужнага па “Платформе” Андрэй Бандарэнка. Але адміністрацыя ў Горках пачала пераходзіць усе межы здаровага сэнсу…”

Міхаіла Жамчужнага адміністрацыя калоніі спрабавала перавесці ў атрад, які сфарміраваны з асуджаных з “нізкім статусам”. Калі палітвязень адмовіўся, на яго быў складзены рапарт аб парушэнні ўмоваў адбыцця пакарання, і ён быў адпраўлены на 5 сутак у ШІЗА, паведаміў spring96.org.

Пасля выхаду з ізалятара, 8 жніўня, яго зноў паспрабавалі адвесці ў той жа атрад, аднак палітвязень зноў адмовіўся і зноў быў адпраўлены ў ШІЗА – ужо на 10 сутак.

“Мы ведалі пра тое, што ў Міхаіла пачаліся праблемы яшчэ ў Ваўкавыску, – кажа Андрэй Бандарэнка.Была пэўная надзея, што сітуацыя нармалізуецца, але яна не вырашылася. Розніца ў тым, што адміністрацыя ў Горках пачала пераходзіць усе межы здаровага сэнсу і стала сістэматычна правакаваць канфлікты, якія прыводзілі да таго, што Міхаілу альбо трэба было парушаць закон, альбо аказацца з пэўным “статусам”.

З ліста Міхаіла Жамчужнага вынікае, што правакацыі зараней былі спланаваны супрацоўнікамі калоніі, якія помсцяць праваабаронцу.

“Нешта падобнае адбывалася і з Аляксеем Мілюковым, сынам вядомага бабруйскага блогера Алега Жалнова, якога накіравалі ў штрафны ізалятар за фармальную адмову займацца ўборкай прыбіральні, – дадае Андрэй Бандарэнка. – Усім добра вядома, што гэтая работа выконваецца ў калоніях асуджанымі з “нізкім статусам”, і гэта аб’ектыўная рэальнасць. Аляксея за адмову спачатку змясцілі ў ШІЗА, затым у ПКТ і пагражалі распачаць крымінальную вытворчасць па ч.2 арт. 411 КК за невыкананне “законных патрабаванняў”. Але ён не мог іх выканаць, паколькі ў такім выпадку ўвесь астатні тэрмін яму давялося б правесці ў “нізкім статусе” ў ізаляванай прасторы. Па сутнасці у калоніях зарах культывуецца маральны ГУЛАГ, накіраваны на зневажэнне зняволенага. А да палітвязня Міхаіла Жамчужнага, відаць, наогул асаблівае стаўленне з боку адміністрацыі калоніі”.

Суразмоўца не выключае, што “далейшае развіццё падзей можа прывесці да таго, што ў адносінах да Жамчужнага таксама могуць прымяніць сумнавядомы 411-ы крымінальны артыкул за яго адмову выконваць законныя патрабаванні, выкананне якіх непазбежна прывяло б да атрымання “нізкага статуса”.

palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні