Ніна Шыдлоўская: Гэтая справа не дае карысці нікому

27 чэрвеня выйшлі на волю пад падпіску аб нявыездзе тры фігуранты “справы патрыётаў” – Сяргей Стрыбульскі, Аляксандр Зімніцкі і Уладзімір Фёдараў.

“У гэтай сітуацыі (асабліва напярэдадні Парламенцкай Асамблеі) уладам можна было б прадэманстраваць добрую волю, аб’ектыўнасць разбіральніцтва і выпусціць усіх фігурантаў справы”, – распавяла сайту palitviazni.info грамадскі прадстаўнік сем’яў фігурантаў “справы патрыётаў” Ніна Шыдлоўская.

Нагадаем, што спынены пераслед па падрыхтоўцы масавых беспарадкаў, але на сёняшні дзень за кратамі застаюцца яшчэ 11 чалавек, супраць якіх заведзены крымінальныя справы па артыкуле «стварэнне незаконнага ўзброенага фарміравання».

– Мне падаецца, што зараз – той момант, калі дае плён дзейнасць грамадскасці, міжнароднай супольнасці і блізкіх зняволеных, якія не проста ціха лілі слёзы, а дзейнічалі, – кажа Ніна Шыдлоўская. – Сёння мы бачым вынік – людзей вызваляюць з ізалятара. Ідзе пэўны зрух, мне падаецца, што здаровы сэнс пачынае перамагаць. Мабыць, як не было доказаў вінаватасці затрыманых, так іх і няма. І ў гэтай сітуацыі (асабліва напярэдадні Парламенцкай Асамблеі) уладам можна было б прадэманстраваць добрую волю, аб’ектыўнасць разбіральніцтва і выпусціць усіх фігурантаў справы. Гэта было б вельмі правільным рашэннем. Таму хочацца верыць, што ў бліжэйшы час яшчэ некалькі чалавек выйдуць на волю, а, увогуле, не хацелася б, каб справа дайшла да суда.

– Заўважана, што хлопцаў выпускаюць на волю “партыямі”…

– Той факт, што справу вывелі з-пад юрысдыкцыі КДБ і перадалі яе весці следчым, ужо не вельмі кепская навіна. Наколькі мне вядома, робіцца спроба аб’ектыўна ва ўсім разабрацца. Паўтаруся, зараз вельмі добрая магчымасць усебакова разглядзець факты і высвятліць, што гэтыя людзі перад законам не вінаватыя.

– Еўропа можа паўплываць на справу?

– Больш чым упэўнена, што якраз еўрапалітыкі могут шмат што зрабіць у гэтай сітуацыі, бо сёння ў грамадстве няма такога палітычнага супрацьсітаяння, як гэта было напрыканцы 90-х альбо пачатку 2000-х. І штучна яго ствараць не выгодна ні грамадству, ні ўладам, ні апазіцыі. Таму прыдумаць на роўным месцы інцыдэнт, які будзе вымагаць дзеянняў грамадскасці па прызнанні ў краіне новых палітвязняў, не на карысць нікому.

palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Тацяна Цішкевіч
  • Уладзімер Падгол
  • Cяргей Антончык
  • Эніра Браніцкая
  • Зьміцер Касьпяровіч