Бацька Зміцера Паліенкі: У сына звычайнае жыццё ў калоніі…

Бацька палітвязня Зміцера Паліенкі, які адбывае пакаранне ў Бабруйскай папраўчай калоніі №2, распавёў сайту palitviazni.info пра ўмовы ўтрымання сына.

“Зміцер папрасіў, каб я яму ўзяў даведку ў паліклініцы пра тое, што ў яго астма. У сына алергія на пыл, а ў тым месцы, дзе ён працуе, якраз шмат пылу”, – кажа Аляксандр Мікалаевіч.

Нагадаем, 7 красавіка суд Заводскага раёна г. Мінска адмяніў адтэрміноўку выканання пакарання, прысуджанага актывісту Змітру Паліенку судом Цэнтральнага раёна ў кастрычніку 2016 года. Нагодай для крымінальнага пераследу стаў удзел Паліенкі ў мірнай акцыі – велапрабегу “Крытычная маса”, які адбываўся 29 красавіка мінулага года і быў гвалтоўна спынены міліцыяй. Такім чынам, з улікам часу ўтрымання пад вартай да суду ў 2016 годзе, актывіст мусіць адбыць паўтары гады зняволення. Праваабарончая супольнасць Беларусі прыйшла да высновы, што асуджэнне Зміцера Паліенкі непасрэдна сталася вынікам рэалізацыі ім свабоды мірных сходаў і выказвання меркавання, і кваліфікуе сацыяльнага актывіста як палітычнага зняволенага, патрабуючы ад уладаў яго неадкладнага вызвалення.

Зараз Зміцер Паліенка адбывае пакаранне ў Бабруйскай папраўчай калоніі №2.

“У апошнім лісце сын паведаміў, што ў яго ўсё нармальна, нейкіх асаблівых складнасцей ва ўзаемаадносінах з адміністрацыяй альбо іншымі зняволенымі няма, – распавядае Аляксандр Мікалаевіч. – Знаходзіцца ў атрадзе, на працы вырабляе нейкія пальчаткі. Зміцер папрасіў, каб я яму ўзяў даведку ў паліклініцы пра тое, што ў яго астма. У сына алергія на пыл, а ў тым месцы, дзе ён працуе, якраз шмат пылу. Праўда, такую даведку мне не даюць, ён не стаіць на ўліку, як астматык”.

Па словах суразмоўцы, напачатку ліпеня ён збіраецца да сына на спатканне.

“Склаў мне цэлы спіс, што яму неабходна, – дадае бацька палітвязня. – Кіпяцільнік просіць, нейкае адзенне, нешта з ежы… Пасылкі можна дасылаць толькі раз у квартал – да 30 кг. Раз на тыдзень можна паразмаўляць 10 хвілін па тэлефоне. Адным словам, звычайнае жыццё ў калоніі…”

palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні