Чаму адпусцілі на волю Сяргея Кунцэвіча?

Днямі выйшаў на волю са следчага ізалятара №1 фігурант “справы патрыётаў” Сяргей Кунцэвіч.

«Не зламаны і яшчэ больш моцны», – так выказаўся пра свайго паплечніка  з Беларускага нацыянальнага кангрэсу былы палітвязень Мікалай Статкевіч.

Сяргей Кунцэвіч – паплечнік Мікалая Статкевіча, член Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі. Ён быў затрыманы напярэдадні Дня волі і змешчаны спачатку ў СІЗА КДБ, а пасля пераведзены на «Валадарку». Яму прад’явілі абвінавачанне па артыкуле 293 ч.3 Крымінальнага кодэкса (падрыхтоўка масавых беспарадкаў).

Сюжэт пра затрыманне Кунцэвіча паказалі на БТ. Журналісты называлі яго «кіроўцам Статкевіча» і дэманстравалі кадры, як з яго машыны дастаюць бутэлькі з гаручай сумессю, так званым кактэйлем Молатава.
Сяргея Кунцэвіча выпусцілі пад падпіску пра нявыезд і неразгалошванне інфармацыі.

– Калі “справу патрыётаў” і вырашаць “спусціць на тармазах”, то шмат у чым гэта будзе заслуга Сяргея Кунцэвіча, – распавядае сайту palitviazni.info Мікалай Статкевіч. –  Таму што фігуранты справы, якіх выпускаюць на волю, выходзяць і маўчаць. Што яны казалі? Што з імі рабілі? Усе спасылаюцца на падпіску аб неразгалошванні інфармацыі. Як быццам гэтыя падпіскі распаўсюджваюцца на катаванні, збіццё, умовы ўтрымання… Неразгалошваць трэба інфармацыю ад следчага. А Сяргей вызваліў сябе сам. Ён здолеў перадаць аб катаваннях на волю…

– Думаеце, што гэта насамрэч паўплывала?

– Безумоўна. Інфармацыя трапіла і ў СМІ, і да ўрадаў дэмакратычных краін. На мінулым тыдні я вёў гаворку па гэтай тэме ў Літоўскай амбасадзе і перадаў копію запіскі ад Сяргея  з ізалятара. І ўжо на наступны дзень гэта абмяркоўвалася на сустрэчы амбасадараў краін Еўрасаюза.

Я ведаю, што некаторыя ўрады, дзе ва ўладзе спацыял-дэмакраты, ужо рыхтавалі ноту пратэсту беларускаму ўраду. Думаю, вышэйназваныя фактары ўсё-такі паўплывалі на вызвалення Сяргея Кунцэвіча.

Акрамя таго, 5 чэрвеня прадстаўнікі Міжнароднага фалютнага фонда ізноў прыязджаюць у Беларусь на перамовы з нагоды выдачы крэдыту. Відаць, уладам не хапае грошай на заробкі сілавікам і вадамёты. І, каб атрымаць грошы, паказваюць быццам бы сваю лаяльнасць, выпускаюць з ізалятараў некаторых патрыётаў.

– Пасля выхаду на волю Сяргей распавёў, што яго катавалі пры затрыманні…

– Так, сілавікі выйшлі на яго пасля таго, як я збег ад іх. Першыя гадзіны яго катавалі электрашокерам, але ён нічога не сказаў. Тады захапілі гаджэты, праглядзелі перамовы… Сяргей казаў, што катаванні працягваліся і пасля затрымання. Ён аб’явіў сухую галадоўку, у яго ўзніклі праблемы з ныркамі. Чалавеку адмаўлялі ў медыцынскай дапамозе, бацькам забаранілі перадаваць лекі. Баяліся, напэўна, што Сяргей можа памерці ў СІЗА КДБ, таму перакінулі яго ў СІЗА №1. Апошні раз яго збівали 1 чэрвеня, за два дні да вызвалення. А ўрачы адмаўляліся яго аглядаць і фіксаваць факты пабоеў, хаця і на руках сінякі, і галава збітая.

І зараз ён маўчаць не будзе. Мы рыхтуем публічны зварот, у якім будзем патрабаваць расследвання гэтага злачынства і пакарання злачынцаў. Калі ўлада на гэта не адгукнецца, то будзем патрабаваць ад дэмакратычных краін увядзення персанальных санкцый супраць усіх, хто мае дачыненне да рэпрэсій – ад суддзяў да турэмных дактароў.

palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Ігар Корсак
  • Зьміцер Новік
  • Ільля Васілевіч
  • Алег Волчак
  • Юрый Рубцоў