Аляксандр Камароўскі: “Белы легіён” – неіснуючая арганізацыя, якую ўваскрэсілі самі сілавікі

Па справе “Белага легіёна” распачынаецца новая крымінальная справа. Па некаторай інфармацыі, абвінавачанне па гэтым артыкуле выставілі 20 чалавекам.

“Яшчэ ў савецкія часы ў Беларусі вынішчаліся патрыёты, таму і сёння нічога новага няма. А ўладам, як заўсёды, патрэбны нейкія ворагі народа”, – распавёў сайту palitviazni.info сузаснавальнік аргкамітэта па стварэнні аб’яднання “Абаронцы Айчыны” Аляксандр Камароўскі.

Па справе “Белага легіёна” распачынаецца новая крымінальная справа, сцвярджаецца ў артыкуле “СБ” за 11 красавіка. Артыкул 287 КК — “Стварэнне незаконнага ўзброенага фармавання”. Абвінавачанне па гэтым артыкуле выставілі 20 чалавекам.

Адзначаецца, што “следства высвятляе факты па стварэнні глыбока заканспіраванай арганізацыі з дакладнай іерархіяй, жорсткай дысцыплінай, аб’яднанай ідэалагічнай асновай, узбраеннем”. Стваралася гэтая арганізацыя нібыта на базе “Белага легіёна”, які насамрэч нібыта ніколі і не распускаўся.

“Асабіста мне ў гэтай справе ўсё зразумела, – кажа былы “афганец” Аляксандр Камароўскі.“Белы легіён” – гэта неіснуючая арганізацыя, якую ўваскрэсілі самі сілавікі. Правільна сказаў стваральнік “Белага легіёну” пра тое, што гэтая структура – стан душы, а не нейкае ваеннае фарміраванне. Сабраліся патрыёты, якія аддана любяць Бацькаўшчыну. Тых, хто наогул нічога не здзейсніў дрэннага, запакавалі і “шыюць” справу. Зрэшты, яшчэ ў савецкія часы ў Беларусі вынішчаліся патрыёты, таму і сёння нічога новага няма. А сілавікам і ўладам, як заўсёды, патрэбны ворагі. Можа быць, тут нават ёсць “рука Масквы”, бо ў Расіі зараз не засталося ў свеце практычна ніводнага саюзніка, і Крамлю выгодна, каб у Беларусі адбылася дэстабілізацыя сітуацыі. А яшчэ лепш – калі самі ж беларускія ўлады будуць біць па сапраўдных беларускіх патрыётах”.

Суразмоўца адзначае, што ў той жа час было шмат выпадкаў, калі ў Беларусі дзейнічаюць прарасейскія ваенна-патрыятычныя структуры, але крымінальных спраў супраць іх чамусьці ніхто не заводзіць.

“Вы паглядзіце, колькі баевікоў з так званых ДНР і ЛНР прыехала ў Беларусь, іх жа амаль не чапаюць, — дадае Аляксандр Камароўскі. – Чаму? Таму што ёсць, магчыма, каманда ад Масквы і ФСБ не чапаць. Затое вырашылі разыграць спектаклі са “справай аб патрыётах”. Доказаў грамадству пакуль прадаставілі нуль, але ворагаў народа ўжо людзям паказалі. І што, нейкая бабка будзе разбірацца, калі перастаў існаваць той “Белы легіён”? Яна чуе і верыць таму, што ёй кажуць сёння. Паказалі нейкія балванкі, назвалі гранатамі і ўжо – баевікі. Прыкра, што ўлады гатовы “ставіць да сценкі” сваіх жа патрыётаў. А справа, упэўнены, на судзе проста разваліцца на кавалкі. А пасля пра яе, хутчэй за ўсё, забудуць. Як і тых дохлых пацукоў, якімі народ пужалі некалькі гадоў таму”.

palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Наста Дашкевіч
  • Кацярына Садоўская
  • Андрэй Гайдукоў