Бацька Андрэя Бандарэнкі: Здароўе сына значна пагоршылася…

Валерый Бандарэнка, бацька праваабаронцы Андрэя Бандарэнкі, распавёў сайту palitviazni.info, як ідзе “дапрацоўка справы” яго сына.

Бягучы тэрмін пакарання ў Бандарэнкі заканчваецца 31 сакавіка 2017 года. Аднак калі яго прызнаюць вінаватым па новай крымінальнай справе, якая заведзена супраць яго за злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, ён можа атрымаць яшчэ да двух гадоў зняволення.

Нагадаем, 9 лютага ў судзе Ленінскага раёна Магілёва прайшло папярэдняе паседжанне па крымінальнай справе супраць зняволенага магілёўскай турмы №4, праваабаронцы Андрэя Бандарэнкі. Яму інкрымінуюць злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы (арт. 411 КК РБ).

Паколькі справа была перададзеная ў суд з парушэннямі, яе вярнулі на дапрацоўку ў пракуратуру.

“Па эпізодзе, з-за якога Андрэю было вынесена спагнанне (а ён і быў закладзена ў аснову абвінавачвання па новай крымінальнай справе), паўторна праводзілася днямі вочная стаўка з жанчынай, якая быццам бы бачыла і чула, што Андрэй не падпарадкаваўся патрабаванням адміністрацыі турмы, – распавядае Валер Бандарэнка. – Тут усё зразумела – неабходная фармальнасць, бо папярэдні следчы не меў паўнамоцтваў такую стаўку праводзіць. Здзівіла іншае. Наколькі мне вядома, падчас усіх гэтых працэдур сына нават не пусцілі паесці, і яму стала дрэнна. У яго наогул стан здароўя ў апошні час пагоршыўся, перадачы ж ён не атрымлівае”.

Са слоў бацькі, давялося выклікаць дактароў.

“Ціск у Андрэя быў 150 на 100, – працягвае ён. – У той жа час урач даў заключэнне, што допыт можна працягваць, і ён працягваўся да позняга вечара. Сын нават не падпісваў пратакол па дадатковаму разбіральніцтву, бо адчуваў сябе дрэнна. Замест яго падпісваў адвакат. А 22 сакавіка Магілёўскі абласны суд на адкрытым судовым пасяджэнні будзе разглядаць скаргі Андрэя на некаторыя іншыя вынесеныя яму спагнанні”.

***

Нагадаем, Андрэй Бандарэнка – былы кіраўнік праваабарончай арганізацыі «Платформ Іннавэйшн», якая займалася маніторынгам месцаў зняволення. У 2014 годзе яго прызналі вінаватым у хуліганстве, злосным хуліганстве і асабліва злосным хуліганстве ў дачыненні да трох грамадзян і асудзілі на 3 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Бягучы тэрмін пакарання ў Бандарэнкі заканчваецца 31 сакавіка 2017 года. Аднак калі яго прызнаюць вінаватым па крымінальнай справе, якая заведзена супраць яго за злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, ён можа атрымаць яшчэ да двух гадоў зняволення. 11 студзеня Андрэю Бандарэнку было прад’яўлена канчатковае абвінавачванне па ч.2 арт 411 УК – “Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, якая выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі, здзейсненае асобай, асуджанай за цяжкае або асабліва цяжкае злачынства”. Яму пагражае пазбаўленне волі на тэрмін да двух гадоў.

Калі Андрэй Бандарэнка атрымае новы тэрмін зняволення па гэтым артыкуле, праваабаронцы прызнаюць яго палітзняволеным.

palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Зьміцер Бандарэнка
  • Яна Палякова
  • Зьміцер Новік