Зварот бацькі Андрэя Бандарэнкі да Лукашэнкі накіравалі ў пракуратуру

Нагадаем, днямі бацька Андрэя Бандарэнкі накіраваў ліст Аляксандру Лукашэнку, у якім прасіў вызваліць сына ад крымінальнага пераследу.

“Як вядома, ліст мы перадалі ў Адміністрацыю прэзідэнта, а зараз я даведаўся, што адтуль яго “адфутболілі” ў Магілёўскую абласную пракуратуру, – распавёў сайту palitviazni.info Валерый Бандарэнка. – Вось і ўвесь эфект ад звароту да кіраўніка краіны”.

“Прыйшоў адказ з Адміністрацыі прэзідэнта, што мой ліст накіраваны для разгляду ў пракуратуру Магілёўскай вобласці, – кажа бацька Андрэя Бандарэнкі. – Я толькі не разумею аднаго – навошта? Я ж звяртаўся да Лукашэнкі, а не ў пракуратуру. А ў тую ж самую Магілёўскую абласную пракуратуру адвакат Андрэя і сам неаднаразова звяртаўся па справе. Адным словам, для мяне такі адказ – проста адпіска”.

Са слоў Валерыя Бандарэнкі, учора яму прыйшоў ліст і ад самога Андрэя.

“Піша, што бачыў мой зварот, падзякаваў за клопат, – працягвае суразмоўца. – А які ж тут клопат з майго боку, калі роднага сына ні за што, ні пра што прэсуюць? Акрамя таго, Андрэй паведаміў, што яго пачалі выводзіць на працу, а вось асаблівага ціску з боку адміністрацыі зараз не назіраецца. Пакуль справу накіравалі на дапрацоўку, відаць, зрабілі паузу”.

***

Нагадаем, Андрэй Бандарэнка – былы кіраўнік праваабарончай арганізацыі «Платформ Іннавэйшн», якая займалася маніторынгам месцаў зняволення. У 2014 годзе яго прызналі вінаватым у хуліганстве, злосным хуліганстве і асабліва злосным хуліганстве ў дачыненні да трох грамадзян і асудзілі на 3 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Бягучы тэрмін пакарання ў Бандарэнкі заканчваецца 31 сакавіка 2017 года. Аднак калі яго прызнаюць вінаватым па крымінальнай справе, якая заведзена супраць яго за злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, ён можа атрымаць яшчэ да двух гадоў зняволення. 11 студзеня Андрэю Бандарэнку было прад’яўлена канчатковае абвінавачванне па ч.2 арт 411 УК – “Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, якая выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі, здзейсненае асобай, асуджанай за цяжкае або асабліва цяжкае злачынства”. Яму пагражае пазбаўленне волі на тэрмін да двух гадоў.

Калі Андрэй Бандарэнка атрымае новы тэрмін зняволення па гэтым артыкуле, праваабаронцы прызнаюць яго палітзняволеным.

palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Міхаіл Марыніч
  • Іван Гапонаў
  • Уладзімер Лыско
  • Яўген Сувораў