Былыя палітвязні арганізавалі ў цэнтры Мінска акцыю пратэста (фота)

17 лютага ў сталіцы прайшоў Марш абураных беларусаў, які арганізавалі былыя палітвязні Мікалай Статкевіч і Уладзімір Някляеў. Па розных ацэнках у мерапрыемстве прынялі ўдзел 2-3 тысячы чалавек.

“Гэта нават больш, чым мы планавалі, – распавёў Уладзімір Някляеў сайту palitviazni.info. – І таму ёсць некалькі прычын…”

Напярэдадні акцыі быў агучаны план правядзення Маршу абураных беларусаў. Збор на Кастрычніцкай плошчы Мінска, правядзенне народнага сходу, а затым шэсце па галоўным праспекце сталіцы да будынка Міністэрства па падатках і зборах, дзе ўдзельнікі акцыі збіраліся выказаць стаўленне да падатку на беспрацоўных. У выніку ўсё прайшло па плане.

Удзельнікі акцыі аднагалосна прагаласавалі за рэзалюцыю з патрабаваннем да ўладаў “адмяніць ганебны дэкрэт № 3 “Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства”, спыніць зніжэнне рэальных даходаў насельніцтва, абкраданне пенсіянераў, павышэнне пенсійнага ўзросту, рост платы за камунальныя паслугі, а таксама вярнуць народу свабодныя, справядлівыя выбары”.

У выпадку, калі на працягу месяца, да 17 сакавіка 2017 года, улада не распачне рэальных захадаў для выканання волі народа, будуць прыняты новыя калектыўныя дзеянні.

“Прыйшло нават болей людзей, чым мы планавалі, – распавёў сайту palitviazni.info Уладзімір Някляеў. – І гэтаму ёсць некалькі прычын. Па-першае, сам дэкрэт скалануў людзей сур’ёзна. Па-другое, спрацавала наша работа па стварэнні ў рэгіёнах сваіх кааліцый. Гэта паказчык таго, як можа эфектыўна працаваць тая беларуская апазіцыя, якая ёсць. Акрамя таго, з намі разам вельмі актыўна працалі незалежныя прафсаюзы (перш за ўсё – прафсаюз РЭП)”.

Па словах палітыка, калі б апазіцыя аб’яднала высілкі, то эфект быў значна лепшы.

“Калі б астатнія апазіцыйныя структуры не гулялі ў свае асобныя гульні, то на акцыю прыйшло яшчэ больш людзей, – дадае Някляеў. – Мы як бачылі сітуацыю? Што асноўную функцыю выконвае прафсаюз. І ён быў асноўным ініцыятарам акцыі. Але, на жаль, не атрымалася выступіць усёй апазіцыі адзіным фронтам”.

palitviazni.info

 

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Зьміцер Дрозд
  • Антон Сурапін
  • Аляксандар Квяткевіч
  • Кастусь Лукашоў
  • Яўген Скочка