Юрый Рубцоў: Нармальна жыць у Беларусі мне ўжо не дадуць

Былы палітвязень Юрый Рубцоў, які папрасіў палітычнага прытулку ў Германіі, распавёў сайту palitviazni.info пра сваё жыццё ў замежжы, а таксама, ці магчыма яго вяртанне ў Беларусь.

“Безумоўна, хацелася б вярнуцца дадому, але ў той жа час я разумею, што нармальна жыць у сваёй краіне мне ўжо не дадуць. Успомняць мінулае, нагадаюць і пра эміграцыю. Жыць пад пастаяннымі рэпрэсіямі? Асабіста я гэтага не баюся, але ў такой сітуацыі ў першую чаргу павінен паклапаціцца пра сям’ю”, – кажа суразмоўца.

Нагадаем, што гамяльчанін Юрый Рубцоў стаў вядомы як “чалавек-майка”. На вулічныя акцыі апазіцыі ў Мінску ён выходзіў у майцы з палітычнымі надпісамі. Самым вядомым стаў лозунг “Лукашэнка, сыходзь!”. У кастрычніку 2014 года Рубцова асудзілі на два з паловай гады абмежавання волі ў папраўчай ўстанове адкрытага тыпу, абвінаваціўшчы ў абразе суддзі. На “хіміі” Рубцоў адмаўляўся працаваць, патрабуючы годны заробак, і трымаў галадоўку. Ён зрабіў сабе на грудзях тату “Лукашэнка, сыходзь”.

28 мая 2015 года суд прыгаварыў Рубцова да двух гадоў калоніі агульнага рэжыму. Але 22 жніўня яго ў ліку іншых палітвязняў памілаваў сваім указам Аляксандр Лукашэнка. Пасля гэтага прыянў рашэнне папрасіць палітычны прытулак у Германіі.

– У Германіі вы ўжо знаходзіцеся каля году. Якія ўражанні за гэты час?

–  За гэты час я ўбачыў і адчуў зусім іншае стаўленне да людзей, як з боку чыноўнікаў, так і з боку простых грамадзян. Даведаўся, што немцы працуюць значна менш, чым у Беларусі пры даволі высокіх заробках. Зрэшты, апетыт, як кажуць, прыходзіць падчас яды, таму не ўсе грамадзяне Германіі задаволены і такімі заробкамі. Хтосьці лічыць, што гэтага недастаткова, нехта – што занадта вялікія падаткі.

Яшчэ заўважыў, што, у адрозненні ад Беларусі, у Германіі практычна адсутнічаюць асабістыя вадзіцелі ў кіраўнікоў фірм, сакратаршы. Дарэчы, вытворчасць працы ў Германіі (па меншай меры, на тых прадпрыемствах, дзе я пабываў) не нашмат вышэйшая, чым у Беларусі, але людзі працуюць па сем гадзін у дзень. Вельмі шмат выкарыстоўваецца складанай тэхнікі, хаця пры простых работах карыстаюцца простымі прыладамі працы. Але пры гэтым вялікую ўвагу надаюць, каб працоўны рэсурс быў задзейнічаны напоўніцу. Ніхто там не будзе стаяць без працы і паліць цыгарку. У магазінах, напрыклад, зусім няма грузчыкаў. Вадзіцелі, якія прывозяць тавар, самі ж яго грузяць на вазкі і вязуць у магазін, а там тавар раскладваюць па паліцах прадаўцы. Увогуле, наймальнікі стараюцца не браць на працу лішніх людзей. Тут нават ёсць такія фірмы, якія трымаюць у штаце людзей, каб іх затым можна было здаць у арэнду іншым фірмам, дзе, напрыклад, захварэлі работнікі. Не ўбачыце ў Германіі і такога, каб фірма брала ўборшчыка на цэлы дзень. Ёсць кансалтынгавыя кампаніі, якія па заказу фірмы дасылаюць сваіх работнікаў для ўборкі на 2-3 гадзіны альбо тры разы на тыдзень. Адным словам, эканоміка павінна быць эканомнай.

– У якім статусе вы зараз знаходзіцеся?

– Пакуль нават і не ведаю, які мой статус. Усе сумоўі прайшоў, а зараз чакаю, якім будзе адказ мясцовых уладаў. Па-ранейшаму жывем з жонка у Нюрнбергу. Маем невялікі пакой на 11 квадратных метраў і сацыяльную дапамогу на дваіх з жонкай – 575 еўра.

– Як мясцовыя жыхары ў Германіі ставяцца да эмігрантаў?

– Ёсць, безумоўна, некаторыя праблемы, бо зараз у Германіі шмат бежанцаў з Бліжняга Усходу. Апошнія з-за кліматычных усмоў прызвычаіліся днём адпачываць, а вечарам весці актыўны вобраз жыцця. У дадатак да гэтага арабы любяць вельмі гучна размаўляць шэптам. Гэта, натуральна, не вельмі падабаецца мясцоваму насельніцтву.

– Вы нейкім чынам падтрымліваеце сувязь з блізкімі, якія засталіся ў Беларусі?

– З дапамогай Інтэрнэта.

– А няма жадання вярнуцца дадому, як гэта зрабілі тыя ж палітэмігранты Вячаслаў Сіўчык ці Алесь Міхалевіч?

– Безумоўна, хацелася б, але ў той жа час я разумею, што нармальна жыць у Беларусі мне ўжо не дадуць. Успомняць мінулае, нагадаюць і пра эміграцыю. Жыць пад пастаяннымі рэпрэсіямі? Асабіста я гэтага не баюся, але ў такой сітуацыі ў першую чаргу павінен паклапаціцца пра сям’ю.

— Што ў Германіі ведаюць пра “беларускую сітуацыю”?
— Дзіўна, але многія немцы не могуць зразумець, што ў Беларусі (ды і ў Расіі) законы напісаны толькі для таго, каб прад’яўляць іх міжнароднай супольнасці. А на самай справе і беларусы, і расіяне жывуць па паняццях, якія ўстаноўлены ўладай. Прынялі закон аб дармаедах – і даказвай, што ты не верблюд. Так вырашыла ўлада. Я не выключаю, што ў хуткім часе могуць браць падатак і з блізкіх дармаедаў.

Немцы не могуць многіх рэчаў зразумець, і на іх тут нават крыўдзіцца не варта. У людзей зусім іншая ментальнасць. Яны лічаць – калі закон ёсць, то значыцца ён ужо апрыёры справядлівы, і яго трэба выконваць без усялякіх аспрэчванняў. У гутарках у іх зусім іншая логіка разважання.

– Зараз у беларуска-еўрапейскіх стасунках назіраецца пацяпленне…

– Гэта відавочны факт, якому ёсць вельмі простае тлумачэнне. Няглядзечы на тое, што ўсе мы ведаем, як лічаць галасы ў Беларусі, Аляксандр Лукашэнка сёння – гэта рэальная ўлада. І гэтая ўлада таксама разумее, што, калі ты жывеш на мяжы з Еўропай, то з суседзямі трэба нейкім чынам ўзаемадзейнічаць і супрацоўнічаць. Захад у сваю чаргу зацікаўлены ў тым, каб беларуска-расійскі альянс  не ўмацоўваўся. Можа, Еўропа і разумее, што беларускія ўлады поўнасцю знаходзяцца ў руках Крамля, але ж стараюцца хоць нешта супрацьстаўляць Маскве. Магчыма, гэта памылковае меркаванне, магчыма, і не. Час пакажа.

Зрэшты, у той сітуацыі, калі Пуцін праз эканамічны ціск выкручвае рукі афіцыйнаму Мінску, вінаваты самі беларускія ўлады. Пакуль умацоўвалі ў краіне дыктатуру, будавалі ўладу на сіле і страху, эканоміку паціху закопвалі ў зямлю. Не выключана, што тут адмыслова не абыйшлося без працы сілавікоў, многія з якіх, на мой погляд, працуюць якраз на Маскву. Эканамічнае паглынанне краіны цягне за сабой і палітычнае паглынанне. І не патрэбна ніякай акупацыі з прымяненнем ваеннай сілы. Самі ўсё аддадуць і вельмі танна.

— Сёння ў краіне яшчэ застаецца некалькі палітзняволеных. На ваш погляд, навошта ўлады трымаюць такі “небяспечны тавар” ва ўмовах, калі ідзе паляпшэнне стасункаў з Захадам?
– Палітвязні ў першую чаргу патрэбны самой уладзе, каб у грамадстве заставаўся страх перад сілавымі структурамі, перад турмой, дзе наўмысна ствараюцца невыносныя ўмовы для “палітычных”. Страх і беднасць народа – на гэтым і трымаецца беларуская ўлада.

palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні