День годнасці

2010Шэсць гадоў таму, 19 снежня 2010 года падчас чарговых прэзідэнцкіх выбараў шматтысячная маніфестацыя была разагнаная ўладамі. Некалькі сот чалавек былі затрыманы, прайшлі дзесяткі судоў.

Да слова, яшчэ не закончыўся судовы працэс над палітвязнем Уладзімірам Кондрусем, якога амаль праз шэсць гадоў судзяць за ўдзел у масавых беспарадках падчас Плошчы-2010…

А вось што думаюць пра “снежаньскія падзеі” некаторыя з тых, хто шэсць гадоў таму быў, што называецца на “перадавой”:

Мікола Статкевіч, кандыдат у прэзідэнты на выбарах-2010:

– 19 снежня 2010 года трэба ўзгадваць, як Дзень Годнасці. Тады дзесяткі тысяч беларусаў насуперак страху і рэпрэсіям дыктатуры выйшлі ў дзень “прэзідэнцкіх выбараў” на Плошчу, каб абараніць сваю годнасць і выявіць права нашага народа на сапраўдныя выбары, на волю. Многія сотні людзей былі арыштаваныя, сотні жорстка збітыя, дзесяткі прысуджаныя да вялікіх турэмных тэрмінаў. Але мужны ўчынак тых дзесяткаў тысяч грамадзян назаўсёды застанецца ў гісторыі нашага народа прыкладам змагання за волю, яскравай праявай годнасці беларусаў.
Жыве Беларусь!

Уладзімір Някляеў, кандыдат у прэзідэнты на выбарах-2010:

– Хто толькі і чаго толькі пра Плошчу яе ні пісаў! Як высокага, узнёслага, гэтак і паклёпніцкага, зневажальнага. У апошнім асабліва пазавіхаліся баязліўцы, якія прасядзелі той дзень дома на канапе, ды напалоханыя ўсплёскам беларускага духу лукашысты. Але не пра гэта і не пра іх сёння ўспамінаць…
Не так даўно журналіст Уладзімір Хільмановіч выдаў кнігу «Беларускае золата», у якой распавёў пра найбольш слынныя месцы і падзеі нашай гісторыі. Сярод іншага – пра Плошчу: «Пройдзе больш працяглы час, і дата 19.12. 2010 стане ў адным шэрагу з 25 Сакавіка, з 27 Ліпеня, стане як вяха ў змаганні за нашу дзяржаўнасць, волю, праўду, справядлівасць, адвечнае права «людзьмі звацца», стане асобнай гістарычнай каштоўнасцю нашай краіны. А на Плошчы імя Каліноўскага будзе стаяць Стэла Годнасці».

Уладзімір Кобец, у 2010 годзе быў кіраўніком выбарчага штабу кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава:

19 снежня 2010 году дзесяткі тысяч грамадзянаў Беларусі выйшлі ў цэнтр Мінску каб мірна пратэставаць супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. Маніфістацыя была брутальна падаўлена, збіты і арыштаваны сотні людзей, большасць кандыдатаў у прэзідэнты і сябраў іх штабоў апынуліся за кратамі па прыдуманым абвінавачванні ў масавых беспарадках… І ад таго часу ўлады выкарыстоўваюць артыкулы ўзбуджанай імі крымінальный справы для расправы з апанентамі. А арышт Уладзіміра Кондруся спатрэбіўся, каб нагадаць грамадству, што справа гэта жыве.

Таксама мы бачым, што не адбылася рэабілітацыя рэпрэсаваных па справе «19 снежня» палітыкаў — яны па гэты час пазбаўленыя права вылучацца на выбарах, многія вымушаны заставацца па-за межамі краіны.

palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Цімох Дранчук
  • Васіль Парфянкоў
  • Вячаслаў Сіўчык