Аляксандр Лапіцкі будзе знаходзіцца ў псіхіятрычнай лякарні як мінімум паўгода

get_imgНа гэтым тыдні супрацоўнікі міліцыі адвезлі ў псіхіятрычную лякарню “Навінкі” 80-гадовага пенсіянера Аляксандра Лапіцкага, якога праваабарончая супольнасць прызнала палітвязнем.

Як стала вядома сайту palitviazni.info, Лапіцкі будзе праходзіць абследванне як мінімум паўгода.

Нагадаем, у 2011 годзе пенсіянер пачаў адсочваць разбор з нагоды выбуху ў мінскім метро. У сваім блогу ён дэталёва распісваў, што, на ягоную думку, у трагедыі вінаваты высокія службовыя асобы. Міліцыя неаднаразова адмаўляла ў завядзенні крымінальнай справы на пенсіянера, аднак у гэтым годзе справа дайшла да суда.

12 красавіка 2016 года пастановай суда Фрунзенскага раёна г. Мінска ўстаноўлена, што Аляксандр Лапіцкі здзейсніў грамадска-небяспечныя дзеяннi, прадугледжаныя артыкуламі 368 (“Абраза Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь”), 369 («Абраза прадстаўніка ўлады»), 391 («Абраза суддзі або народнага засядацеля») Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, і гэтыя дзеянні здзейснены ў несвядомым стане. У дачыненні да Аляксандра Лапіцкага ўжытыя прымусовыя меры бяспекі і лячэння. Гэта азначае, што пасля ўступлення пастановы ў сілу ён будзе пазбаўлены волі на перыяд прымусовага псіхіятрычнага лячэння.

“Пасля таго, як Лапіцкага адвезлі ў лякарню, я наведваў яго ў псіхіятрычнай установе, – распавёў праваабаронца Алег Волчак. – Урачы паведамілі, што “назіраць” за ім будуць як мінімум паўгода. Як такога лячэння пакуль не будзе, пакуль дакладна не вывучаць, у якім стане знаходзіцца чалавек. Будзе абследванне. Але я не разумею, чаму Аляксандра Лапіцкага наогул накіравалі на стацыянар у лякарню, калі мы абскардзілі судовае рашэнне на імя старшыні Мінскага гарадскога суда, а адказу яшчэ не было. І ў скарзе аднымн з пунктаў якраз і было, каб пенсіянера не накіроўвалі на прымусовае лячэнне”.

Са слоў Волчака, Лапіцкі распавёў, што перад тым, як яго адвезлі ў лякарню, восем гадзін пратрымалі ў міліцыі.

“Увесь гэты час складалі нейкія паперы, – працягвае праваабаронца. – Аляксандр Лапіцкі – інвалід па здароўю, у яго шмат іншых хвароб. Уяўляеце, што прыйшлося перанесці чалавеку. А зараз яшчэ – і псіхіятрычная лякарня. Патрапіць туды лёгка, а вось, каб выйсці… Самі ўрачы кажуць, што яны падпарадкоўваюцца рашэнню суда. Дарэчы, пасля асбледвання пенсіянера яны ж і змогуць хадайнічаць перад судом, што чалавек здаровы і можна адмяніць судовае рашэнне”.

palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні