Які будзе прысуд па “справе Пальчыса”?

palczys14-114 кастрычніка ў Мінскім гарадскім судзе пачаўся разгляд крымінальнай справы рэдактара сайта 1863х.com і блогера Эдуарда Пальчыса.

Ён абвінавачваецца ў здзяйсненні злачынстваў па ч.1 арт.130 (распальванне расавай, нацыянальнай ці рэлігійнай варажнечы ці розні) і ч.2 арт. 343 (распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусі.

Cуд праходзіць у закрытым рэжыме.

“Нам было складана атрымаць доступ да інфармацыі па гэтай справе, таму пэўны час і не выступалі ні з якімі заявамі, – распавядае сайту palitviazni.info праваабаронца Наста Лойка. – Тым не менш, калі да Эдуарда не пускалі адваката, адрэагавалі на гэта асобнай заявай. А затым праваабарончая супольнасць прызнала Пальчыса палітзняволеным”.

Са слоў праваабаронцы, тое, што працэс ідзе ў Мінскім гарадскім судзе, паказвае ўзровень стаўлення ўлады да гэтай справы.

“Эдуард быў блогерам, меў актыўную грамадскую пазіцыю і бачыў, як мне падаецца, нейкую сваю місію супрацьстаяць усеагульнай прапагандзе “русского мира” і рэтрансляцыі яе ў Беларусь, – дадае яна. – Яго прызналі палітвязнем, таму што чалавек выказваў свае меркаванні, за што і патрапіў пад пераслед. Відавочна, што гэта – асноўны матыў пераследу, хаця абвінавачваецца ён і яшчэ па адным артыкуле”.

Наста Лойка дадае, што цяжка праганазаваць, якое будзе вынесена рашэнне па гэтай справе, але з улікам таго, што Эдуард Пальчыс знаходзіцца пад вартай ужо працяглы час, відавочна, што апраўдальнага прысуда чакаць не выпадае.

“У любым выпадку да справы прыцягнута вялікая грамадская ўвага, таму, думаю, гэта паўплывае на канчатковае рашэнне суда”, – адзначае яна.

“Думаю, канчатковае рашэнне будзе прыкладна такое, як і па справе раварыста Зміцера Паліенкі, якога амаль паўгода пратрымалі за кратамі, а затым далі яму 2 гады зняволення з адтэрміноўкай на 2 гады, – мяркуе моладзевы актывіст Вячаслаў Касінераў, якога адносна не так даўно таксама судзілі па “справе графіцістаў”. – Хацелася б верыць, што Эдуарда вызваляць. Увогуле, гэты артыкул аб распальванні нацыянальнай варожасці ў нас яшчэ, як кажуць, праходзіць выпрабаванне, бо на беларускія рэаліі нацягваюць расійскія. І будзе вельмі кепскі прэцэдэнт, калі Пальчысу вынесуць нейкае жорсткае пакаранне”.

Вячаслаў Касінераў прагназуе: улічваючы, што беларуска-еўрапейскія стасункі паляпшаюцца, вельмі верагодна, на жорсткія крокі ўлады ўсё-такі не пойдуць.

“Вызваленне Пальчыса дае ўладам неабходную прастору для далейшых стасункаў з Захадам, – кажа ён. – Таму я і кажу, што прысуд можа быць такім жа, як ў Паліенкі, калі чалавека з аднаго боку быццам бы вызваляюць, а з іншага ён практычна выключаны з нейкага актыўнага жыцця. Не выключаю такога развіцця падзей”.

Нагадаем, што Эдуард Пальчыс – блогер і публіцыст, больш вядомы пад нікам “Джон Сільвер”. Заснавальнік сайта 1863x.com.

 У лістападзе 2015 года Пальчыс паведаміў аб затрыманні КДБ і прымусовым знаходжанні ў псіхіятрычнай лякарні. Пасля гэтага ён пераехаў ва Украіну.

Аб затрыманні ў Расіі Эдуарда Пальчыса стала вядома напрыканцы студзеня 2016 году. Пазней адно расійскае нацыяналістычнае выданне паведаміла, што беларус быў затрыманы пры перасячэнні украінска-расійскай мяжы і ўтрымліваецца ў бранскай турме.

Напрыканцы мая 2016 года блогера экстрадзіравалі ў Беларусь, дзе ён быў узяты пад варту.

Эдуард Пальчыс абвінавачваецца ва ўчыненні злачынстваў, прадугледжаных ч. 1 арт. 130 (распальванне расавай, нацыянальнай або рэлігійнай варожасці або розні) і ч. 2 арт. 343 (распаўсюджванне парнаграфічных матэрыялаў) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

25 жніўня 2016 года суд Цэнтральнага раёна Мінску разгледзеў справу аб прызнанні экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыі, размешчанай на сайце 1863х.com. У выніку закрытага судовага пасяджэння 9 артыкулаў, размешчаных на дадзеным сайце, былі прызнаныя экстрэмісцкімі.

Беларускія праваабаронцы прызналі Эдуарда Пальчыса палітвязням.

palitviazni.info

Фота: nn.by

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні