“Юрый Хадыка быў надзвычайнай асобай…”

 Хадыка Юрый11 верасня не стала прафесара, палітыка, вядомага дзеяча беларускага руху Юрыя Хадыкі. Юрый Хадыка — не толькі вядомы палітык і навуковец, але і адзін з першых палітвязняў незалежнай Беларусі.

“Ён быў вельмі актыўным, але яго актыўнасць дасягнула апагею, напэўна, у 1996 годзе, калі Хадыка ладзіў Чарнобыльскі шлях і абсалютна несправядліва патрапіў у турму”, – распавядае Станіслаў Шушкевіч.

Пасля “гарачай” вясны 1996 году Юрый Хадыка і яго паплечнік па БНФ Вячаслаў Сіўчык  апынуліся за кратамі. Яны былі арыштаваныя адразу пасля мітынгу 26 красавіка 1996 г. і змешчаныя пад варту ў мінскі СІЗА па вул. Валадарскага. 28 красавіка 1996 г. абодва вязні абвясьцілі безтэрміновую галадоўку.

Іх вызваленне адбылося пад ціскам беларускай і міжнароднай супольнасьці.  У абарону вучонага і палітыка разгарнуўся моцны рух салідарнасці. Юрыя Хадыку вызвалілі пад падпіску аб нявыездзе 21 мая 1996 г. і адразу даставілі ў шпіталь, знясіленага галадоўкай, якая працягнулася 23 дні. Але абвінавачанне з Хадыкі яшчэ не было знятае. Яго па-ранейшаму вінавацілі ў арганізацыі дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак. Крымінальная справа супраць яго была закрытая толькі праз некалькі гадоў, незадоўга да расколу Партыі БНФ.

“Я ведаў Хадыку са студэнцкіх гадоў, сачыў за яго навуковай кар’ерай, – распавядае сайту palitviazni.info першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч. – Працавіты, сумленны і высокадукаваны чалавек у самых розных галінах… І, шчыра кажучы, я ніколі не думаў, што ён пойдзе ў палітыку, як, дарэчы, і пра сябе не думаў. Але, як мне падаецца, Юрый Хадыка вельмі і вельмі прыйшоўся да стварэння Беларускага Народнага Фронту.

Ён быў вельмі актыўным, але яго актыўнасць дасягнула апагею, напэўна, у 1996 годзе, калі ён ладзіў Чарнобыльскі шлях і абсалютна несправядліва патрапіў у турму. Тады я быў дэпутатам і жонка Хадыкі, Валянціна Кірылаўна, не адзін раз да мяне прыходзіла, мы шукалі шляхі яго вызвалення. І, у рэшце рэшт, гэта зрабіць удалося, хаця Юрый Хадыка пацярпеў па ўсіх пазіцыях”.

Па словах Станіслава Шушкевіча, мы страцілі цудоўнага “змагара за беларускую незалежнасць”.

Старшыня Партыі БНФ у 2007-2009 гадах Лявон Баршчэўскі, які быў поруч з Юрыем Хадыкам ад самага пачатку адраджэнскага руху, дадае:

“Юрый Хадыка быў надзвычайнай асобай. Без перабольшвання – чалавек сумлення. Ён ніколі нічога не рабіў насуперак свайму сумленню і быў абсалютна таленавіты ў розных сферах. Выдатны вучоны-фізік, лаўрэат прэміі Савета Міністраў СССР і адначасна – выдатна мастацтвазнавец. Быў адным са стваральнікаў Музея старабеларускай культуры. Гэтае ўнікальнае спалучэнне давала вельмі шырокі кругагляд”.

Спадар Баршчэўскі дадае, што Юрый Хадыка, акрамя ўсяго іншага, быў таксама вельмі мужным чалавекам.

“Няглядзечы, што ў яго маглі ўзнікнуць вялікія праблемы ў Акадэміі навук, Хадыка пагадзіўся на першым з’ездзе стаць намеснікам старшыні БНФ і заўсёды паводзіў сябе мужна, – працягвае Лчявон Баршчэўскі. – Дастаткова ўспомніць яго галадоўку ў 1996 годзе. Тады мяне і Вінцука Вячорку вызвалілі, а Хадыку і Сіўчыка пакінулі фактычна ў закладніках. Улады думалі схапіць Пазьняка, але не здолелі гэтага зрабіць. І ўзялі ўзамен Хадыку з Сіўчыкам. Юрый вельмі мужна сябе паводзіў, добра ведаў, як трэба галадаць і фактычна прымусіў ўмяшацца ў справу прэзідэнта Расіі Барыса Ельцына, які і патэлефанаў Лукашэнку, каб той вызваліў палітвязняў. А ў 2011 годзе і я, і Хадыка выйшлі з Партыі БНФ, калі ўбачылі, што структура пераўтварылася ў цацку ў нечых руках.

У апошні час стан здароўя не дазваляў Юрыю Хадыку весці актыўнае грамадскае жыццё, хаця ён да апошняга дня вельмі турбаваўся цяперашняй сітуацыяй у Беларусі”.

palitviazni.info

Іншыя палітычныя вязьні

  • Эдуард Пальчыс
  • Юрый Рубцоў