Сайт часова не абнаўляецца. Палітычныя вязьні за 2020 год знаходзяцца тут https://prisoners.spring96.org/

Blog

4 Articles

“Юрый Хадыка быў надзвычайнай асобай…”

 Хадыка Юрый11 верасня не стала прафесара, палітыка, вядомага дзеяча беларускага руху Юрыя Хадыкі. Юрый Хадыка — не толькі вядомы палітык і навуковец, але і адзін з першых палітвязняў незалежнай Беларусі.

“Ён быў вельмі актыўным, але яго актыўнасць дасягнула апагею, напэўна, у 1996 годзе, калі Хадыка ладзіў Чарнобыльскі шлях і абсалютна несправядліва патрапіў у турму”, – распавядае Станіслаў Шушкевіч.

Відэаінтэрв’ю з Юрыем Хадыкам

Відэаінтэрв’ю з Юрыем Хадыкам

Юрась Хадыка — адзін з першых беларускіх палітвязьняў у найноўшай гісторыі Беларусі. Увесну 1996 г. разам з Вячаславам Сіўчыкам трымаў галадоўку пратэсту ў Менскім СІЗА па вул. Валадарскага (на “Валадарцы”).

Юрась Хадыка: “Мы думалі, што гісторыя галадовак у Беларусі скончылася”

Юрась Хадыка: “Мы думалі, што гісторыя галадовак у Беларусі скончылася”

Гэта першая частка інтэрв’ю, запісанага ў траўні 2012 года – праз 16 гадоў пасьля галадоўкі Юрася Хадыкі і Вячаслава Сіўчыка ў камерах менскай “Валадаркі”. Як бачацца палітычныя арышты 1996 году, галадоўкі за кратамі, стаўленне ахоўнікаў з пазіцыяў цяперашняга часу? Ці прадбачылі некалі першыя палітвязьні новай эпохі, што падзеі з іхнім удзелам – толькі пачатак доўгіх гадоў рэпрэсій на Беларусі?

Юрый Хадыка

Юрый Хадыка

Юрый Хадыка — вядомы палітык і навуковец, адзін зь першых палітвязьняў незалежнай Беларусі.

Нарадзіўся 23 чэрвеня 1938 года ў Менску. Скончыў з залатым мэдалём менскую школу № 60. У 1960 г.  скончыў фізычны факультэт БДУ і стаў працаваць у Інстытуце фізыкі Акадэміі навук Беларусі, займаўся пытаньнямі разьлікаў траекторыі ракетаў ва Ўсесаюзнай каапэрацыі па стварэньні касьмічнай сыстэмы раньняга папярэджаньня пра ракетны напад.

У 1975 годзе ўзначаліў сэкцыю оптыка-электронных сродкаў выведкі ў камісыі АН СССР па распрацоўцы прагнозу развіцьця ўзбраеньняў на 15 гадоў. У лютым 1965-га абараніў кандыдацкую дысэртацыю па фізычнай аэрадынаміцы. А ў 1976-м стаў доктарам фізыка-матэматычных навук, прафэсарам. Тэма дысэртацыі: “Аптычныя характарыстыкі факелаў балістычных ракетаў”.

Двойчы, у 1967 і 1969 гадах, Хадыку прапаноўвалі ўступіць у кампартыю, але ён адмаўляўся ажно да 1981 году.

Увосень 1969 году арганізаваў у Акадэміі навук БССР сэмінар па вывучэньні старажытнабеларускага мастацтва, прымаў удзел у зборы матэрыялаў (экспэдыцыі) і напісаньні “Зводу помнікаў гісторыі і культуры Беларусі”. Юрый Хадыка належыць да арганізатараў і тэарэтыкаў Беларускага Адраджэньня канца ХХ стагодзьдзя.

30 красавіка 1988 году адбыліся сумна вядомыя “Дзяды”, і Хадыка (сябра КПСС!) пачаў ствараць у сваім інстытуце групу падтрымкі толькі сфармаванага аргкамітэту БНФ. За кароткі тэрмін у яго групу ўвайшлі каля 70 чалавек. З кампартыі па асабістым жаданьні Юрый Віктаравіч выйшаў у лютым 1990-га. У 1989 г. быў абраны намесьнікам старшыні БНФ “Адраджэньне”. З гэтай пасады сыйшоў толькі ў сьнежні 2007 году.

З 1996 па 2000 гады ўваходзіў у назіральную раду Беларускага Хэльсынкскага камітэту, у 1997-м быў прызначаны прарэктарам Народнага ўнівэрсытэту — найбуйнейшай праграмы Грамадзкага навукова-аналітычнага цэнтру “Беларуская пэрспэктыва” — і рэдактарам бюлетэня Народнага ўнівэрсытэту. У 1998 годзе стаў сябрам рэдакцыйнага савету часопісу “Адкрытае грамадзтва”. Быў намесьнікам старшыні назіральнага савету Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў. Аўтар каля 150 навуковых працаў па фізыцы, каля 200 навукова-тэхнічных справаздачаў і блізу 40 публікацый па гісторыі беларускага мастацтва, а таксама больш як 350 публікацый у СМІ на злабадзённыя палітычныя тэмы.

Храналёгія перасьледу

Пасьля “гарачай” вясны 1996 году Юрый Хадыка і яго паплечнік па БНФ Вячаслаў Сіўчык апынуліся за кратамі. Яны былі арыштаваныя адразу пасьля мітынгу 26 красавіка 1996 г. і зьмешчаныя пад варту ў менскі СІЗА па вул. Валадарскага. 28 красавіка 1996 г. абодва вязьні абвясьцілі безтэрміновую галадоўку. Іх вызваленьне адбылося пад ціскам беларускай і міжнароднай супольнасьці.  У абарону прафэсара, вучонага і палітыка разгарнуўся моцны рух салідарнасьці. З маніфэстацыямі на “Валадарскага”, з патокам лістоў пратэсту, у тым ліку з-за мяжы — ня толькі ад палітыкаў і грамадзкіх дзеячаў, але і ад навукоўцаў.

Пра вызваленьне першых беларускіх палітвязьняў распавядаюць гісторыю, якую ніхто так і не абверг: Лідэр расейскага “Яблыка” Рыгор Яўлінскі папрасіў прэзыдэнта Барыса Ельцына дапамагчы вызваліць Юрыя Хадыку і Вячаслава Сіўчыка. Той патэлефанаваў Лукашэнку, і тады вязьняў выпусьцілі.

Юрыя Хадыку вызвалілі пад падпіску аб нявыезьдзе 21 траўня 1996 г. і адразу даставілі ў шпіталь, зьнясіленага галадоўкай, якая працягнулася 23 дні.

Але абвінавачаньне з Хадыкі яшчэ не было зьнятае. Яго па-ранейшаму вінавацілі ў арганізацыі дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак. Крымінальная справа супраць яго была закрытая толькі празь некалькі гадоў, незадоўга да расколу Партыі БНФ.

Зараз Юрась Хадыка — адзін са стваральнікаў новага “Беларускага Руху”, у аргкамітэт якога ўвайшлі некалькі дзясяткаў былых сяброў Партыі БНФ, што пакінулі яе праз 2 месяцы пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году.