Навошта ўладам новыя палітвязні?

kondrus-5-r7331Справа Уладзімір Кондруся ўжо набыла палітычнае адценне, а зараз палітыкі і праваабаронцы шукаюць адказ на пытанне: “Навошта беларускім уладам, якія палепшылі адносіны з Еўропай менавіта пасля вызвалення палітвязняў, новыя палітычныя зняволеныя?»

“Я б гэтую справу паставіў у адзін шэраг з іншымі дзеяннямі ўлады, якія ў апошні час назіраюцца, – распавядае сайту palitviazni.info палітолаг Валер Карбалевіч. – Гэта і пагром НІСЭПІ, і даволі жорсткі падыход да рэгістрацыі ініцыятыўных групаў яркіх апазіцыйных кандыдатаў, калі чапляліся за нейкія відавочныя дробязі. То бок, улады зараз трохі робяць крок назад ад той палітычнай лібералізацыі, якую ладзілі амаль год пасля прэзідэнцкіх выбараў”.

Нагадаем, жыхар пасёлка Рудзенск Уладзімір Кондрусь  14 чэрвеня 2016 г. быў змешчаны пад варту ў СІЗА МУС № 1. Паводле падцверджанай Следчым камітэтам Рэспублікі Беларусь інфармацыі, ён абвінавачваецца па ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (масавыя беспарадкі).

Дадзеная крымінальная справа ўзбуджана ў межах справы па падзеях 19 снежня 2010 г. у Мінску, калі ў выніку непрапарцыйна жорсткага разгону мірнай дэманстрацыі пратэсту на пл. Незалежнасці сотні чалавек былі затрыманы і падвергнуты адміністрацыйным арыштам і крымінальнаму пераследу, сярод збітых і затрыманых апынуліся і сямёра кандыдатаў, што бралі ўдзел у прэзідэнцкіх выбарах 2010 г. У выніку 44 удзельнікі тых падзей былі асуджаныя да розных відаў пакарання, у тым ліку і пазбаўлення волі. На сённешні дзень усе асуджаныя па гэтай справе альбо цалкам адбылі вынесеныя пакаранні, альбо былі датэрмінова вызвалены з месцаў пазбаўлення волі ў выніку памілавання.

Прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці прынялі заяву аб прызнанні крымінальнага пераследу Уладзіміра Кондруся палітычна матываваным і прызнанні яго палітычным зняволеным.

— Цяжка прагназаваць, чым можа скончыцца “справа Кондруся”, – кажа палітолаг Валер Карбалевіч. – Не выключаю, што будзе пэўны прысуд. Але галоўнае пытанне: навошта справу ўвогуле завялі па падзеях шасцігадовай даўніны? Тым больш, што гэта зроблена дэманстратыўна, падчас выбарчай кампаніі, калі ў краіну прыехалі шмат назіральнікаў. На гэтым тле дзеянні ўладаў да канца не зразумелыя. Але я б гэтую справу паставіў бы ў адзін шэраг з іншымі дзеяннямі ўлады, якія ў апошні час назіраюцца. Гэта і пагром НІСЭПІ, і даволі жорсткі падыход да рэгістрацыі ініцыятыўных групаў яркіх апазіцыйных кандыдатаў, калі чапляліся за нейкія відавочныя дробязі. То бок, улады зараз трохі робяць крок назад ад той палітычнай лібералізацыі, якую ладзілі амаль год пасля прэзідэнцкіх выбараў.

Чым гэта можна патлумачыць?

— З гэтай нагоды можна прапаноўваць толькі нейкія версіі. Магчыма, беларускія ўлады зараз робяць крок у бок жорсткасці, каб нейкім чынам навязаць Захаду сваю гульню. Не выключаю, што, пачынаючы лібералізацыю, не атрымалі тое, што хацелі, а зараз вырашылі распачаць новы гандаль. Маўляў, Захад прызнае парламенцкія выбары дэмакратычнымі, а беларускі бок вызваляе ўсіх “палітычных”. Але для таго, каб вызваліць палітвязняў, трэба, каб яны былі.

Пры другім варыянце магчыма, што ўлады ўбачылі – Захад (і асабліва Еўропа) гатовы прыняць беларускія рэаліі, супрацоўнічаць і гатовы апрыёры гэтыя выбары прызнаць. Пра гэта сведчыць і візіт у Беларусь польскай парламенцкай кампаніі, і іншыя візіты высокага ўзроўню. Сесію Парламенцкай Асамблеі АБСЕ плануюць правесці таксама ў наступным годзе ў Мінску, і гэта таксама своеасаблівае прызнанне беларускага парламентарызму. І, калі Еўропа робяць такія крокі, то ўлада можа рабіць усё, што заўгодна.

palitviazni.info   

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні