Вольга Мікалайчык: Лісты з волі для палітвязняў – неверагодная падтрымка

13522544_1049456451808740_849474320_nРэжысёрка і грамадская актывістка Вольга Мікалайчык вядомая сваімі акцыямі пратэсту ў абарону тых, хто праходзіць па справах, скажам так, з палітычным адценнем.

Акрамя таго, яна амаль дзесяць гадоў падтрымлівала лістамі ў турмах палітвязняў і да гэтага часу працягвае гэта рабіць у дачыненні да многіх, хто знаходзіцца за кратамі.

“Трэба быць больш чалавечнымі”, – кажа Вольга Мікалайчык.


– Тое, што я пішу лісты падтрымкі ў турмы – для мяне гэта абсалютна нармальная справа, – кажа суразмоўца. – Бо лічу, што грамадская пазіцыя – гэта значыцца паступаць па-чалавечы, як падказвае сумленне.

А свой самы першы ліст я напісала ў калонію кандыдату ў прэзідэнты 2006 году Аляксандру Казуліну, для якога удзел у прэзідэнцкай кампаніі скончыўся турэмным тэрмінам.  З тых часоў я пішу ў турмы, дарэчы,  не толькі тым людзям, каго прызналі палітзняволеным. Напрыклад, Андрэй Бандарэнка не з’яўляецца палітвязнем, але я таксама перапісваюся з ім. Бо асабіста для мяне ён – нармальны чалавек са сваімі хібамі і заганамі. Няма беззаганных людзей у свеце. Лістуюся з той жа Алесяй Садоўскай, хаця яна таксама лічыцца не “палітычнай”. Я, да слова, была ў Маладзечна на ўсіх яе судах.

– Наколькі вядома, вы падтрымлівалі за кратамі і ўсіх тых, хто сядзеў за Плошчу-2010…

– Так, бо людзі ж патрапілі ў такую складаную сітуацыю… Пры гэтым заўважыла, што мужчына ў лістах з-за кратаў не любяць скардзіцца на сваю нялёгкую долю. Але нават па радках, па інтанацыях таго, што напісана, заўсёды адчуваеш, у якім стане знаходзіцца чалавек. І цяжка было ад таго, што лісты нярэдка проста не даходзілі, знікалі некуды альбо вярталіся назад. А, калі з людзей рабілі злосных парушальнікаў дысцыпліны, то ім нельга было з волі і падпіску на нейкія выданні аформіць, і кнігі даслаць. Вядома, людзям даводзілася за кратамі цяжка, усім жа зразумела, у якой мы краіне жывем. Таму, безумоўна, мая падтрымка (ды і іншых), мяркую, была для людзей патрэбная.

– Колькі вы за ўвесь час напісалі ў турмы лістоў і колькі атрымалі?

– Я, шчыра кажучы, не вяла і не вяду такі падлік. Але, напрыклад, пасля Плошчы-2010 пісала кожнаму з тых, хто быў за кратамі, па 2-3 лісты на месяц. А сядзельцаў было шмат, вось і лічыце…

Можа быць, не так часта пісала тым, калі ведала, што ім рэгулярна пішуць блізкія – жонкі, маці… Я часцей пісала тым, каму больш складана даводзілася – таму ж Мікалаю Аўтуховічу альбо Васілю Парфянкову. Магчыма, яны таксама шмат лістоў атрымлівалі, але, хутчэй за ўсё, гэта не было сістэмай. Увогуле, увесь час сістэмна патрымліваць з чалавекам сувязь даволі складана. Вось, да прыкладу, атрымаў ты ліст ад Аўтуховіча, пачытаў яго, пранікся тым, што напісана. Адчуў, у якім чалавек знаходзіцца стане. У цябе свая праца, сваё асабістае жыццё, але ты носіш праблемы іншага ў сабе, пераасэнсоўваеш. Перажываеш разам з гэтым чалавекам, пасля трэба напісаць яму пра жыццё на волі і пры гэтым знайсці неабходныя і шчырыя словы. Не хочацца ж ліставацца з людзьмі проста, каб нагадаць толькі пра сябе. Тут галоўнае – падтрымаць чалавека, а не проста распавесці пра надвор’е.

–  Такія лісты для зняволеных – сувязь з вольным светам?

– Так, каб чалавек за кратамі адчуў, што ён не адзін, што яго чакаюць на волі. Каб ён адчуў праз лісты нават пах лета. Я, дарэчы, у лісты ўкладвала лісткі мяты, хаця іх часам і вярталі назад.

Зараз кажуць, што ў Беларусі ўлады сталі праводзіць менш рэпрэсій, даюць штрафы, а таму наступіла “адліга”. Насамрэч, калі меркаваць па тых фактах, што дасылаюць мне ў лістах, няма ніякай “адлігі”. Усё застаецца па-ранейшаму вельмі жорстка. А грамадства, як мне падаецца, прызвычаілася да той сітуацыі, у якой існуе, і горасці іншых людзей адыходзяць для яго на іншы план. Маўляў, усім цяжка, навошта мне забіваць галаву чужымі праблемамі? Хутка пачнем пераступаць адзін праз аднаго, таму што народ, на мой погляд, перастае спачуваць. Беларуская рэчаіснасць такая, што мы губляе чалавечнасць, я бачу гэта. Людзі запалоханы, стаміліся, перамагае апатыя.

Не так даўно мы былі ў Бычках, на Радзіме Васіля Быкава. Было шмат сапраўдных беларусаў, і, калі знаходзішся там, разумееш, што сапраўдная Беларусь не памерла. А калі выходзіш на вуліцы Мінска, – трапляеш зусім у іншае асяроддзе. Ты бачыш, што краіна страчвае ў звычайных людзях. Яны, безумоўна, розныя ў сваіх поглядах, але мне падаецца, што большасць з іх, як кажуць, жывуць і хлеб жуюць, але больш нічога і не хочуць.

– Вольга, калі вы пісалі лісты палітвязням, разумелі, што яны будуць праходзіць цэнзуру? Хавалі нешта паміж радкоў?

–  Здараецца, што лісты пішу на эмоцыях, і тады мне няма часу іх перачытваць ды ўносіць нейкія карэктывы. Але, безумоўна, стараешся не пісаць тое, што не трэба. І думаеш пра тое, што лісты могуць вярнуцца. Таму не хаваю, што даводзіцца нешта выказваць і паміж радкоў, але каб той, хто пачытае твой ліст, зразумеў цябе.

– Хто вам дасылаў з-за кратаў найбольш пранікнёныя лісты?

– Зараз вельмі пранікнёна піша Міхаіл Жамчужны, якога, як вядома, праваабаронцы прызналі палітвязнем. Дасылае лісты дробным почаркам на трох-чатырох аркушах. Я, шчыра прызнаюся, некалькі гадзін разбіраюся, што ён напісаў, але бачна, што чалавеку хочацца выказацца.

І важна чалавека падтрымаць. Бо гэта ілюзія, што людзям у турмы шмат пішуць. Можа быць, на святы нехта і дашле ліст, але не болей за тое. Таму, пакуль у нас у турмах было шмат палітвязняў, я ў сацыяльных сетках пастаянна звярталася да грамадзянскай супольнасці, каб народ падтрымаў “палітычных” сваім словам. Давала і даю праз тыя ж сеткі адрасы палітзняволеных у калоніях.  Каб людзі пастаянна былі на слыху ў грамадстве, бо гэта для іх – неверагодная падтрымка.

palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Андрэй Жукавец
  • Вячаслаў Сіўчык
  • Зьміцер Дашкевіч