Юрый Рубцоў: Мне прапаноўвалі з’ехаць з краіны яшчэ да суда…

ai-153262-aux-head-201505028_rutsou_svaboda.org_360 Былы палітвязень Юрый Рубцоў, які папрасіў палітычнага прытулку ў Германіі, распавёў сайту palitviazni.info пра сваю крымінальную справу, турэмны досвед і тое, як яму жывецца ў іншай краіне.

“Даказаць на судзе было практычна нічога немагчыма, – успамінае былы палітвязень. – Увогуле, ніякіх сюрпрызаў ад таго судовага працэса я не чакаў. Не хаваю, ужо тады мне прапаноўвалі выехаць з краіны, каб я не сядзеў у турме. Але на той момант вырашыў, што такі крок будзе няправільным. Атрымалася б, што я проста збег таму, што адчуваў сябе вінаватым. Для ўлады гэта быў бы падарунак…”

Нагадаем, што гамяльчанін Юрый Рубцоў стаў вядомы як “чалавек-майка”. На вулічныя акцыі апазіцыі ў Мінску ён выходзіў у майцы з палітычнымі надпісамі. Самым вядомым стаў лозунг “Лукашэнка, сыходзь!”. У кастрычніку 2014 года Рубцова асудзілі на два з паловай гады абмежавання волі ў папраўчай ўстанове адкрытага тыпу, абвінаваціўшчы ў абразе суддзі. На “хіміі” Рубцоў адмаўляўся працаваць, патрабуючы годны заробак, і трымаў галадоўку. Ён зрабіў сабе на грудзях тату “Лукашэнка, сыходзь”.

28 мая 2015 года суд прыгаварыў Рубцова да двух гадоў калоніі агульнага рэжыму. Але 22 жніўня яго ў ліку іншых палітвязняў памілаваў сваім указам Аляксандр Лукашэнка.

Юрый, з чаго пачалася ваша, скажам так, грамадска-палітычная дзейнасць? Калі пачалі пратэставаць супраць сістэмы?

– Усё пачалося ў 2004 годзе, калі мне настойліва прапанавалі заключыць працоўны кантракт. Шчыра кажучы, я ўжо да гэтага ведаў асноўныя палажэнні Працоўнага кодэкса, а таму цудоўна ўсведамляў, наколькі будзе падмануты народ гэтымі кантрактамі. І менавіта практыка ўвядзення працоўных кантрактаў прымусіла мяне балатавацца ў дэпутаты парламента. Задачу я для сябе паставіў простую – выпусціць улёткі, якія б тлумачылі сутнасць кантрактнай сістэмы, і распаўсюдзіць іх на афіцыйных падставах. Гэта ў мяне атрымалася. Натуральна, пасля гэтага кантракт са мной на працы не працягнулі, і ўладкавацца на працу ў Гомелі я ўжо не змог. Менавіта таму праз нейкі час і вымушаны быў з’ехаць працаваць у Маскву.

– Вас звальнялі з працы па палітычных матывах?

– Даказаць звальненне з-за палітыкі вельмі складана, а таму сцвярджаць так не магу. Тым не менш, характарыстыка, якая была прадастаўлена ў суд прыватнікам, у якога я працаваў, кажа сама пра сябе. Там было сказана, што Юрый Рубцоў, маўляў, да працы адносіцца сумленна, але не вельмі добра выказваецца пра кіраўнікоў краіны і яе эканоміку.

Таксама я судзіўся з прадпрыемствам “Гомельводаканал”за права не быць сябрам афіцыйнага прафсаюза. Судоў было шмат, пастаянна звяртаўся з іскам да прадпрыемства, якое пазбаўляла мяне розных бонусаў толькі за тое, што я не сябра афіцыйнага прафсаюза. Менавіта тады я даведаўся, якія ў нас суды, хаця мая настойлівасць перамагла – пасля паўтара года судовых працэсаў я выйграў справу. Абласная судовая калегія вынесла рашэнне на маю карысць. Пры гэтым усе нявыплачыныя грашовыя сродкі выплацілі не толькі мне, а і астатнім работнікам, якія не з’яўляліся сябрамі афіцыйнага прафсаюза.

Таксама я судзіўся з гэтым прадпрыемствам за тое, каб вадзіцелям, якія ўдзельнічаюць у рамонце машын, плацілі не тарыфную стаўку, а сярэдні памер заробка… Пісаў звароты, калі былі парушэнні умоў працы. Зусім магчыма, што гэта і стала нагодай для майго звальнення. Пры гэтым, калі захочуць звольніць, то падставу знойдуць абавязкова. Таму я вырашыў напісаць заяву і сыйсці па ўласнаму жаданню.

– Вы хадзілі ў майцы з надпісам “Лукашэнка, сыходзь”. Гэта такі своеасаблівы мірны пратэст?

– Так. Я хацеў менавіта паказаць людзям, што пратэст павінен быць мірным. І што ніхто не можа забараніць на майцы простую, але ўсім зразумелую рэч. Я цудоўна разумею, што гэтую ўладу нельга перамагчы ў сілавым супрацьстаянні. Ды і хіба гэта выхад – такое супрацьстаянне? Калі б людзі выйшлі на вуліцу з пратэстамі, то ўлада абараняла б сябе. Сітуацыя магла б скласціся нават трагічная. Таму я і стараўся паказаць на сваім прыкладзе, што мірны пратэст – гэта таксама пратэст.

– У кастрычніку 2014 года вас асудзілі на паўтары гады. Якім вам сёння ўспамінаецца той судовы працэс?

– Калі міліцыянеры ілгалі, заявіўшы, што затрымлівалі Рубцова на плошчы Бангалор, гэта мяне тады не здзівіла. Здзівіла, што мяне судзілі голага па пояс. І хачу сказаць, што з майго боку ніякай абразы суддзі не было. Але ў той жа час, напэўна, была задача ў суда зрабіць усё магчымае, каб я атрымаў “на поўную катушку”. Зрабіць гэта аказалася не складана, бо ў пратаколе судовага пасяджэння замянілі маё выказванне. Я выказаў сваё абурэнне ўсёй судовай сістэмай, а запісалі, што абразіў суддзю. Вось так лёгка можна атрымаць турэмны тэрмін.

Даказаць тады было практычна нічога немагчыма. Судовы пратакол – гэта дакумент, і ніякія паказанні сведкаў не могуць аспрэчыць гэты дакумент. Суду заставалася толькі правесці лінгвістычную экспертызу майго выказвання – і ўсё. А вынік экспертызы быў прадказальным. І ўвогуле, ніякіх сюрпрызаў ад таго судовага працэса я не чакаў. Не хаваю, ужо тады мне прапаноўвалі выехаць з краіны, каб я не сядзеў у турме. Але на той момант вырашыў, што такі крок будзе няправільным. Атрымалася б, што я проста збег таму, што адчуваў сябе вінаватым. Для ўлады гэта быў бы падарунак… І гэтага я не дапусціў.

– Якім было ваша жыццё ў калоніі? Як ставіліся іншыя зняволеныя, ці прысутнічаў на вас нейкі ціск?

– З іншымі зняволенымі на “хіміі” праблем не было наогул. А вось з боку адміністрацыі ціск і насамрэч адчуваўся. Шмат якія дзяжурныя адносіліся да мяне ледзь не з нянавісцю, бо пры мне не маглі адносіцца з пагардай да іншых асуджаных. Вельмі не падабаўся адміністрацыі і той факт, што я патрабаваў выканання заканадаўства. А менавіта – нармальнай арганізацыі харчавання тых зняволеных, якіх не ўладкоўвалі на працу. А гэта практычна ўсе, каго асудзілі за ўжыванне наркотыкаў. Іх, дарэчы, баяліся выпускаць у горад, каб тыя не змаглі набыць наркотыкі.

Акрамя таго, не падабалася адміністрацыі і мая пазіцыя па працаўладкаванню. У сілу таго, што я быў, як ужо казаў, знаёмы з Працоўным кодэксам, адмовіўся падпісваць працоўную дамову на непрымальных для мяне ўмовах. А менавіта – з-за нізкага заробку. Гэта і дало падставу для пачатку новай крымінальнай справы ў адносінах да мяне, бо мая адмова ўжо расцэньвалася, як ухіленне ад адбыцця пакарання. Трэба ж было паказаць астатнім зняволеным, што яны маюць рычагі ціску на кожнага.

– У СІЗА, яшчэ да таго як патрапілі ў калонію, вы галадалі. Наколькі складана было для вас пайсці на такі крок?

– Найперш скажу, што галадоўка ў СІЗА праходзіла даволі складана. Праз пяць дзён пасля таго, як мяне прывезлі ў Баранавіцкі СІЗА, перавялі ў адзіночную камеру. Складанасць заключалася ў тым, што было адключана ацяпленне, і я моцна прастудзіўся. Урач нават не паслухаў мяне, я ўжо не кажу пра лекі. З-за боляў у лёгкіх практычна не мог хадзіць па камеры. Але мне пашэнціла. У суседняй камеры былі жанчыны, і ім падавалі цёплую ваду. А разводка была адна на дзве камеры. Адным словам, удавалася набраць у тазік для мыцця падлогі ваду і пакрысе грэць ногі. Так паціху і прыйшоў у сябе.

Хацеў бы дадаць, што напачатку ў СІЗА яго супрацоўнікі ставіліся да мяне варожа, але пасля гэтая варожасць з боку шэраговых работнікаў знікла. Хаця адміністрацыя працягвала мяне запалохваць рознымі метадамі.

А галадоўку я спыніў за два дні да суда, пасля таго, як атрымаў пастанову, што суд будзе праходзіць у судовай зале. Такім чынам галадоўкай я дабіўся адкрытага працэсу.

– Былі ўпэўнены, што вас памілуюць?

– Пра памілаванне я не ведаў і не разлічваў на яго. У пятніцу мяне пазбавілі чарговага спаткання, а ўжо ў суботу сказалі выходзіць з рэчамі на выхад. Я нават не пытаўся, куды мяне вядуць, каб не прыніжаць сваю годнасць. Прывялі мяне на КПП, там быў чамадан з маімі рэчамі. Сказалі пераапрануцца, пасля паведамілі, што Лукашэнка падпісаў указ аб памілаванні. У адказ я толькі папрасіў выпаліць цыгарэту на свежым паветры. Гэта была мая пятая цыгарэта за ўвесь час знаходжання ў калоніі. Затым мне далі грошы і квіток на цягнік да Гомеля. Дарэчы, да вакзала давезлі ў машыне “Хуткай” . Толькі калі я сеў у цягнік, адчуў сябе свабодным. Хаця вялікай радасці, шчыра кажучы, не было.

– А як прынялі рашэнне папрасіць у Германіі палітычны прытулак?

– Гэта рашэнне не маё, а сям’і – жонкі і сына. Я вымушаны быў падпарадкавацца гэтаму, хаця і не хацеў нікуды з’язджаць. Але ў той жа час я не маю права псаваць жыццё сваім блізкім. Упэўнены, і жонцы было не нашмат лягчэй. Жыць, чакаючы, прыйдзе муж дадому альбо не, даволі складана. Бегаць, шукаць, дзе я знаходжуся… Працэдура малапрыемная. А ў Германіі я ўжо і сам прыняў канчатковае рашэнне наконт палітычнага прытулку.

– Як вам зараз жывецца ў Германіі?

– Магу сказаць адно – Беларусь яшчэ доўга не будзе жыць так, як зараз жыве Германія. Маю на ўвазе ўзровень жыцця людзей. Што датычыцца мяне, то вырашаю моўную праблему – старанна вывучаю нямецкую мову, хаця даецца мне такая вучоба з цяжкасцю.

– У якім статусе вы зараз знаходзіцеся?

– Пакуль ніякага статуса мне не далі, але тут усё зразумела – зараз у Германію прыязджае вельмі шмат бежанцаў. З часам, спадзяюся, маё пытанне вырашыцца.

– Вы сочыце за тым, што зараз адбываецца на палітычным полі Беларусі?

– Мне не хацелася б асабліва крытыкаваць беларускую апазіцыю. Што зробіш, калі яна ў сваіх дзеяннях і паводзінах мала чым адрозніваецца ад улады. Чарговая парламенцкая кампанія гэта паказвае, бо апазіцыя па-ранейшаму дзейнічае па прынцыпу – хто ў лес, а хто па дровы.

І ўвогуле, як мне падаецца, шукаць выхад з сітуацыі трэба не пры дапамозе нейкіх акцый пратэсту, на якія прыходзіць па сто чалавек. Выхад ёсць. Трэба проста знайсць той канец ніткі, за якую трэба пацягнуць, каб разблытаць клубок.

palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Мікалай Аўтуховіч